Тутэйшы. Гісторыя Льва Краўца, які ў 12 год ратаваў габрэяў з Менскага гета


Леў Абрамавіч Кравец. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Belsat.eu распавядае гісторыю менчука Льва Краўца, які падлеткам далучыўся да 106-га партызанскага атраду пад кіраўніцтвам Шалома Зорына і ратаваў габрэяў з Менскага гета.

Напачатку 1943-га 12-гадоваму Лёве, сыну кухара Абрама Краўца, было асабліва цяжка. Ягоная маці знікла падчас чарговай аблавы на габрэяў і, імаверна, загінула ў Трасцянцы, а бацька аднойчы проста не вярнуўся з працы. У менскім гета сям’я Краўцоў жыла на вуліцы Дзімітрава. Падчас пагрому ў сакавіку 1942-га забілі старэйшую сястру Хану і брата Барыса, а Лёва з маленькай сястрычкай Маяй засталіся ў жывых. Падлетку трэба было штодня шукаць ежу, каб неяк пракарміцца. Часам даводзілася жабраваць.

З успамінаў Льва Краўца:

«Разлічваць на дапамогу не даводзілася, людзі навокал паміралі з голаду. Я пакідаў сястру ў гета, а сам выпраўляўся на пошукі. Пачаў хадзіць на таварную станцыю. Немцы, якія ехалі на фронт, давалі мыць кацялкі і пакідалі ўнутры трошкі ежы. Гэта было паратункам для мяне і сястры».

Менавіта на станцыі маленькі Лёва і даведаўся: ходзяць чуткі, нібыта ў лесе дзейнічаюць партызанскія атрады, якія пускаюць пад адкос нямецкія цягнікі. Чуткі распаўсюджваліся і праз пэўны час немцы ўзмацнілі кантроль: лавілі ўсіх падазроных асобаў. Падлетак, які мые посуд і бадзяецца па станцыі, у апошнюю чаргу выклікаў падазрэнні. Але і за Лёвам аднойчы пагнаўся паліцай з сабакам. Хлопчык упаў на зямлю, а сабака паставіў на яго лапы і раптам згубіў цікаўнасць, падумаўшы хіба, што той мёртвы. Канешне, пасля гэтага выпадку, Лёве быў закрыты шлях на тую станцыю. Ён быў вымушаны вярнуцца ў гета, а для сябе вырашыў, што трэба любым спосабам знайсці партызанаў, пра якіх ён даведаўся з падслуханых размоваў старэйшых.

Чаму Лёва так хацеў далучыцца да партызанскага атраду? Магчыма, ён інстынктыўна шукаў у кагосьці абароны ад людзей, што забралі ў яго маму і тату, а магчыма, гэта мусіла стаць кропкай апоры на той момант жыцця.

У вёсцы Пціч хлопчык сустрэў двух мужчын на канях з чырвонымі стужачкамі на галаўных уборах. Аднаго з іх звалі Леанід Апенгейм, ён аказаўся з атраду Пархоменкі. Гадзіну Лёва пераконваў партызанаў, што яго варта ўзяць да сябе. Тыя ж паставілі ўмову: калі Лёва здолее вярнуцца назад у гета, па пазначаным адрасе на вуліцы Рэвалюцыйнай адшукаць сям’ю Апенгейма і вывесці іх патаемнымі сцежкамі з гета – так і быць, яго прымуць у свае шэрагі.

Раіса Іванаўна. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Узгадвае Раіса Іванаўна, жонка Льва Краўца:

«І што вы думаеце?! Ён зрабіў гэта. У нас, хто быў дзецьмі ў вайну, была цацка – драўляная палка, на ёй скакалі, як на кані. Леў ведаў нейкія сакрэтныя лазейкі, быў шустрым хлопчыкам, паўсюдна лазаў. Таму і ведаў, дзе правесці людзей. Яны дамовіліся, што чацвёра Апенгеймаў – жанчына з дзецьмі – будуць ісці трохі падалей, а ён сам паскача на сваім «коніку» наперадзе. Калі будзе скакаць, не азіраючыся назад – значыць, дарога вольная, калі спыніцца і рэзка павернецца да іх – небяспека, і Апенгеймам трэба разбягацца ўрассыпную па абочынах».

Менскае гета. Фота – interfax.by

Шлі яны больш за содні. Ужо прыйшло лета, было цёпла, а есці можна расліны і ягады, што трапляліся па дарозе. Лёве ўдалося вывесці ўсіх чацвярых з Менску ў вёску Скірмантова ў Дзяржынскім раёне. Цуд – не іначай. Заданне хлопчык выканаў выдатна, дарослыя партызаны моцна здзівіліся і прынялі Лёву ў атрад. Адпачыць уволю, аднак, не атрымалася. Яго ўжо чакала новае заданне. Гэтым разам падлетак мусіў вывесці з гета да 30 асобаў, прычым гаворка ўжо не пра жанчын з дзецьмі. Атраду Пархоменкі неабходныя былі баяздольныя мужчыны.
Лёва мусіў знайсці чалавека на вуліцы Танкавай і прывесці яго і ягоных сяброў да партызанаў. Першапачаткова гаворка ішла аб некалькіх людзях. Але той сказаў, што яны пакуль не гатовыя і варта пачакаць пару дзён. Падлетка схавалі ў падвал і не выпускалі, толькі ежу прыносілі. На наступны дзень у падвал пачалі прыходзіць людзі. Агулам ахвотных сабралася чалавек трыццаць…

Выйсці праверанай сцежкай такім натоўпам было ўжо немагчыма. Вырашылі прабірацца праз лясы і багну. Шлі па 2-3 асобы на значнай адлегласці адзін ад аднаго. Аднойчы натрапілі на засаду, немцы пачалі пальбу і хтосьці з кампаніі загінуў, а астатнія кінуліся ў іржаное поле і там схаваліся. Выбраўшыся з іржы, усе сабраліся, каб палічыць, хто ацалеў. Высветлілася, што на шляху з Менску да іх далучыліся яшчэ пятнаццаць ахвотных патрапіць да партызанаў.

З успамінаў Льва Краўца:

«Былі гарачыя дні, вельмі хацелася піць, і я разграбаў мох, уціскаючы далоні ў багну. Калі ў далонях набіралася трошкі вады, я выпіваў яе, не глядзячы на бруд і машкару… На дарозе ляжалі забітыя кані, каровы. У каго былі нажы, абскубалі з тушаў чарвякоў і давалі нам па кавалку мяса, якое мы падсмажвалі на вогнішчы».

Такім чынам будучыя партызаны дабраліся да Скірмунтава, дзе іх сустрэў Пархоменка. Той пакінуў сабе баявых мужчын, падлеткі ж адправіліся ў сямейны габрэйскі атрад Шалома Зорына. Там Лёва знайшоў сваю сястру Маю.

Шалом Зорын – другі ў ніжнім шэрагу. Фота – Вікіпедыя

Гістарычная даведка:

106-ы партызанскі атрад пад кіраўніцтвам Шалома Натанавіча Зорына, у даваенным мінулым звычайнага сталяра, быў створаны ў красавіку 1943 года і сфармаваны з уцекачоў з гета. Базаваўся ў Налібоцкай пушчы, паблізу вёскі Скірмунтава. Налічваў каля 800 удзельнікаў. Акрамя партызанскай барацьбы, адкрытага супраціву, атрад Зорына меў на мэце выратаванне габрэяў. Толькі ў ліпені 1944, пасля вызвалення Менску, атрад фармальна далучылі да Чырвонай арміі. Шалом Зорын рэпатрыяваўся ў Ізраіль у 1971-м, дзе памёр праз тры гады.

Больш за год Леў Кравец правёў з партызанамі. Па вяртанні ў Менск ён трапіў у дзіцячы дом, пазней вывучыўся на слесара і ў сярэдзіне 50-х паступіў працаваць на трактарны завод.

Леў Абрамавіч Кравец . Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

…Маразы ў снежні 1956-га стаялі моцныя. Завадскія дзяўчаты рыхтаваліся адзначыць 22 дзень народзінаў сваёй сяброўкі Раі. Кватэра ў чатырохпавярховіку была запоўненая моладдзю. Яны, натуральна, любілі музычныя пласцінкі, але іх, па-першае, цяжка дастаць, па-другое, жывая музыка заўжды лепей. Агульны знаёмы дзяўчат мусіў прыйсці з акардыёнам, але ў апошні момант адмовіўся. Тады сяброўка прапанавала Раі прыцягнуць з завадскога інтэрнату «аднаго прыгожага хлопца», які можа зайграць. Сам хлопец на вечарыну не хацеў, а Раю ўвогуле не пусціў на парог – засмуціўся, бо ў пакоі было па-халасцяцку не прыбрана. Праўдамі-няпраўдамі, дзяўчаты выцягнулі Лёву. Узяўшы акардыён, той пацягнуўся ў Сляпянку. Святкавалі настолькі весела, што акардыён ен забыў у Раі.

Узгадвае Раіса Іванаўна Кравец:

«На наступны дзень ён прыйшоў забраць інструмент, а мае бацькі яго проста імгненна ўпадабалі, прапанавалі гарбаткі з салодкім. На акардыён ён зноў забыўся. І так хадзіў ён, хадзіў, а ў выніку забраў і мяне. У 1957 годзе мы распісаліся і з таго часу не разлучаліся ніколі».

Гаворыць Наталля Львоўна, дачка Льва Краўца:

«У таго пакалення не было звычкі распавядаць пра вайну, лічылася кепскім тонам. Мы з сястрой Лізай ведалі пра партызанскія гады таты вельмі-вельмі мала. Тым больш – у сям’і не гаварылі пра габрэйства. Ці быў тата савецкім чалавекам? Я думаю, і так, і не. Пасля вайны ў дзіцячым доме ён рос разам з беларусамі, рускімі… Габрэйскія традыцыі не было каму прывіваць. Але калі паўстала пытанне, ці ўступаць у камсамол, а потым у партыю, тата адназначна адмовіўся. Тлумачыў сваю адмову проста і сціпла «Не хачу». Відаць, таму і не прасунуўся па службе далей за кіраўніка бюро на тым жа трактарным заводзе. Там ён прапрацаваў да самай пенсіі».

Раіса Іванаўна з дачкой Наталляй. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

І жонка, і дачка Льва Абрамавіча сцвярджаюць: за савецкім часам у сям’і толькі аднойчы паўстала праблема з «пятай графой». У школе маленькую Наталлю запісалі не па бацькавым прозвішчы, а па прозвішчы маці. Сама Раіса Іванаўна – украінка, яе бацькі з Чарнігаўшчыны, але нарадзілася яна ўжо ў Менску, дзе і правяла дзяцінства пад нямецкай акупацыяй.

«Муж марыў з’ехаць у Амерыку, бо нейкім цудам даведаўся, што мае там сваякоў. Але казаць пра гэта тады было рызыкоўна. Я не хацела пакідаць Беларусь і ўперлася: ну хочаш – пакінь мяне і з’язджай! Застаўся… Пэўна, усё ж не настолькі прагнуў эміграваць. Ведаеце, ён неяк усё ўспрымаў спакойна, не пужаўся зменаў, але разам з тым быў хатнім, добрым, пяшчотным чалавекам», – узгадвае Раіса Іванаўна.

«Толькі ў перабудову мы пачалі шмат абмяркоўваць нашае габрэйскае паходжанне… Я, дарэчы, падобная да таты – валасы такія ж курчавыя», – кажа Наталля Львоўна і праводзіць далонню па галаве.

З чорна-белага фотаздымку на мяне глядзіць падцягнуты прыгожы мужчына, з цёмнымі курчавымі валасамі, глыбокімі цёмнымі вачыма, выразным носам і скуламі. Яго абдымае жанчына са светлым тварам, у светлай сукенцы. Абодва ўсміхаюцца – яны на адпачынку і шчаслівыя. На двары сярэдзіна 80-х.

«Майго мужа не стала ў студзені гэтага году. Узрост… 87 гадоў. Дый апошнім часам ён пакутаваў ад боляў. Мы пражылі разам 60 год і кожны дзень быў для мяне шчаслівым. Я кахала яго, а ён – мяне. Памятаю, як адзначалі 60-годдзе вяселля ў рэстарацыі… Ноччу, калі я кладуся спаць адна, робіцца так балюча! Гэты боль сціскае грудзі. Дзе ж ты, мой Лёвушка-саловушка? А потым разумею: трэба жыць. Трэба жыць».

Раіса Іванаўна паказвае фота з мужам, зробленае на гэтым жа месцы. Фота Ірына Арахоўская / Belsat.eu

***

Менскае гета было адным з самых буйных у Еўропе, дзейнічала з 20 ліпеня 1941 па 21 кастрычніка 1943. Праз Менскае гета прайшло больш за 100 000 габрэяў, каля 80 тыс. з іх загінулі.

Тэкст – Каця Андрэева, фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары