Тыдзень у карцінках: суды над медыкамі, запуск метро і АЭС, самыя масавыя затрыманні


Карыкатурыст Дэ Лёс прапануе зірнуць на падзеі мінулага тыдня і крыху парэфлексаваць.

Мінулы тыдзень аказаўся няпростым. Чаго толькі ні адбывалася! Зірнем, якія навіны зваліліся нам на галаву.

Панядзелак: больш за 200 падазраваных па крымінальнай справе

Адразу 231 асобу падазраюць па крымінальнай справе аб масавых закалотах (арт. 342 КК РБ). Яны нібыта 1 лістапада не падпарадкоўваліся прадстаўнікам улады, шкодзілі гарадскую інфраструктуру і аўтамабілі сілавікоў. І гэта толькі за мірны нядзельны марш.

Малюнак: Дэ Лёс

Аўторак: размова са студэнтамі не атрымалася

Пагутарыць са студэнтамі БДУ прыехала старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава. Размова цягнулася некалькі гадзінаў, але студэнтаў вынікі дыскусіі не задаволілі. Наталля Іванаўна адмаўлялася прызнаваць памылкі ўладаў і асуджала пратэсты.

Малюнак: Дэ Лёс

Серада: суды над медыкамі

2 лістапада, у панядзелак, медыкі выйшлі на акцыі салідарнасці з адлічанымі студэнтамі медуніверсітэту. Медыкаў затрымалі, а потым пачалі судзіць – давалі содні за тое, што выйшлі на пратэсты. Чаму ўвогуле медыкі выходзяць на пратэсты, чытайце вось тут.

Малюнак: Дэ Лёс

Чацвер: вобшук у Ніны Багінскай

Насамрэч, вобшук быў не ў спадарыні Багінскай, аднаго з сімвалаў пратэсту, а ў яе ўнучкі, з якой яны жывуць разам. Суседзі распавялі, што Багінская выклікала на невядомых людзей міліцыю. Неўзабаве пасля міліцыі ў кватэру падняліся каля 10 людзей у чорным. Адзін з міліцыянтаў заявіў, што Багінская ўдарыла яго табурэткай. Паводле суседзяў, у пад’езьдзе было чуваць сварку. Падрабязней вось тут.

Малюнак: Дэ Лёс

Пятніца: новыя станцыі метро

У пятніцу, 6 лістапада, Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў на ўрачыстым адкрыцці новых станцый метро – у сталіцы запусцілі нарэшце трэццю лінію метро. Што праўда, адразу пасля ўрачыстага адкрыцця станцыі… закрылі. Іх адкрылі толькі на наступны дзень, 7 лістапада. Ну, а ў нядзелю, падчас традыцыйнага маршу, усю трэццю лінію метро цалкам зачынілі.

Малюнак: Дэ Лёс

Субота: запуск АЭС

Тыдзень быў багатым на адкрыцця: у пятніцу – метро, у суботу – АЭС. У абодвух удзельнічаў Аляксандр Лукашэнка. Тут нават не ведаем што сказаць. Што такое АЭС для Беларусі – чытайце падрабязней тут і тут.

Малюнак: Дэ Лёс

Нядзеля: самы масавы хапун

У нядзелю ў Менску адбыўся традыцыйны марш. Што праўда, быў ён не такі масавы, як раней. А вось хапун быў самы вялікі – столькі людзей яшчэ не затрымлівалі ў адзін дзень, больш за 1000 чалавек! Як яно было, чытайце тут і глядзіце наш нядзельны стрым тут.

Малюнак: Дэ Лёс
Стужка навінаў