У Менску ў Палацы Незалежнасці распачалася сустрэча дарадцы прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джона Болтана з Аляксандрам Лукашэнкам. Пра гэта паведамляе БелТА.
Лукашэнка напачатку сустрэчы прапанаваў Болтану адкрыта і па-сяброўску абмеркаваць пытанні беларуска-амерыканскіх стасункаў.
«Я прапанаваў бы абмеркаваць адкрыта, нават па-сяброўску ўсе пытанні нашых стасункаў. Хай яны будуць непрыемнымі для Беларусі, але вы павінны іх пазначыць. Я таксама адкрыта і сумленна пазначу тыя пытанні, якія лічу патрэбным абазначыць перад вамі для далейшай нашай супрацы, у тым ліку якія, можа быць, не вельмі прыемныя будуць для ЗША. Гэта дазволіць стварыць нам тую базу стасункаў на будучыню, якая павінна быць паміж намі», – заявіў Лукашэнка.
«Нягледзячы на ўсю шуміху, якая адбываецца вакол вашай паездкі, тут шмат станоўчага, асабліва для Беларусі. Станоўчае заключаецца ў тым, і нас ніхто ў гэтым не папракне (і вы, напэўна, ведаеце пра гэта), што мы ўвесь час з моманту пагаршэння нашых стасункаў з ЗША прапаноўвалі закрыць гэтую нядобрую старонку і пачаць з новага ліста нашыя адносіны», – падкрэсліў ён.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што візіт Джона Болтана ў Беларусь зʼяўляецца гістарычным:
«Такіх прыкметных высокапастаўленых фігураў (з ЗША. – заўв. belsat.eu) у Беларусі не было даўно. І ў гэтым таксама гістарычнасць гэтага візіту».
Акрамя таго, да гэтага візіту ў Беларусі пабывалі шматлікія эксперты і спецыялісты з ЗША. «Я асабіста з імі сустракаўся, вёў размовы на розныя тэмы нашых узаемаадносінаў. І гэта сведчыць пра тое, што ў нас ёсць некаторая гісторыя перазагрузкі стасункаў», – адзначыў Лукашэнка.
«Лічу, гэта вельмі добрая магчымасць правесці размову па некалькіх вельмі важных тэмах – рэгіянальнай бяспекі, двухбаковай супрацы, – сказаў Джон Болтан. – Ёсць некалькі пытанняў, якія вельмі цікавяць ЗША: правы чалавека, нераспаўсюджванне зброі. Я згодны з вамі, што мы павінны быць лімітава адкрыты па гэтых тэмах. Думаю, мы зможам знайсці агульную мову».
Джон Болтан таксама адзначыў значныя змены, якія адбыліся ў стасунках паміж Беларуссю і ЗША, і назваў тэмы, якія хацеў бы абмеркаваць падчас свайго візіту.
«Гісторыя не стаіць на месцы. Ужо прайшло дастаткова шмат часу з распаду Савецкага Саюза, геапалітычная сітуацыя змянілася. Яна мяняецца нават падчас нашай размовы. Таму ёсць рэгіянальныя пытанні, ёсць пытанні, звязаныя з краінамі, якія геаграфічна знаходзяцца далёка адсюль, але яны таксама ўплываюць на сітуацыю тут. Гэта мы таксама хацелі б абмеркаваць з вамі», – растлумачыў ён.
***
Сёння, перад сустрэчай з Лукашэнкам, Джон Болтан наведаў мемарыял «Яма» на месцы масавага знішчэння вязняў Менскага гета.
Дарадца Прэзідэнта ЗША па нацыянальнай бяспецы Джон Болтан наведаў мемарыял “Яма”, узведзены ў памяць аб вязнях Мінскага…
Opublikowany przez U.S. Embassy Minsk, Belarus Czwartek, 29 sierpnia 2019
Перад прыездам у Менск Джон Болтан наведаў Кіеў, дзе сустрэўся з Уладзімірам Зяленскім.
Раней СМІ паведамлялі, што беларускія ўлады паставілі сабе мэту атрымаць дазвол на продаж нафтапрадуктаў і набыццё сырой нафты ў ЗША. У прыватнасці, Беларуская нафтавая кампанія наняла амерыканскага лабіста Дэйвіда Джэнкарэлі, які мусіць дабіцца ад Вашынгтона ліцэнзіі на гандаль.
ІІ belsat.eu