«Тут не вуліцы, а месіва!» Катастрафічная сітуацыя з дарогамі ў пасёлку пад Горадняй


Закладнікамі дрэнных дарог аказаліся жыхары пасёлку Каробчыцы пад Горадняй. Праехаць па некалькіх вуліцах наўпрост немагчыма, хоць надзелы тут у свой час не толькі прадавалі, але і давалі шматдзетным сем’ям.

Васіль, жыхар пасёлку Каробчыцы. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Жыхар пасёлку Каробчыцы Васіль прызначае нам сустрэчу на рагу вуліц Перспектыўнай і Землянічнай. Але яшчэ на пад’едзе да Перспектыўнай нам даводзіцца кідаць аўто, апранаць бахілы паверх абутку ды ісці пешкі.

Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Не-е-е, у гэтае балота да чэрвеня не паедзем!»

Наш суразмоўца апынуўся больш падрыхтаваным. Сваё аўто ён ужо традыцыйна пакідае ў адным з нешматлікіх сухіх месцаў на горачцы і наступныя некалькі сот метраў праходзіць пешкі ў ботах.

– Мы куплялі ўчасткі ў 2014-м, то бок, ужо шосты год пайшоў, – распавядае Васіль. – Сёлета яшчэ не так дрэнна з дарогамі, было і горш. Перыядычна дасылаю звароты ў райвыканкам праз сайт. Апісваю сітуацыю, дадаю фота. Бо тут з восені да позняй вясны – суцэльнае месіва! Калі сам яшчэ будаваўся, то дамаўляўся, каб падвезлі матэрыялы. Называю адрас. А мне кажуць, маўляў, «не-е-е, у гэтае балота да чэрвеня не паедзем!».

Праехаць на аўтамабілі тут наважыцца далёка не кожны. Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

«А што, калі спатрэбіцца хуткая дапамога?»

Васіль усміхаецца, калі яму кажуць, маўляў, чаму на дарогу не скінуцца самім жыхарам вакольных дамоў.

– Я спачатку думаў, што перацерпім. Раз’ездзіцца неяк. Прайшлі гады, «каробкі» выраслі, а на легкавой не даехаць. Калі паводле закону гэта вуліцы населенага пункту, то чаму жыхары маюць на іх скідвацца? Тым больш, што адзін бок з участкамі па Землянічнай быў бясплатна вылучаны для шматдзетных сем’яў. Ім бы за пабудову дамоў расплаціцца з крэдытамі, а не вуліцай займацца, – дадае суразмоўца.

Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

Участкі па іншы бок вуліцы купленыя, прычым, вышэй кадастравага кошту. Сярод іх і ўчастак Васіля з ужо пабудаваным жытлом. Мужчына кажа, што даўно б цалкам перабраўся сюды з сям’ёю, але не можа акурат праз складанасці з падʼездам.

– Аднаму дзіцёнку паўтара гады, другі – больш дарослы. А што, калі раптам спатрэбіцца хуткая дапамога? – паціскае плячыма Васіль. – Як яны даедуць? Што тут казаць, калі я банальна смецце не магу вывезці. Немагчыма жыць. Былі б нармальныя падʼезды – перабраўся б з сям’ёю.

Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Падсыпалі 50 метраў дарогі… і ўсё!»

Васіль неаднойчы звяртаўся ў дзяржаўныя структуры. Спачатку яму адказвалі, што рабіць нічога не будуць, пакуль не здадуць каналізацыю і водаправод на вуліцах.

Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

– Я ім у адказ пішу, што варта было б хоць на 2020 год прадугледзець, – працягвае суразмоўца. – Вось пасля Новага году быў адказ, што ўсё ж падсыпяць Землянічную. І што ў выніку? Я палічыў: прыехала, можа, шэсць машын і падсыпалі каля 50 метраў… А рэшта – самі бачыце. І ўсё. Можа, падумалі, што толку няма з тых падсыпак, а, можа, для выгляду наўпрост зрабілі.

Васіль паказвае яшчэ адзін адказ чыноўнікаў з райвыканкаму, дзе фігуруе новая дата «падсыпкі пясчана-гравійнай сумессю» – 1 ліпеня. Ці будзе зроблена хоць нешта або справа зноў абмяжуецца 50 метрамі – невядома. Калі сітуацыя не вырашыцца, жыхары вакольных дамоў плануюць збіраць подпісы і падаваць ужо калектыўны зварот.

Фота — Васіль Малчанаў / «Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў Belsat.eu

Стужка навінаў