«Ты файны чалавек, але ідэолаг ты няправільны». Журналістка «Металлурга» звольнілася з БМЗ на знак пратэсту


Сняжана Пагодзіна працавала карэспандэнткаю газеты заводу БМЗ у Жлобіне «Металлург». 5 лістапада яна звольнілася на знак пратэсту і салідарнасці са страйкоўцамі – работнікамі заводу. Дзяўчына распавяла «Белсату» пра любоў да працы, сітуацыю на БМЗ і прычыны свайго звальнення.

«Я не ведала, што пісаць праўду – у нас табу»

Сняжана Пагодзіна на працы. Фота з уласнага архіву Сняжаны

Сняжана Пагодзіна прыйшла на працу амаль 7 год таму пасля ўніверсітэту з дыпломам па спецыялізацыі «Журналістыка».

Газета «Металург» піша ў асноўным пра завадчан і прадпрыемства. Але бываюць і тэмы, датычныя гарадскога жыцця.

Падчас працы над адной з такіх тэмаў Сняжана зразумела, як працуе машына ідэалогіі.

– Я не ведала, што, аказваецца, пісаць праўду – у нас нейкае табу, – засмучаецца Сняжана.

Матэрыял быў пра кінатэатр, які пачалі будаваць да «Дажынак». Будынак гэты тры гады быў на рамонце, збіралі сродкі ў людзей і ў прадпрыемстваў, каб яго давесці да розуму. Патэлефанаваў адзін чытач і папрасіў даведацца, калі нарэшце кінатэатр адкрыюць.

– Я патэлефанавала ў райвыканкам і пачула там «Ну вы ж разумееце…». Той матэрыял быў пад загалоўкам «Абяцанага тры гады чакаюць?». У ім я ад імя людзей вельмі моцна сварылася на ўладаў, якія нічога не могуць зрабіць, нават элементарна адчыніць кінатэатр. Літаральна праз 10 хвілін пасля таго, як я адправіла матэрыял на праверку ў райвыканкам, у кабінет уляцеў мой начальнік і, мякка кажучы, моцна на мяне насварыўся. А я ў той момант сядзела і не разумела, што зрабіла не так, – распавядае Сняжана.

Болей ёй не давалі тэмы, у якіх яна магла напісаць «нешта не тое». І паколькі на працы дзяўчына ніколі не хавала сваю грамадскую пазіцыю, «ідэалагічныя» размовы пра сітуацыю ў краіне абмяркоўваліся за зачыненымі дзвярыма без яе.

– Былі неаднаразовыя спробы «прыглушыць» маю грамадскую актыўнасць. Пры гэтым мой начальнік казаў: «Сняжана, ты – файны чалавек, але ідэолаг ты няправільны. Табе варта разумець, дзе ты працуеш. Праяўленне грамадскай пазіцыі – гэта добра, але не ў якасці журналіста нашага выдання, – узгадвае дзяўчына.

Глядзець на гэта было балюча і невыносна

Сняжана Пагодзіна на працы. Фота з уласнага архіву Сняжаны

Сняжана кажа, што любіла сваю працу, і думкі сысці з’явіліся адносна нядаўна, бо яна была перакананая, што нешта рабіць і змяняць можна «без адрыву ад працоўнага месца»:

– У статусе завадчанкі я ўдзельнічала ў відэазваротах, пакідала свае подпісы пад адкрытымі зваротамі пра правядзенне вольных і сумленных выбараў, была назіральнікам.

Пасля сітуацыі з выбарамі, калі пачаліся пратэсты, Сняжана зразумела, што ў краіне адбываецца нешта ненармальнае, што абсалютна не мае дачынення да чалавечнасці і гуманнасці.

– Працуючы ў ідэалогіі, ты бачыш усю гэтую карцінку, усе пазлікі складваюцца, як гэта ўсё адбываецца знутры. А апошнім часам глядзець на гэта было балюча і невыносна, – кажа Сняжана Пагодзіна.

«Прапагандай займацца не збіраюся»

Быў і іншы трыгер, пасля якога Сняжана зразумела, што далей ужо немагчыма. У дзень народнага ўльтыматуму дзяўчына павінна была замяшчаць кіраўніка групы па падрыхтоўцы і выхаду тэленавінаў. Сняжана зрабіла сваю працу загадзя ў пятніцу, а ў панядзелак планавала далучыцца да агульнанацыянальнай забастоўкі, проста не працуючы ў гэты дзень.

Сняжана Пагодзіна. Фота з уласнага архіву Сняжаны

– Я думала, што ўсё атрымаецца, але прыйшоў мой кіраўнік і сказаў, што неабходна зрабіць сюжэт пра забастоўку на заводзе, якой няма. У мяне зʼявілася лагічнае пытанне: навошта, калі забастоўкі па факце сапраўды няма. У той дзень цэхі працавалі і ніякіх нават чутак, што нешта намячаецца, не было.

Плюс яшчэ папрасілі знайсці дваіх людзей, якія скажуць на камеру, што забастоўка – гэта кепска і што ў цэлым мы падтрымліваем палітыку дзейснай улады, і ніякіх думак пра тое, каб падарваць эканоміку, сарваць вытворчы план, у нас быць не магло і не будзе.

Дзяўчына адмовілася рабіць гэты матэрыял і зразумела, што больш так не можа, бо такія заданні будуць паступаць і надалей.

– Асабіста я пад гэта не падпісвалася, прапагандай займацца не збіраюся. Вырашыла, што мне трэба сысці. Настаў момант, калі гэта будзе гучна, своечасова і, магчыма, паслужыць для кагосьці прыкладам, што баяцца не варта. Чамусьці страціць працу ў наш час – усё адно што страціць здароўе ці блізкага. У нашай краіне праца – нібыта найвышэйшая каштоўнасць чалавека, – кажа Сняжана. – У мяне запытвалі: «Ты што, сыходзіш? Куды?». Я казала: не важна куды. Важна адкуль і чаму. Я сапраўды сыходзіла ў невядомасць, але галоўнай мэтай быў сам факт сыходу.

Зараз у Сняжаны ёсць прапановы па працы, але яна шчыльна пакуль не займалася гэтым пытаннем.

– Адназначна магу сказаць, што на дзяржаўнае прадпрыемства я не вярнуся, пакуль улада не зменіцца. Я хачу застацца ў журналістыцы і прысвяціць частку свайго часу валанцёрскай дзейнасці. Хочацца паўплываць на сітуацыю, стаць нейкай часткай у аб’яднанні людзей з невялікіх гарадоў і мястэчак, у дасягненні нашай мэты – прачнуцца ў новай Беларусі, – кажа дзяўчына.

Сняжана Пагодзіна. Фота з уласнага архіву Сняжаны

Людзі пратэстуюць і па-іншаму

Пратэстны рух на БМЗ, па словах Сняжаны, выбіваюцца з фармату ўсіх страйкаў па краіне. БМЗ стаў штуршком для ўсяго пратэстнага руху 14 жніўня і зараз зноў вылучаецца: забастоўка на заводзе мае фармат адзінкавых «стрэлаў», калі бастуюць асобныя працоўныя розных прафесій з розных цэхаў.

– Большасць не згодныя з палітыкай дзеючай улады, але шмат каго спыняюць крэдыты, страта заробка. Бо заробкі на заводзе высокія – да нас ездзяць нават з іншых гарадоў. Але людзі пратэстуюць і па-іншаму, напрыклад, выходзяць з прафсаюзу. Зараз ужо шмат заяваў на выхад з праўладнага прафсаюзу і каля двухсот – на ўступленне ў незалежны, – распавядае дзяўчына.

На кожнага, хто піша заяву на выхад, па словах суразмоўцы, складаецца дакладная на імя начальніка падраздзялення, маўляў «звярніце ўвагу – ваш супрацоўнік выйшаў з прафсаюзу, правядзіце з ім прафілактычную гутарку».

Сняжана кажа, што на БМЗ ёсць яшчэ людзі, якія збіраюцца далучыцца да стачкі, але чакаюць свайго моманту. Сняжана ганарыцца сваімі ўжо былымі калегамі.

– Я б хацела звярнуцца да нашых супрацоўнікаў: рабяты, вы – неверагодныя! Вы – наш гонар! Вы – наша сіла! Дзякуй вам за праяўленне смеласці. Вы – героі нашага часу! – не шкадуе эмоцый дзяўчына.

Ад калег і сяброў яна атрымала «бласлаўленне». Людзі падтрымліваюць Сняжану і лічаць, што ў дзяўчыны абавязкова ўсё будзе добра.

– Я працягваю атрымліваць дзясяткі паведамленняў у сацсетках. І яшчэ не было ніводнага негатыўнага, – кажа Сняжана. – Я ўдзячная ўсім за падтрымку. Я веру, што ўсе нездарма, што мы аднойчы прачнёмся ў вольнай краіне. Выйдзем на вуліцу і гучна-гучна крыкнем: «Вось цяпер Жыве Беларусь»!

Ганна Вашчанка, «Белсат»

Стужка навінаў