Тых, хто цягнуў жывую карову па асфальце на тросе, могуць пасадзіць


За жорсткае абыходжанне з жывёлінаю можа пагражаць да года турмы.

Днямі ў інтэрнэце з’явілася відэа, як у прамысловай зоне Ліды, дзе зарэгістраваны цэх для забою буйной рагатай жывёлы і свіней, карову прычапілі да грузавіка тросам, з дапамогай якога перацягнулі праз плот і пацягнулі па асфальце. Жывёліна ўпала на зямлю, супраціўлялася, але хутка перастала. Побач з каровай ішла асоба ў характэрным для мясніка адзенні.

Цэх належыць лідскаму філіялу Гарадзенскага аблспажыўтаварыства. Мясцовы блогер Аляксандр Сяркоў наведаў месца падзеяў і паразмаўляў з ахоўнікам на ўмовах ананімнасці. Паводле працаўніка прадпрыемства, карова не магла хадзіць, таму з ёю так абышліся.

Відэа
У Лідзе жывую карову цягнуць на тросе па асфальце. ВІДЭА
2020.01.10 18:28

У пабліках некаторыя спрабавалі патлумачыць дзеянні работнікаў тым, што кіраўніцтва не забяспечвае іх патрэбным абсталяваннем, і такая сітуацыя паўсюдная.

Belsat.eu патэлефанаваў дырэктарцы лідскага філіялу Гарадзенскага аблспажыўтаварыства Крысціне Вадзейка, аднак ейная сакратарка, даведаўшыся, што тэлефануюць з «Белсату», сказала, што начальніца адсутнічае і невядома, калі з’явіцца.

Начальніца ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Лідскага раённага выканаўчага камітэту Вольга Наройчык даваць каментары адмовілася без тлумачэнняў.

Адзіны, хто даў нам каментар, быў начальнік аддзелу ўнутраных справаў Лідскага райвыканкаму Дзмітрый Уляшка:

«Праводзяць правяранне ў межах крымінальна-працэсуальнага кодэксу. Не выключаюць, што будзе распачатая крымінальная справа за жорсткае абыходжанне з жывёлаю. Пакуль яе не завялі, бо трывае правяранне, можа, будзе патрэбная дадатковая экспертыза. Колькі зойме правяранне, не магу сказаць. Ці зʼявіцца інфармацыя для медыяў? Магчыма».

Грамадзянаў, якія сталіся сведкамі сітуацыі, просяць звярнуцца ў найбліжэйшае аддзяленне міліцыі або праз тэлефон 102.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў