«Twitter» можа ўдвая павялічыць колькасць сімвалаў у паведамленнях


Папулярны сэрвіс мікраблогаў задумаўся над павелічэннем ліміту знакаў у паведамленні ўдвая – са 140 да 280 сімвалаў.

Пакуль сацыяльная сетка тэстуе новаўвядзенне для абмежаванага кола карыстальнікаў.

Магчымыя перамены дапамогуць людзям «лягчэй выказваць свае думкі«, лічаць у кампаніі.

«Як запхнуць усе думкі ў адзін твіт? Мы ўсе там былі, і гэта пакута«, – напісала ў блогу кампаніі продакт-менеджар «Twitter» Элайза Розен.

У кампаніі прызналі, што шмат якія карыстальнікі могуць адчуваць эмацыйную прыхільнасць да 140 сімвалаў.

«Мы таксама гэта адчулі, – працягвае Розен. – Але мы паспрабавалі новы варыянт, убачылі, наколькі ён добры, і проста закахаліся ў гэта новае абмежаванне».

Нягледзячы на ​​тое, што «Twitter» карыстаюць шмат якія вядомыя асобы, сярод якіх і амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп, фінансавыя вынікі кампаніі ў апошні час пакідаюць жадаць лепшага.

Відэаюсюжэт пра злоўжыванне сацыяльнымі сеткамі з боку Крамля

Кампанія не толькі зафіксавала страты ў другім квартале 2017 года – $ 116 млн, – але і не змагла павялічыць карыстальніцкую базу сацсеткі. Таму ў кампаніі спадзяюцца, што павелічэнне ліміту пойдзе на карысць і дазволіць прыцягнуць новых карыстальнікаў.

Колькасць карыстальнікаў «Twitter» – 328 млн асобаў, для параўнання: «Facebook» карыстаюцца асобаў 2 млрд.

Адкуль узяліся 140 сімвалаў

Абмежаванне ў 140 знакаў у «Twitter» нарадзілася з ліміту ў 160 знакаў для SMS-паведамленняў. Заснавальнік Джэк Дорсі хацеў, каб твіты былі яшчэ карацейшыя, чым SMS.

Дорсі называў абмежаванне ў 140 знакаў вытанчаным і такім, якое прымушае людзей творча мысліць.

Але ў апошнія гады сацсетка паступова ішла да таго, каб павялічыць ліміт знакаў.

У мінулым годзе, напрыклад, карыстальнікам дазволілі абыходзіць правіла 140 сімвалаў пры прымацаванні фотаздымкаў, відэаролікаў, GIF-файлаў і цытат.

Глядзіце таксама:

НМ, belsat.eu, паводле BBC Russian

Стужка навінаў