Турцыя перадасць Расеі цела загінулага расейскага пілота


Цела расейскага пілота Алега Пяшкова, які загінуў пасля збіцця турэцкім знішчальнікам расейскага самалёта, будзе перададзена расейскім дыпламатам у сталіцы Турцыі Анкары.

Пра гэта паведаміў журналістам прэм’ер-міністр Турцыі Ахмэт Давутаглу.

«Нашаму баку перададзена цела расейскага пілота, які загінуў падчас інцыдэнту з парушэннем мяжы. Гэтай ноччу пры садзейнічанні праваслаўных святароў, якія знаходзяцца ў Хатаі, былі праведзеныя неабходныя рэлігійныя абрады. Цела загінулага на запыт Расеі будзе перададзенае расейскаму боку», – сказаў Давутаглу.

Глядзіце яшчэ >>> Штурман Су-24 заяўляе, што самалёт збілі без папярэджвання

Як паведаміў расейскім журналістам прэс-аташэ амбасады Расеі ў Анкары Ігар Міцякоў, у палёце ў сталіцу Турцыі цела будзе суправаджаць ваенны аташэ амбасады, падае Бі-Бі-Сі.

«На аэрадроме ў Анкары самалёт будуць сустракаць пасол РФ Андрэй Карлаў і прадстаўнікі амбасады. Дата і час дастаўкі цела пілота ў Расею пакуль удакладняюцца», – паведаміў прэс-аташэ.

Расейскі бамбавальнік Су-24 быў збіты турэцкім знішчальнікам 24 лістапада праз парушэнне паветранай прасторы краіны, як даводзіць турэцкі бок.

Глядзіце яшчэ >>> Ірына Хакамада: Турцыя ўсё сапсавала. Баюся, каб не пачалася Трэцяя сусветная

Міністэрства абароны Расеі заяўляе, што расейскі бамбавальнік знаходзіўся выключна над сірыйскай тэрыторыяй і што «парушэння паветранай прасторы Турцыі не было».

Абодва лётчыкі Су-24 здолелі катапультавацца, аднак адзін з іх быў забіты агнём з зямлі. Другі лётчык быў выратаваны і дастаўлены на базу.

У пошукавай аперацыі загінуў таксама адзін з марпехаў-кантрактнікаў, калі верталёт Мі-8 трапіў пад абстрэл і здзейсніў вымушаную пасадку.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў