«Ты супраць Лукашэнкі». Мужчына ўдарыў медыка на вачах міліцыянера


У Брэсцкай гарадской бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі прыхільнік Аляксандра Лукашэнкі ўдарыў медыка па твары. Відэа з гэтым інцыдэнтам з’явілася ў тэлеграм-каналах.

Сталы мужчына лаяўся на доктара, той яму не адказваў.

Стоп-кадр з відэа

«Ты, чмошнік, учора, б***, быў супраць Лукашэнкі. А сёння ты доктар?» – пасля гэтых слоў ударыў медыка па твары. У таго зляцелі акуляры.

Аказалася, што пры гэтым нецэнзурным маналогу прысутнічаў міліцыянер – пасля ўдару ён зʼявіўся ў кадры і адвёў нападніка са словамі «Ну ўсё, усё».

У міліцыі карэспандэнту Tut.by заявілі, што інцыдэнт адбыўся 5 студзеня, праводзіцца праверка.

У тэлеграм-каналах сцвярджаецца, што нападнік, Мікалай В., былы прапаршчык, а цяпер працуе кіроўцам у школе.

5 студзеня быў у Берасці пʼяны, «упаў на прыпынку, разбіў галаву». Амапаўцы выклікалі яму хуткую дапамогу і такім чынам ён апынуўся ў лякарні.

«А ў мяне такая палітыка – я за цяперашнюю ўладу, за прэзідэнта. Чаго ім не хапае? Нармальна ж жывем!», – лічыць мужчына.

Пра тое, што відэа з яго паводзінамі ўжо шырока разышлося ў сацсетках, мужчына ведае.

«Мне, вядома, сорамна, няёмка, але ўжо як ёсць».

І дадаў, што сваіх палітычных перакананняў працягне прытрымлівацца.

ІК, belsat.eu

Стужка навінаў