Тысячы долараў штрафаў журналістам. Што найбольш раздражняе ўлады ў працы «Белсату»


Сёлета журналістаў «Белсату» аштрафавалі на агульную суму каля 13 тысячаў долараў. Суды, запалохванні ды пераслед працягваюцца, ціск напярэдадні анансаваных апазіцыяй восеньскіх пратэстаў узмацняецца.

Больш за палову выпадкаў пераследу журналістаў сёлета – у дачынені белсатаўцаў

 

82 са 157 зарэгістраваных Беларускай асацыяцыяй журналістаў выпадкаў пераследу недзяржаўных медыяў – гэта пераслед журналістаў і аператараў «Белсату».

Затрыманні і штрафы пачаліся з сярэдзіны сакавіка, калі акцыі пратэсту супраць Дэкрэту №3 набралі моцы па ўсёй краіне. Журналістам недзяржаўных медыяў перашкаджалі дабірацца да месца падзеяў, затрымлівалі на дарозе нібыта для праверкі дакументаў, трымалі ў РАУСах у Воршы, Віцебску, Рагачове, Гомлі, Барысаве і іншых гарадах.

Ціск уладаў сціх разам з пратэстамі амаль для ўсіх беларускіх медыяў, але не для журналістаў «Белсату». Паступова хваля рэпрэсіяў з рэгіёнаў перакінулася і на Менск. «З шафы» дасталі скаргу прадпрымальніка Андрэя Белякова, які аспрэчваў правы на брэнд «Белсат».

На мінулым тыдні адбылося адразу пяць судоў над белсатаўцамі, за адзін дзень суддзі пакаралі журналістаў агулам на сумму каля 2 тысяч долараў.

«Для нас нічога не спынілася. Улады рыхтуюцца да восеньскіх пратэстаў, бо разумеюць, што Белсат будзе іх асвятляць і хочуць перашкодзіць нам гэта рабіць так, як мы хочам. Паказваюць, што журналісты пад наглядам. Гэта запалохванне журналістаў і накіраванае яно не столькі супраць «Белсату», колькі супраць канкрэтных журналістаў, бо штрафы даюць ім, а не непасрэдна тэлеканалу», – кажа Аляксей Мінчонак, прадстаўнік тэлеканалу ў Беларусі.

Па тэме:

Канфіскаваць нельга стрыміць

Аператар Аляксандр Баразенка каля ізалятара на Акрэсціна пасля 15 содняў арышту

«Белсат» – адзінае незалежнае медыя ў Беларусі, якое мае магчымасць трансляваць жывы эфір праз спадарожнікавую сувязь. Наўпроставыя трансляцыі тэлеканалу можна будзе глядзець нават калі па ўсёй Беларусі адключаць інтэрнэт. Тэхнічныя магчымасці Белсату – гэта праблема для тых, каму непрыемны жывы эфір без мантажу і цэнзуры. Рашэнне гэтай праблемы для афіцыйнай улады аказалася простым – канфіскацыя.

Ператрус на офісах Белсату ў Менску прайшоў 31 сакавіка 2017 году. Людзі ў цывільным вынеслі ўсю тэхніку і пагрузілі ў аўтамабіль без нумароў. Як паведаміў Аляксей Мінчонак, тэхніку дагэтуль так і не вярнулі.

«Такім чынам яны зрабілі ўдар па нашай тэхнічнай базе».

Працоўную тэхніку канфіскавалі таксама і ў аператара «Белсату» Аляксандра Баразенкі. Яго затрымалі 25 сакавіка, пасадзілі на 15 содняў, і забралі здымачнае абсталяванне. Пазней на камеры і на заплечніку Аляксандру прадэманстравалі самаробныя налепкі з лагатыпам «Белсату» і абвінавацілі яго ў незаконным выкарыстанні таварнага знаку. Суд Першамайскага раёну ў жніўні вынес рашэнне даслаць справу на дапрацоўку праз недахопы ў пратаколе, але тэхніка аператара так і застаецца ў сценах РУУС і тэрмін, калі ён зможа атрымаць яе назад, невядомы.

Па тэме:

На што рэагуюць улады?

Найперш – гэта наўпроставыя трансляцыі незалежна ад падзеі і тэмы, не заўсёды гэта наўпрост звязана з палітыкай або пратэстамі. Кацярына Андрэева была асуджаная пасля стрыму з Дня дэсантніка ў Менску. Па-другое – гэта тэмы, якія чапляюць аўтарытэт і імідж уладаў ці мясцовых адміністрацыяў.

«Улады рэагуюць на тое, што ім не зручна. Калі нашыя журналісты асвятляюць нейкія праблемы, якія не падабаюцца мясцовай уладзе, натуральна, ідзе загад мясцовай міліцыі скласці пратакол і аштрафаваць журналіста», – кажа Аляксей Мінчонак.

Гомельскага рэпарцёра Кастуся Жукоўскага за апошнія тры гады штрафавалі 17 разоў, больш таго, збівалі пры затрыманні. У жніўні журналіста судзілі за сюжэт пра нізкія заробкі ў Лідзе, а таксама за гісторыю пра вёску ў гомельскай вобласці, якая пакутуе ад смуроду ад свінакомплексу.

Штрафуюць белсатаўцаў, бо мы бачныя

Онлайн-трансляцыя з Барысава 18 сакавіка

«Улады знайшлі нішу, што менавіта белсатаўцаў можна прыцягваць да адказнасці за працу без акрэдытацыі. Хтосьці дзесьці працуе без акрэдытацыі, але паспрабуй знайдзі яго ў інтэрнэце. А журналісты «Белсату» бачныя, зайшоў на сайт і, калі ласка», – кажа Барыс Гарэцкі, прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Сёння БАЖ збіраецца даслаць ліст кіраўніку адміністрацыі Лукашэнкі ў сувязі з масавымі рэпрэсіямі супраць журналістаў. Агульная сума прысуджаных штрафаў па артыкуле 22.9 за незаконны выраб і распаўсюд медыя-прадукцыі за 2017 год складае 27 738 беларускіх рублёў.

«Мы лічым, што гэта капейкі для рэспубліканскага бюджэту. І, што датычна «Белсату», сэнс гэтых штрафаў не столькі ў тым, каб папоўніць бюджэт, але каб прымусіць журналістаў адмовіцца ад супрацы з тэлеканалам. «Белсат» – гэта непадцэнзурнае медыя, яму немагчыма вынесці папярэджанне або пазбавіць ліцэнзіі, і гэта для іх вельмі нязручна. Відавочна, яны хочуць, каб людзі адмаўляліся працаваць на «Белсат», – кажа Барыс Гарэцкі.

БАЖ таксама кіруе ліст да дакладчыка па абароне права свабоды слова і меркавання Камісіі пра правах чалавека ААН Дэвіда Кэя, згадваючы пра тое, што большасць штрафаў і рэпрэсіяў выпадае на журналістаў «Белсату».

«Мы заўсёды заклікаем беларускія ўлады не перашкаджаць журналістам выконваць свае прафесійныя абавязкі. Журналісты паказваюць грамадству, дзе ёсць праблемы. Калі журналістаў не будзе, то і праблемы могуць застацца незаўважанымі. Ёсць таксама міжнародныя абавязкі Беларусі і агульнае разуменне правоў чалавека і правоў журналіста. Журналісты маюць права бесперашкодна, нават паводле беларускага заканадаўства, прысутнічаць у месцах масавых акцыяў, праблемных кропках і рабіць сваю працу. І калі журналістаў пераследуюць, то на міжнародным узроўні пагаршаецца імідж Беларусі, адпаведна гэта адбіваецца і на іншых сферах, эканоміцы, напрыклад, у якую і ніхто не хоча інвеставаць», – кажа Барыс Гарэцкі.

 



Вераніка Уладзімірава, belsat.eu

Стужка навінаў