Тыдзень у малюнках: затрыманні пенсіянераў, 10 содняў ксяндзу і спыняем уцечку мазгоў


Карыкатурыст Дэ Лёс прапануе зірнуць на падзеі мінулага тыдня і крыху парэфлексаваць.

Тыдні мінаюць так хутка, што трэба зрабіць намаганне, каб успомніць, што там было. Мастак абірае самыя значныя падзеі, каб нашым чытачам было прасцей.

Панядзелак: на Маршы мудрасці пачалі затрымліваць пенсіянераў

Сілавікі ўсё больш падвышаюць болевы парог грамадства. На мінулым Маршы мудрасці 30 лістапада яны затрымалі каля 10 чалавек сталага веку. Раней гэта нават для айчынных сілавікоў было занадта, але ўжо, напрыклад, у нядзелю 6 снежня яны затрымалі і Ніну Багінскую, і 79-гадовую Ларысу Соўсь (жанчын пазней адпусцілі). Правакатыўны заклік «Бі маці» міліцыянтам ужо не падаецца такім сур’ёзным выклікам.

Аўторак: адменены калядны хакейны турнір

Прычынай стала пандэмія каронавірусу. Калядны турнір праходзіў з 2005 году. Каманда Лукашэнкі перамагала ў ім 13 разоў!

Серада: спыняем уцечку мазгоў

Беларускі ўрад збіраецца перадухіліць «уцечку мазгоў» з краіны. Пра гэта заявіў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка, прадстаўляючы ў парламенце праграму дзейнасці ўрада да 2025 года. Прадугледжваецца комплексная карэкціроўка заканадаўства аб міграцыі.

«Значныя намаганні будуць накіраваныя на скарачэнне адтоку насельніцтва, перш за ўсё, моладзі, наданне знешняй міграцыі зваротнага характару, перадухіленне так званай уцечкі мазгоў», – заявіў Раман Галоўчанка.

Раней Аляксандр Лукашэнка не аднойчы гаварыў пра тое, што нікога трымаць не будзе. Напрыклад, ён забараніў упускаць лекараў, якія зʼехалі працаваць у Польшчу: «Мы нікога трымаць не будзем. Аднак трэба разумець: зʼехаў – назад не вернешся, там будзеш працаваць і зарабляць тыя вялікія грошы, за якімі зʼехаў».

Чацвер: ксяндзу – 10 содняў

Вячаслаў Барок, каталіцкі святар з Расонаў, атрымаў 10 содняў арышту. Улады палічылі, што калаж габрэя Уладзіміра Цэслера «Стоп лукашызм» у колерах афіцыйнага сцягу і з выявай афіцыйнага герба РБ – нацысцкая сімволіка, а ксёндз, які калаж распаўсюдзіў, вінаваты паводле адміністратыўнага артыкулу 17.10 (прапаганда нацысцкай сімволікі).

«Прыгавор незаконны. Яны – злачынцы. Не шкадую. Жыве Беларусь!» – сказаў святар на выхадзе з суда, калі міліцыянеры вялі яго ў месца зняволення.

Пятніца: адключаем SWIFT?

Адключэнне ад SWIFT – адна з магчымых санкцыяў супраць рэжыму Лукашэнкі. Даволі балючая. Прычым балючая шмат для каго з беларусаў, бо прывядзе да часовага калапсу банкаўскай сістэмы.

На платформе «Голас» было праведзена апытанне «Ці падтрымліваеце Вы адключэнне беларускіх банкаў ад SWIFT?»

Сярод тых, хто прагаласаваў, 64% заявілі, што падтрымліваюць адключэнне, нягледзячы на наступствы. Магчыма, таму, што ў людзей зусім мала інструментаў для ўплыву на ўлады.

Субота: праблемы, якія сустракаюць тых, хто выходзіць на маршы

Тут мы прапануем вам парэфлексаваць самім. Умовы для выхаду на акцыі пратэсту становяцца ўсё больш цяжкімі, дзеянні сілавікоў усё больш жорсткімі, а надвор’е – усё больш неспрыяльнае.

Нядзеля: упершыню за доўгі час не адключылі інтэрнэт

Што было 6 лістапада, да канца не зразумела. Праўладныя айцішнікі адкрылі нейкія новыя магчымасці. Інтэрнэт нібыта працаваў, а вось Telegram лёг. Ці яго палажылі, не разабрацца. Як кажуць, Дураў, вярні сцяну. Ад сілавікоў. Ну, і ўцечку мазгоў сцяной спынім.

Малюнкі Дэ Лёс, belsat.eu

Стужка навінаў