Туркменскіх настаўнікаў змушаюць скінуцца на партрэт прэзідэнта. А ў Беларусі?


Дзяржаўныя ўстановы Туркменістану абавязалі закупіць партрэты Гурбангулы Бердымухамедава, на якіх ён з сівізною. На ранейшых партрэтах Бердымухамедаў быў з чорнымі валасамі.

Партрэты прэзідэнта ў Туркменістане рэгулярна абнаўляюцца за кошт службоўцаў. Гэтым разам настаўнікам давялося скінуцца па 5 манатаў (каля трох рублёў). Выявы Бердымухамедава абавязковыя.

Ці змушаюць беларускіх настаўнікаў набываць партрэты Лукашэнкі?

У нас няма закону, які б абавязваў выкарыстоўваць партрэты Аляксандра Лукашэнкі. Ягоны партрэт не адносіцца да дзяржаўных сімвалаў. У юрыдычных базах іх няма, і статусу нарматыўна-прававога акту яны не маюць. Але, паводле юрыста Аляксандра Жука, існуюць нейкія рэкамендацыі Адміністрацыі прэзідэнта адносна размяшчэння партрэтаў.

Belsat.eu звязаўся з дырэктарам магілёўскай школы № 19, дзе ў лістападзе хтосьці выкінуў два партрэты Лукашэнкі.

«Гэта непаразуменне. Яны зрабіліся непрыдатныя. Мы павесілі новыя», – сказаў Аляксандр Смародскі.

Набываюцца партрэты за кошт школы ці вучняў з настаўнікамі, ён не сказаў. Паводле Аляксандра Смародскага, гэта далікатнае пытанне.

У аддзеле адукацыі Магілёўскага райвыканкаму нам распавялі, што вешаць ці не партрэт прэзідэнта на сцяну – прыватная пастанова кожнага педагога.

«Мы не змушаем вешаць партрэтаў і загадаў такіх не выдаём. Гэта друкаваная прадукцыя, якую можна паўсюль набыць і рабіць з ёю, што хочацца – вешаць прэзідэнта або не», – адказала кіраўніца аддзелу адукацыі Наталля Тарасенка.

Лукашэнка яшчэ ў 2006 годзе наказаў чыноўнікам зняць свой партрэт са сцяны, каб яго не папракалі ў правадырстве.

«Прыбраць усе мае партрэты! Дастаткова невялікага фотаздымка, які будзе стаяць там, дзе ён павінен стаяць, і людзі будуць глядзець», – дадаў тады ён.

Цяпер партрэт Лукашэнкі, напрыклад, можна набыць на oz.by.

Акурат на яго дзеіць зніжка 7 %, каштуе ён Br 1,86. Плакат ёсць на складзе, а каментар oz.by да яго лаканічны: «вельмі даўгавечная рэч».

Гэткія ж і водгукі пакупнікоў інтэрнэт-крамы.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў