«Ты прабач свайго сына». Самыя беларускія песні Мулявіна


Сёння беларускаму музыку магло б споўніцца 76.

Мулявін нарадзіўся ў Свярдлоўску і трапіў у Беларусь выпадкова: спачатку на працу яго запрасіла Беларуская дзяржаўная філармонія, пасля яго забралі ў войска – і служыў ён таксама ў Беларусі.

У вайсковай частцы Мулявін стварыў вакальны квартэт, таксама браў удзел у арганізацыі ансамбля Беларускай ваеннай акругі.

Пасля войска ён вярнуўся ў менскую філармонію, дзе ў 1968 годзе стварае вакальна-інструментальны ансамбль «Лявоны». У 1970 годзе ансамбль змяніў назву на «Песняры».

Мулявін шчыра палюбіў і краіну, і мову. Удава «Песняра», дырэктар прысвечанага яму музею Святлана Мулявіна-Пенкіна распавядала, што ў яе мужа пыталіся, чаму ён, маўляў, у жыцці не выкарыстоўвае беларускую мову, на што той адказваў: «Мова настолькі прыгожая, што на ёй я магу толькі спяваць».

Мы склалі топ-3 самых беларускіх, у вельмі літаральным значэнні, песень артыста.

«Спадчына» (на словы Янкі Купалы)

Музыку да гэтай песні напісаў Ігар Лучанок, які на словы Купалы напісаў, між іншым, кантату «Курган».

«Малітва» (словы Янкі Купалы)

Духоўны гімн на словы Янкі Купалы нарадзіўся ўвесну 1994-га – над ім старанна і рупліва, адмыслова для Мулявіна, працаваў кампазітар Алег Моўчан. Прэм’ера песні прагучала ўжо ўлетку – на «Славянскім базары ў Віцебску», дзе «Песняры» святкавалі 25-годдзе ансамбля.

З таго моманту музычныя журналісты акрэсліваюць «Малітву» асобнай старонкай айчыннай музычнай гісторыі. Аўтар музыкі «Малітвы» будзе звяртацца да творчасці Янкі Купалы не аднойчы.

«Я заўсёды адчуваў нейкую духоўную сувязь з Купалам і яго паэзіяй, – прызнаваўся Моўчан «Беларускім навінам». – Быць можа, і гэта, апроч усяго іншага, аб’яднала мяне з Уладзімірам Георгіевічам. У мяне таксама ёсць творы на вершы класікаў Максіма Багдановіча і Уладзіміра Караткевіча, песні на радкі сучасных беларускіх паэтаў Уладзіміра Някляева, Леаніда Пранчака, Алеся Ліпая».

Пагоня (словы Максіма Багдановіча)

Яшчэ адзін гімн, ад моцы выканання якога Мулявіным па скуры ідуць дрыжыкі.

Асоба Мулявіна прымушае некаторых звяртаць увагу на характэрную для Беларусі дзіўную тэндэнцыю: сапраўднымі патрыётамі беларускага краю часта становяцца якраз прадстаўнікі іншых нацыянальнасцяў.

ДД

Стужка навінаў