«Цыганскага следу зусім магло не быць». Волчак – пра расследаванне забойства інспектара ДАІ


Алег Волчак

Былы следчы пракуратуры Алег Волчак па просьбе «Белсату» ацаніў прафесіяналізм міліцыі і следчых, якія займаюцца расследаваннем забойства ў Магілёве інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча.

Якія шанцы раскрыць гэтую справу, калі на трэці дзень пасля забойства падазраваных усцяж няма?

Гэта нармальны працэс следства: ён ідзе два месяцы, а потым вырашаецца пытанне аб працягненні папярэдняга следства. Гэта стандартная практыка: працуюць, шукаюць.

Калі правільна агледжанае месца здарэння, калі сабраць доказы і правесці аператыўныя мерапрыемствы, то [злачынцаў] можна знайсці і праз пяць, і праз дзесяць гадоў. У маёй практыцы было забойства, якое раскрылі праз 15 гадоў. Галоўнае, каб усё было сабрана прафесійна: доказы, тэлефонныя званкі, якія былі ў гэтым раёне, сляды колаў, паламанае галлё.

Наколькі прафесійным выглядае расследаванне, калі меркаваць па тым, што распавядае пра гэта сам Следчы камітэт?

Кепска, што няма ніякай канферэнцыі Следчага камітэту, на якой хаця б распавялі, што яны зрабілі папярэдне, якія вышуковыя мерапрыемствы правялі.

Мне не падабаецца тое, што ўсіх цыганоў па Беларусі пачалі тузаць і затрымліваць без нагоды і прычынаў. Цыганы пачалі хавацца па кватэрах, бо баяцца збіцця і затрымання. Гэта непрафесійная праца. Так не ловяць злачынцаў.

Вы першы заявілі, што версія з «цыганамі на чорнай “Волзе”» можа быць ілжывым следам. Чаму аблавы на цыганоў працягваюцца, нягледзячы на тое, што непрыярытэтнай гэтую версію прызнаў таксама Следчы камітэт?

Гэта праблема адсутнасці нармальнага кіраўніцтва Следчага камітэту на месцах. Раней такімі справамі кіравалі пракуроры.

Падчас маёй працы ўсё рабілася нашмат больш пісьменна – па цяжкіх злачынствах у нас былі штодзённыя нарады, на якіх абмяркоўваліся ўсе магчымыя версіі. Натуральна, у нас ніколі не было адной – звычайна мы распрацоўвалі ад пяці да сямі версіяў.

Наколькі я бачу, у гэтай справе цыганскага следу зусім магло не быць.

Хутчэй за ўсё, трэба шукаць мясцовыя варыянты. Можа быць у гэтага маладога міліцыянта была сувязь з нейкімі незразумелымі людзьмі.

Як вы пракаментуеце тое, што міністр унутраных справаў не прыехаў на пахаванне Яўгена Патаповіча?

Лічу, у гэтай сітуацыі павінная была быць аб’яўленая міліцэйская жалоба. Калі забіваюць паліцыянта ў Штатах, там праводзяць жалобныя мерапрыемствы.

Гэтак ў нас і праяўляецца адсутнасць прэстыжу працы для шараговых супрацоўнікаў у органах.

Абноўлена
Ігар Шуневіч не прыехаў на развітанне з застрэленым інспектарам ДАІ
2019.05.18 10:49
  • Алег Волчак – старэйшы следчы пракуратуры Фрунзенскага раёну Менска ў 1994–1998 гадах. Былы дэпутат Менскага гарадскога савету. Займаецца праваабарончай дзейнасцю.

Размаўляў Дзяніс Дзюба. Фота анонсу – Сяргей Старыкаў / ТАСС / Forum

Стужка навінаў