Турыстам могуць даць магчымасць кароткатэрмінова наведваць Беларусь без візаў


А куды на летні адпачынак свабодна могуць паехаць беларусы?

Неўзабаве набудзе моц указ, скіраваны на стварэнне бязвізавых падарожжаў на тэрыторыю Белавежскай пушчы. Калі такое рашэнне станоўча паўплывае на плынь турыстаў, МЗС Беларусі не выключае, што пойдзе далей.

«Чаму б і не падумаць пра тое, каб даць такую ж магчымасць турыстам, якія прыбываюць на два-тры дні ў Беларусь авіятранспартам», – сказаў начальнік галоўнага консульскага ўпраўлення МЗС Беларусі Ігар Фісенка. У 2014 годзе Беларусь дала магчымасць бязвізавага ўезду тым, хто наведваў матчы чэмпіянату свету па хакеі. Такой магчымасцю скарысталіся больш як 30 тыс. замежнікаў.

А пакуль да беларусаў без візаў могуць свабодна прыязджаць госці з краінаў СНД, а таксама грамадзяне Венесуэлы, Грузіі, Катару, Кубы, Македоніі, Манголіі, Сербіі, Турцыі, Чарнагорыі.

Ёсць куды гэтым летам паехаць і нашым суайчыннікам. Неўзабаве беларусы змогуць без марудных фармальнасцяў адпачыць на Мёртвым моры ў Ізраілі. Ігар Фісенка паведаміў, што Беларусь выканала ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, каб пагадненне пачало дзеяць, паінфармавала пра гэта Ізраіль.

Без візы беларусаў пусцяць у Венесуэлу, Турцыю, Гандурас, Кубу, Малайзію, Нікарагуа, Эквадор, Панаму, Перу, Кітай (групавыя туры), Манголію (паводле запрашэння ці з пуцёўкай), Македонію (паводле запрашэння ці з пуцёўкай), Сербію, Чарнагорыю (таксама з ваўчарам ці запрашэннем), Намібію, Сэйшэлы, Шры-Ланку, Таджыкістан, Узбекістан, Казахстан, Кыргызстан, Арменію, Азербайджан, Грузію, Малдову, Расею і Украіну.

[vc_single_image image=”4″ img_size=”large”]

Неўзабаве яшчэ адна паўднёваамерыканская краіна адкрые свае межы для беларусаў. Згодна з ужо ратыфікаванымі пагадненнямі, грамадзяне Беларусі ды Бразіліі змогуць узаемна наведваць свае краіны ў турыстычных або дзелавых мэтах без візы. Даўно вядуцца размовы аб частковым ці поўным зняцці візавых абмежаванняў Беларусі і Еўразвязу. Акрамя гэтага, нашая краіна актыўна вядзе перамовы адносна спрашчэння ці скасавання візаў прыкладна з пятнаццаццю дзяржавамі. Сярод іх Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Сінгапур ды Іран.

Гарась Валатовіч, паводле БелТА, БелаПАН

Стужка навінаў