«Ты ведаеш правілы дарожнага руху, с*ка». Сілавікі запужваюць аўтамабілістаў

Ст. м. Пушкінская, Мінск, Беларусь. 10 жніўня 2020 г. Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

11 жніўня Менск гудзеў і пратэставаў, нягледзячы на тое, што сілавікі спрабавалі спыніць людзей, перакрыўшы месцы іхнага збору па перыметры. І няхай людзей сабралася не шмат на той жа Пушкінскай (у параўнанні з 10 жніўня), іх гучна падтрымлівалі аўтамабілісты.

Выхады са станцыі метро Пушкінская перакрылі з вечара. Ля кожнага з іх стаяў з дзясятак сілавікоў у ваенным абмундзіраванні са шчытамі. Уздоўж вуліцы Прытыцкага прыпаркавалі аўтазакі ды мікрааўтобусы. Было зроблена ўсё, каб не даць людзям сабрацца гэтак, як учора.

Сілавікі ў раёне ст. метро Пушкінская. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 года. Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Аднак людзі паціху сцягваліся і групаваліся з боку кінатэатра «Аўрора» і гатэлю «Арбіта». Разумеючы, што гэтым разам Пушкінскую з усіх бакоў абклалі сілавікі, яны пачалі перамяшчацца ў бок станцыі метро Спартыўная і далей – да Каменнае горкі. Людзей актыўна падтрымлівалі сігналамі аўтамабілісты.

Відавочна, гэта не спадабалася працаўнікам сілавых структураў – да скрыжавання вуліц Прытыцкага і Жудро рванулі два сінія мікрааўтобусы, з якіх выскачылі сілавікі ў масках са зброяй. Пратэстоўцы падумалі, што пачынаецца зачыстка і кінуліся ад скрыжавання. Аднак сілавікі падбеглі да аўтамабіляў, што стаялі першымі на святлафоры. З шэрага ўніверсала яны дасталі маладых людзей: хлопца-кіроўцу і дзвюх пасажырак, загадалі пакласці рукі на капот. Адзін з працаўнікоў са стрэльбай перакрыў паласу, другі ж крычаў кіроўцу: «Ты ведаеш правілы дарожнага руху, с*ка».

Людзі трымаюць нацыянальныя сцягі на месцы гібелі чалавека, забітага ў сутыкненні з супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Белаурсь. 11 жніўня 2020 г. Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Падышлі яны і да чорнага кросоўвэра, людзей з яго не чапалі, аднак настойліва нешта патлумачылі – відаць, пра сігналы. На знак несупраціву мужчына-кіроўца прыбраў рукі са стырна і падняў іх уверх.

Спецназ затрымлівае мужчыну, які ўдзельнічае ў акцыі памяці па загінулым у сутыкненні з супрацоўнікамі праваахоўных органаў падчас акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў. Менск, Беларусь. 11 жніўня 2020 г. Фота: Валерый Шарыфулін / TASS / Forum

Пасля гэтага людзі ў чорным імкліва вярнуліся да сваіх мікрааўтобусаў, дазволіўшы патоку ехаць далей.

Ці былі гэта самыя актыўныя аўтамабілісты? Наўрад ці, бо вечарам гудзела ўся Пушкінская: ад вуліцы Кальварыйскай і ў бок Каменнай горкі, праспект Пушкіна. У нейкі момант працаўнікі ДАІ пастараліся зменшыць трафік, перакрыўшы на Прытыцкага праезд у абодва бакі. Але плёну гэта не дало – аўтамабілісты працягвалі гудзець на паралельных вуліцах.

У белым і з кветкамі. Жанчыны выходзяць на пікеты, каб выказацца супраць гвалту на вуліцах Беларусі

КГ belsat.eu

Hавiны