Турцыя – турыстычнае пекла


Чаму джыхадысты перайшлі да атакаў на турыстаў? Відэасюжэт праграмы «Прасвет».

Тэракт скіраваны супраць замежнікаў. Зранку ў аўторак тэрарыст-смяротнік падарваўся ў самым цэнтры Стамбулу. Асноўныя пацярпелыя – немцы, асноўная версія – атака «Ісламскай дзяржавы». Турэцкія ўлады, як і падчас папярэдніх тэрактаў, забараняюць распаўсюд інфармацыі пра выбух. Ды абяцаюць чарговыя ўдары па тэрарыстах. Стамбул вяртаецца да жыцця, але туркі, а з імі і немцы баяцца новых атакаў.

Гэта быў выбух у самым сэрцы Стамбулу. У Султанхамеце – гістарычным раёне, які найбольш любяць турысты.

Вось як здарэнне пабачыў сведка Мурат Маназ:

«Так, гэта быў смяротнік. Панаваў хаос, усе кудысьці беглі. Паліцыя намагалася эвакуяваць усіх адтуль, асцерагаючыся другога выбуху».

Усе дзесяць ахвяраў выбуху – грамадзяне Нямеччыны. Сярод 15-ці параненых прынамсі двое ў крытычным стане – і гэта таксама немцы. Таму ў Стамбул адразу ж накіраваўся міністр унутраных справаў Нямеччыны.

«На падставе таго, што мы ведаем ад следства, няма аніякіх прыкметаў таго, што напад быў скіраваны супраць немцаў», – заявіў нямецкі міністр Томас дэ Мэзьер.

Але з вялікай імавернасцю – супраць замежнікаў, кажа журналістка і блогер са Стамбулу Арзу Гейбулаева.

«Менавіта мне падаецца, што мэтай былі іншаземцы, не туркі, у гэтым раёне сапраўды шмат туркаў працуе і ў крамах, і ў рэстаранах. З боку падаецца, што менавіта намагаліся «пакараць» іншаземных турыстаў», – адзначыла Арзу Гейбулаева.

А вось гэта і ёсць меркаваны тэрарыст-смяротнік – 28-гадовы Набіль Фадлі.

На гэтым відэа ён выходзіць з міграцыйнага офісу. Паводле турэцкіх медыяў, мужчына не быў у спісе патэнцыйных тэрарыстаў. Турэцкія паліцыянты затрымалі ўжо каля сотні чалавек паводле сувязяў з «Ісламскай дзяржавай», з іх трое – грамадзяне Расеі.

«Сярод затрыманых фігуруе Айдар Сулейманаў. 10 жніўня 2015 года яму завочна было прадʼяўлена абвінавачванне ў дзейнасці ў забароненай у Расеі тэрарыстычнай групоўцы «ІД», – паведаміла прэс-сакратарка МЗС Расеі Марыя Захарава.

А вось як пракаментаваў трагедыю турэцкі прэмʼер Ахмэт Давутаглу:

«Калі яны спрабуюць здзейсніць тэрарыстычныя атакі супраць нашага народа і нашых гасцей, мы адпомсцім. Мы працягнем абстрэлы і авіяўдары па пазіцыях «Ісламскай дзяржавы».

Цягам менш як году гэта ўжо чацвёрты тэракт у Турцыі, які мела здзейсніць «Ісламская дзяржава». Прэзідэнт Турцыі Эрдаган кажа, што краіна стала мішэнню для тэрарыстаў. Але так было не заўсёды.

«Да пэўнага моманту можна сказаць, што было гэткае замірэнне – «Ісламская дзяржава» і Турцыя мелі супольных ворагаў – рэжым Асада ў Сірыі і сірыйскіх курдаў. Апроч таго, турэцкія спецслужбы заплюшчвалі вочы на зʼяўленне ці транзіт джыхадыстаў праз тэрыторыю краіны», – адзначыў у каментары «Белсату» аналітык Інстытуту міжнародных справаў (Варшава) Конрад Заштаўт.

Менавіта праз Турцыю сотні, калі не тысячы баевікоў з былых савецкіх рэспублік маглі трапіць у Сірыю і Ірак, каб ваяваць на баку джыхадыстаў. Пералом адбыўся летась, калі Анкара дазволіла выкарыстоўваць вайсковую базу ў Інджырліку для налётаў на гэтак званую «Ісламскую дзяржаву». Ды пачала граць актыўную ролю ў змаганні з тэрарыстамі, што праўда, пераследуючы ўласныя мэты.

«Актывізацыя Турцыі ў сірыйскім канфлікце можна параўноўваць з дзеяннямі Расеі. Дэклараваным ворагам ёсць «Ісламская дзяржава», але насамрэч у кожнай краіны – свае прыярытэты. Для Расеі – гэта антыасадаўская кааліцыя, для Турцыі – аслабленне курдаў, бо яна баіцца ўтварэння курдскай аўтаноміі на сваёй тэрыторыі», – зазначыў Конрад Заштаўт.

Таму Анкара будзе мець пад пільнай увагай курдаў, якія ваююць супраць ісламістаў. Варта чакаць, што Турцыя больш заангажуе свае сілы ў змаганне з тэрарыстамі – да рэгіянальнага лідарства краіна імкнулася заўсёды. Гэткім планам, аднак, можа перашкодзіць Расея, але да сурʼёзнага супрацьстаяння паміж краінамі наўрад ці дойдзе – вайна каштуе дорага.

Апошняе выданне праграмы «Прасвет»  цалкам:

Стужка навінаў