Метро ў нас ужо ўзрывалі.
Аляксандр Рыгоравіч патэлефанаваў Уладзіміру Уладзіміравічу. Праінфармаваць. Той прыняў да ведама.
Калі справа толькі за гэтым, навошта наогул трэба было тэлефанаваць? Каб выкласці сваю версію таго, што адбываецца? Не смяшыце мае бакенбарды! У падобных сітуацыях, калі справа адбываецца ў «зоне ўплыву» Расеі (на жаль, мы адноімся да зоне яе ўплыву, гэта трэба канстатаваць) у Савеце Бяспекі ствараецца міжведамасная група, якая атрымоўвае усю інфармацыю онлайн, практычна неадкладна. Так што Пуцін ведае не толькі пра колькасць збітых і скалечаных беларускім АМАПам грамадзян, але і пра тое, што яшчэ два дні таму ў арыштаванага валанцёра штаба Віктара Бабарыка Юрыя Васкрасенскага ў КДБ вымагалі «яўку з павіннай» аб тым, што ён нібыта атрымліваў грошы ў расейскага палітолага, які знаёмы з Аляксеем Мілерам. І аб тым, што ўсё гэтае трызненне паказвалі па беларускім тэлебачанні, Пуцін таксама ведае – не выпадкова ж урыўкі паказвалі потым у праграме Уладзіміра Салаўёва.
Але калі Пуцін і так усё ведае, то навошта гарант беларускага сувэрэнітэту, што так гучнагалосна змагаўся з Крамлём апошні год, зараз тэлефанаваў яму? Каб здзейсніць усё тое, чым палохалі нас спадары Макей унд Сівіцкі? Здаць беларускі суверэнітэт?
Што ж, радуе, што пакуль Пуцін аказваецца значна разумнейшым за Лукашэнку. Бо заявы аб адмове ад замежнага пасрэдніцтва, якія ўжо абвясціў усё той жа дзяржаўны, які тэлефанаваў у Маскву, з дазволу сказаць, дзеяч, – гэта адказ не толькі Гінтаўтасу Наўседзе і Анджэю Дуду. Гэта адказ і на пытанне, што мог прапанаваць зрабіць Пуцін, каб палегчыць лёс свайго шматгадовага беларускага партнёра. Пасрэдніцтва. Мірнае. Без войскаў.
Уласна кажучы, гэта азначае, што і Пуцін не верыць, быццам Лукашэнку ўдасца ўтрымаць уладу. Беларусь – краіна маленькая (у параўнанні з Расеяй), яе геаграфію супрацоўнікі Савета Бяспекі РФ ўяўляюць сабе добра. І разумеюць: населеных пунктаў, дзе патрабуюць адстаўкі Лукашэнкі, значна больш, чым тых, дзе народ усё яшчэ лаяльны да яго. Калі наогул засталіся такія населеныя пункты.
Перамовы – так. Войскі – не. У лепшым выпадку – сумеснае пасрэдніцтва з Захадам, якое непазбежна прывядзе да новых выбараў без удзелу Лукашэнкі. У горшым, прабачце, выпадку, і гэтага Аляксандр Рыгоравіч не дачакаецца.
Карацей кажучы, тыя ж. Без Пуціна.
Гітлер у падобным выпадку загадаў затапіць Берлінскі метрапалітэн. У нас метро ўжо ўзрывалі – у красавіку 2011 года. Так, што ўсе адразу забыліся пра «дзекабрыстаў» і пачалі спачуваць верхаводу рэжыму, што малаціў іх дубінкамі (праўда, не так жорстка, як на гэты раз, але і там былі пакалечаныя).
Чаго ж чакаць на гэты раз? Тэхнагеннай катастрофы? Выбуху жылога дома?
Загнаныя ў кут дыктатары небяспечныя. Тым больш, калі застаюцца сам-насам з народам, які пакуль яшчэ не патрабуюць іхняга арышту. Але і да гэтага ўжо, падобна, хутка дойдзе.
А Пуцін, хацелася б верыць, ўмешвацца не будзе. Не 1968 год.
Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.