«Тут не цырк, тут няма чаго здымаць!» Былому следчаму СК агучылі вырак


З моманту затрымання Юрый Клопаў знаходзіцца пад вартай.
Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

Суд Ленінскага раёну Магілёва агучыў вырак былому капітану юстыцыі ўпраўлення Следчага камітэту Юрыю Клопаву. Пракурор прасіў 12 гадоў пазбаўлення волі, а суд пастанавіў 7. «Гэта маленькая перамога», – пасля выраку падзяліўся ўражаннямі адвакат Юрыя Клопава.

Юрый Клопаў падчас судовага выраку.
Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

Юрый Клопаў, былы капітан юстыцыі ўпраўлення Следчага камітэту па Магілёўскай вобласці быў затрыманы ў траўні 2019-га за падбухторванне да дачы хабару. Пасля следчыя выйшлі і на эпізоды перадачы хабару, якія ў судзе даказваліся толькі тлумачэннямі сведкаў. У сваім апошнім слове Клопаў звяртаў увагу, што ў 37-ым годзе людзей таксама прызнавалі вінаватымі без доказаў, а на падставе адных толькі тлумачэнняў сведкаў.

Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

Ленінскі суд Магілёва ў асобе суддзі Ігара Шведава прызнаў былога следчага вінаватым у замаху на завалоданне маёмасцю шляхам падману і ў махлярстве, здзейсненым у асабліва буйным памеры, а таксама ў падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры (ч.1. арт. 14, ч.4. арт. 209, ч.5, арт. 16, ч.2, арт. 431 Крымінальнага кодэксу).

Суддзя суду Ленінскага раёну Магілёва Ігар Шведаў.
Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

Пакаранне – 7 год пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі, а таксама пазбаўленне спецыяльнага звання капітан юстыцыі. Пракурор прасіў 12 год пазбаўлення волі.

На паседжанні акрамя сваякоў прысутнічалі студэнты інстытуту МУС.
Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

«Сам Клопаў першапачаткова прызнаў сваю віну толькі ў падбухторванні да дачы хабару, у махлярстве ён віну не прызнае і мы будзем абскарджваць гэтую частку выраку», – патлумачыў адвакат Юрыя Клопава. Паводле адваката, гэты вырак – невялічкая перамога, бо Клопаў абвінавачваўся па цэламу шэрагу артыкулаў, але суд прызнаў даказанымі толькі частку з іх.

Адвакат Юрыя Клопава лічыць, што суд пачуў ягоныя довады і зняў частку абвінавачвання.
Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

Сваякі Юрыя Клопава, якія прыйшлі на вырак, засталіся на пазіцыі варажбы да журналістаў. Ад каментароў па сутнасці справы яны катэгарычна адмовіліся, патлумачыўшы гэта так: «Дзе вы былі раней? Вы праўду ўсё роўна не напішыце». Пры гэтым бабуля Клопава выказала свой негатыў да журналістаў наступным чынам: «Тут вам не цырк, няма чаго здымаць!» А іншая сваячка на пытанне журналістаў адказала ўласным пытаннем: «А прозвішча Маісеенка вам пра што-небудзь кажа?»

Фота: Васіль Коркін / Belsat.eu

Адвакат так патлумачыў пазіцыю сваякоў:

«Родныя Клопава ўпэўнены, што яго падставілі. Ну, так яно і ёсць у некаторым родзе».

Вольга Васільева Belsat.eu

Стужка навінаў