«Twitter» зладзіў «зачыстку», у выніку якой зніклі мільёны акаўнтаў


Хваля «чыстак» пачалася яшчэ ў сераду.

Яе сутнасць у тым, што папулярны сэрвіс мікраблогінгу вырашыў «вычысціць ботаў». Калі карыстальнікі, якіх заблакавалі, пасля таго як яны адправілі сотні паведамленняў, не пацвердзілі, што яны людзі, іхныя акаўнты выдаляліся без магчымасці аднаўлення.

Як адзначыла кіраўнік юрыдычнага аддзелу кампаніі «Twitter» Віджая Гаддэ, пераважная большасць «жывых» акаўнтаў у выніку гэтых захадаў ужо страціла або страціць не больш за чатырох фаловераў.

Аднак на колькасці падпісчыкаў знакамітасцяў такія захады адбіліся куды больш радыкальна: напрыклад, поп-спявачкі Лэдзі Гага і Кэці Пэры страцілі па 2,5 млн фаловераў, а былы прэзідэнт ЗША Барак Оўбама – каля 2,1 млн. Нават афіцыйны акаўнт самога «Twitter» у выніку «генральнага прыбірання» пазбавіўся 7,7 млн падпісчыкаў.

Да пачатку ліпеня «Twitter» замарозіў больш за 70 млн фэйкавых старонак і паведаміў, што колькасць актыўных карыстальнікаў на першыя шэсць месяцаў 2018 года складае 336 млн.

Такім чынам, прагназуюць у карпарацыі, сэрвіс пазбавіцца 6% акаўнтаў.

Паводле прадстаўнікоў кампаніі, масавая чыстка дапаможа ёй стаць больш надзейнай і празрыстай. Гэта асабліва актуальна пасля чарады скандалаў з фэйкавымі навінамі, якія разносяць боты.

У студзені гэтага года пракуратура амерыканскага штата Нью-Ёрк пачала праверку кампаніі па факце продажу фэйкавых падпісчыкаў карыстальнікам сацсеткі.

НМ, belsat.eu, паводле bbc.com/russian

Стужка навінаў