Цёплая зіма нясе шмат праблемаў для сельскай і лясной гаспадарак


На мапе Міністэрства надзвычайных сітуацыяў адлюстраваная інфармацыя пра небяспечныя прыродныя ўмовы, а таксама пра паводкі ды пажары ў экасістэмах. Паводле стану на 18 лютага небяспечных з’яваў не прадбачыцца. Але ў гэты ж час зафіксавана ажно 10 пажараў у экасістэмах на поўдні Беларусі. І гэта нетыпова для лютага, лічаць эколагі.

Па стане на 18 лютага выратавальнікі зафіксавалі ажно 10 пажараў на поўдні Беларусі. Гараць лясы і балоты на Берасцейшчыне. Звычайна ў мінулыя гады пажараў у такую пару году не было.

Скрыншот са старонкі mchs.gov.by

«Цяпер вельмі мала ападкаў, асабліва на поўдні і на паўднёвым захадзе краіны. Глеба вельмі моцна перасушваецца. Тады яна ўспрымальныя да пажараў. Гэта водгукі пацяплення», – распавёў «Белсату» Віктар Трафімовіч, намеснік дырэктара па навуковай працы Палескага аграрна-экалагічнага інстытута НАН Беларусі.

На думку эколага, сітуацыя цяпер з ляснымі пажарамі надзвычай небяспечная.

«У нас цяпер лес вельмі засмечаны, балоты не пракошваюцца. Артадоксы ў ахове навакольнага асяроддзя лічаць, што чым менш чалавек будзе ўмешвацца ў прыроду, тым лепей. Але ёсць глабальныя законы прыроды. Біямаса, якая назапашваецца, не будзе ляжаць проста так, яна абавязкова ўтылізуецца прыродным механізмам», – кажа Віктар Трафімовіч.

Hавiны
Пасярод зімы ў Берасці зацвілі фіялкі. Фотафакт
2020.01.15 18:34

Навуковец прыводзіць прыклад, што торф на балоце назапашваецца з хуткасцю два міліметры за год, а то і болей. А балотаўтварэнне адбываецца ў Беларусі з ледавіка, які быў 20 тысячаў гадоў таму. Тым не менш горы торфу, якія паводле логікі павінны былі зʼявіцца, мы не бачым, таму што як толькі пачынаецца перавышэнне запасаў торфу, уключаецца прыродны механізм: звычайная маланка і знішчэнне праз пажар.

«У прыродзе не можа быць вельмі шмат памерлай біямасы, яна знішчаецца. Але гэта можна выкарыстоўваць у зялёнай эканоміцы: напрыклад, рабіць паліва для абагравання. Цяпер трэба ў існую кліматычную фазу, якая характарызуецца засушлівым надворʼем, збіраць лішнюю біямасу [торф, хмызняк, траву варта збіраць. – Belsat.eu], каб не правакаваць прыродныя пажары. Не здарма гараць Альманскія балоты, лясы», – падсумоўвае Віктар Трафімовіч.

Навукоўцы яшчэ пяць гадоў таму выступілі з ініцыятываю, каб нават у заказніках распачаць рэгуляваць колькасць біямасы.

Праз пацяпленне прыляцелі пералётныя птушкі

Праз цёплую зіму эколагі фіксуюць не толькі пажары, але і шэраг іншых зʼяваў, якіх раней не было. У прыватнасці, уначы 17 лютага каля ракі Буг лёталі майскія жукі.

Hавiны
У Белавежскай пушчы засталіся зімаваць некаторыя пералётныя птушкі
2020.01.29 08:08

Навукоўцы Белавежскай пушчы заўважылі ў вадаёмах лебедзяў і качак, якія звычайна эмігруюць у цёплыя краіны на зіму. На балотах і вадаёмах заўважылі шэрых чапляў, а ў пойме ракі Лясная паблізу вёскі Навіцкавічы адзначаны 2 асобіны вялікай белай чаплі.

«Тыя птушкі, што прыляцелі, яны прыляцелі не з Афрыкі, гэта так званыя «блізкія мігранты». Гэтыя птушкі зімуюць у Заходняй ці Паўднёвай Еўропе. Яны пераносяць снег і мароз. Нават калі адбудзецца пахаладанне, для гэтых птушак праблемаў не будзе. Але ў цэлым так, рана вярнуліся некаторыя пералётныя пярнатыя. Раней былі адзінкі, а цяпер па ўсёй Беларусі заўважаюцца зграі. Веснавы настрой ужо ў прыродзе ёсць», – распавёў «Белсату» Аляксандр Вінчэўскі, дырэктар ГА «Ахова птушак Бацькаўчышыны».

Hавiны
«Калі снегу няма, то гэта мае вельмі сумныя наступствы». Хто пакутуе ад анамальна цёплай зімы?
2020.01.31 11:22

Суразмоўцы «Белсату» адзначаюць: існая кліматычная фаза характарызуецца тым, што ў апошнія гады выпадае вельмі мала ападкаў.

«Гэта датычыцца поўдня Беларусі. На поўначы нашай краіны сітуацыя не такая. Так, там таксама назіраецца пацяпленне, але колькасць вільгаці выпадае ў ранейшым абʼёме», – кажа Віктар Трафімовіч.

Цёплая зіма прынясе шмат кепскага для сельскай гаспадаркі

«Недахоп вільгаці ў глебе прывядзе да істотных зменаў. Пасяўная раней магла доўжыцца нават два тыдні. Цяпер, калі пачнецца ўстойлівая плюсавая тэмпература глебы, то вільгаці ў зямлі практычна не застанецца. Асабліва гэта датычна поўдня краіны. А вось садзіць зерне ў сухую зямлю – гэта праблема. Статыстыка паказвае, што неабходная колькасць вільгаці назапашваецца ў траўні. Таму гучаць прапановы правесці пасяўную ў траўні. Але вегетацыйны перыяд у поўным разгары, таму познія пасевы не дадуць нават сярэдні ўраджай», – кажа Віктар Трафімовіч.

Праз мяккую зіму і адсутнасць маразоў узнікаюць і новыя пагрозы.

«Зʼяўляюцца новыя шкоднікі, якія могуць перазімаваць. Яны знішчаюць пасевы. Таму цяпер без аграхіміі немагчыма абысціся. У нас праз кожныя пяць гадоў зʼяўляецца сурʼёзны шкоднік у сельскай гаспадарцы. Напрыклад, кукурузны даўганосік, хлебны жужаль вельмі небяспечныя. Раней для збожжавых не было асаблівых праблемаў. Таму цяпер трэба хімія. І гэта не толькі дадатковыя выдаткі. Вядома, што хімічныя рэчывы дабра не нясуць для прыроды, ды і чалавеку таксама шкодзяць», – распавёў суразмоўца.

Яшчэ адной праблемай для сельскай гаспадаркі стане пустазелле. Раней вясной было шмат вільгаці, у якой насенне пустазелля проста перагнівала. А цяпер яно ў добрым стане.

Праблемы ўзнікаюць і ў лясной гаспадарцы

«На тэрыторыі ад Гомля да Берасця ў лясах масавая небяспека – караеды. Гэтыя шкоднікі могуць перакінуцца і на тэрыторыю Польшчы. На Палессі паўсюль высечкі, вядзецца змаганне з гэтым шкоднікам», – адзначае Віктар Трафімовіч.

Небяспека з’явілася праз пацяпленне і для чалавека. Калі раней кляшчы актывізаваліся ў траўні і былі пагрозаю да верасня, то цяпер у Берасці яны актыўныя цэлы год.

Hавiны
Змены клімату: беларускія лясы могуць застацца без буякоў
2019.07.29 09:46

СК belsat.eu

Стужка навінаў