«Ты не ўяўляеш, як мне хочацца жыць». Прайшло 20 гадоў з дня трагедыі на Нямізе. АСЦЯРОЖНА! Жорсткія фота


30 траўня 1999 года здарылася трагедыя – у пераходзе метро «Няміга», куды людзі пабеглі хавацца ад дажджу, здарылася цісканіна. Загінулі 53 чалавекі, яшчэ шмат хто атрымаў цяжкія траўмы.

Сёння спаўняецца 20 гадоў з часу таго жудаснага здарэння. Мы ўспамінаем загінулых і задаемся пытаннем: што ж сапраўды стала прычынаю трагедыі на Нямізе?

У той трагічны вечар каля станцыі метро «Няміга» праходзіў канцэрт. Раптам сабраўся дождж, бліснула маланка. Сотні людзей аднамомантава кінуліся хавацца ад стыхіі ў пераход, дзе адбылося непапраўнае. Сярод тых, хто трапіў у цісканіну, быў вядомы беларускі стыліст Аляксандр Кірынюк. Тады яму было 13 гадоў, хлопчык прыйшоў на канцэрт разам з сябрамі ды сястрой.

«Мы дайшлі да сярэдзіны прыступак, дзе ўжо першая група людзей звалілася да канца лесвіцы, дзе пачынаецца зліў вады. Мяне заціснула па пояс, я не мог павярнуцца ні ўлева, ні ўправа. Перадаўлівала так, што можна было страціць прытомнасць. Людзі навокал таксама былі заціснутыя і нічога не маглі рабіць», – распавядае Аляксандр.

Тыя, хто разумеў, што адбываецца ўнізе, намагаліся выратаваць і выцягнуць людзей з цісканіны. Вялікі пераход на Нямізе мог бы змясціць натоўп, але, паводле Аляксандра, праз тое, што шмат хто зваліўся, пераход стаў заблакаваны і людзі не маглі прайсці. У адзін момант людзі разам пачалі крычаць «Назад!», каб тыя, хто ідзе ў пераход і не бачыць, што адбываецца ўнізе, спыніліся.

У эпіцэнтры здарэння аказаўся Цімафей Бародзіч. Як і Аляксандру, яму пашанцавала выкараскацца з цісканіны. Ён быў адным з тых, хто дапамагаў выцягваць людзей з пераходу і аказваць першую дапамогу.

«Я зразумеў, што гэта трагедыя, калі пабачыў, што чалавеку на галаву нацягнулі кашулю. Я зразумеў, што гэта ўжо канец», – кажа Цімафей.

 

За гэты час узнікла шмат версіяў, чаму людзі падушыліся ў пераходзе. Хтосьці вінаваціць міліцыю, хтосьці тых, хто нібыта перакрыў уваход у метро, а некаторыя вінавацілі і саміх ахвяраў. Нібыта падушыліся, бо былі п’яныя.

«Уся моладзь, якая загінула, была цвярозая», – запэўнівае былы следчы пракуратуры Алег Волчак.

На думку Волчака, трагедыя сталася праз праваахоўнікаў, якія запэўнівалі бяспеку на імпрэзе.

«Ува ўсіх краінах, дзе ладзяцца якія-кольвек імпрэзы, метро перакрываецца турнікетамі. Заранёў выстаўляецца кардон, каб паведамляць людзям пра тое, што сюды нельга ісці», – сцвярджае Волчак.

Таксама ён лічыць, што нельга было даваць загад АМАПу блакаваць праезную частку для выхаду на яе людзей, бо з аднаго боку Свіслач, а з другога Палац спорту, дзе тады ішлі рамонтныя працы – у выніку людзям не было куды ісці, апроч пераходу.

«Ты не ўяўляеш, як мне хочацца жыць»

Вольга Пальвінская была адоранаю творчаю асобай. Яна паступіла ў кансерваторыю, вытрымаўшы жорсткі конкурс. Калі Вольга ехала ў сталіцу пасля чарговых канікул, яшчэ ніхто не ведаў, што дамоў яна больш ніколі не вернецца.

Самая цяжкая думка для мамы – што пасля трагедыі дачка магла б застацца жыць.

«Калі выцягнулі трупы, паклалі на траве, міліцыянт стаяў, расставіўшы рукі, хуткіх няма, машыны няма. Хоць бы сказаў: «Людзі, хто можа, зрабіць штучнае дыханне?». Нічога не зламана, нічога не пабіта. Зрабілі б штучнае дыханне, яна б дасюль жыла», – стрымліваючы слёзы, кажа маці Вольгі Пальвінскай.

«Ты не ўяўляеш, як мне хочацца жыць», – гэта былі апошнія словы, якія маці пачула ад сваёй дачкі.

Шмат хто мае прэтэнзіі менавіта да працы хуткай дапамогі.

«Мне тэлефануе мой доктар і кажа: «Я ехаў па Нямізе, і мяне спыніў натоўп, тут вельмі шмат пацярпелых. Дашліце дапамогу». А ўжо маіх 5 брыгадаў паехалі. Я кажу: «Добра, яшчэ 10 брыгадаў». Праз 7 хвілінаў ужо Эдуард Козыраў туды даехаў і мне адтуль тэлефануе, што тут не толькі пацярпелыя, тут шмат загінулых. Я паслаў 60 брыгадаў. За 30 хвілінаў мы вынеслі ўсіх 250 чалавек, аказвалі дапамогу», – распавядае Віктар Ціцішын, які ў 1999 годзе быў галоўным лекарам станцыі хуткай дапамогі.

Маці загінулага Генадзя Рабаконя не верыць у словы лекара.

«Паводле маіх звестак, хлопцы са спецназу сказалі, там было толькі 36 хуткіх», – кажа Святлана Рабаконь.

З ейных словаў, пацярпелых няправільна размяркоўвалі па шпіталях, везлі не ў блізкія лякарні. На месца трагедыі прыбег другі сын Святланы Зміцер з сябрамі. Яна папрасіла іх паехаць у 2-ую гарадскую лякарню, бо туды павезлі шмат людзей.

«Там у прылазніку ляжала чалавек 36, як яны налічылі, прыкрытыя прасцінамі. Там ніхто не ведаў, жывыя яны ці не. Выйшла лекарка і сказала: «Вось у нас было 15 апаратаў, мы 15 чалавек паклалі». А вось гэтыя, каторыя засталіся, яны не дачакаліся сваёй дапамогі», – распавядае Святлана.

Сына Святланы Генадзя павезлі ў 9-ую лякарню, хоць Вайсковы шпіталь быў нашмат бліжэйшы. Лекар, якому прывезлі яшчэ жывога хлопца, сказаў: «Позна прывезлі».

Святлана кажа, што была прапанова ад галоўнага лекара Вайсковага шпіталю везці пацярпелых да яго, бо ў шпіталі было ўсё, каб дапамагчы людзям, у тым ліку і апараты падтрымання, але той, хто кіраваў працаю медыкаў, чамусьці адмовіўся ад дапамогі.

Хто вінаваты?

Дзіўна, але вінаватых за адну з самых страшных трагедыяў у гісторыі сучаснай Беларусі моцна не пакаралі.

«Лукашэнка першы заявіў: «Не шукайце вінаватых у трагедыі. Вінаваты дождж і выпадковасць». Абвінавачанні ўсё ж такі выставілі першаму намесніку ГУУС Русаку і начальніку аховы бяспекі ГУУС Менгарвыканкаму Кандраціну», – кажа праваабаронца Алег Волчак.

Паводле Волчака, былі спробы прыцягнуць да адказнасці намесніка старшыні Гарвыканкаму Гурына – ён адказваў за арганізацыю і рыхтаванне імпрэзы, а, гэта значыць, мусіў запэўніць і бяспеку ўдзельнікаў.

Некаторыя міліцыянты, якія дзяжурылі на месцы трагедыі, збудавалі цудоўную кар’еру. Той жа Аляксандр Барсукоў быў кіраўніком ГУУС Менгарвыканкаму, а сёння – намеснік міністра ўнутраных справаў. А Віктар Русак спачатку стаў галоўным дарадцам старшыні Менаблвыканкаму, а пасля ўзначаліў «Менсктранс».

Чаму не селі за краты вінаватыя ў смерці 53 чалавек? Чаму бацькам не дазвалялі пісаць на надмагіллях дзяцей, што яны ахвяры трагедыі на Нямізе? Пра ўсё гэта глядзіце ў ток-шоу «Кожны з нас» (відэа вышэй).

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат без палітыкі» і на нашай старонцы.

Глядзі таксама
Каментары