«Цяжкія гады ў стасунках Беларусі і ЕЗ прайшлі». Менскі форум у чатырох галоўных тэзісах


У беларускай сталіцы 22 лістапада распачалася XVI міжнародная канферэнцыя Менскі форум. Belsat.eu сабраў галоўныя тэзісы першага дня форуму.

У стасунках Беларусі і ЕЗ – станоўчая дынаміка

Гэтую думку ў розных варыяцыях паўтаралі ўсе спікеры ў першы дзень Менскага дыялогу.

Дэпутат Бундэстагу Дзірк Візэ

«Стасункі паміж Беларуссю і ЕЗ у апошнія гады развіваліся са станоўчай дынамікай. Цяжкія гады прайшлі. Але яшчэ патрэбныя намаганні, каб цалкам аднавіць давер», – адзначыў дэпутат Бундэстагу, каардынатар ураду Нямеччыны па супрацы з Расеяй, Цэнтральнай Азіяй і краінамі Усходняга партнёрства Дзірк Візэ.

Дырэктар па Ўсходняй Еўропе і ўпаўнаважаны МЗС Польшчы па Ўсходнім партнёрстве Ян Хафмокл адзначыў: калі ахарактарызаваць беларуска-еўрапейскія стасункі ў апошні год адным словам, то гэта слова – «нармалёвасць».

Намеснік міністра замежных справаў Беларусі Алег Краўчанка заявіў у сваю чаргу, што беларуска-еўрапейскія стасункі «цалкам нармалізаваныя».

ЕЗ чакае пазітыўных сігналаў ад Менску ў галіне правоў чалавека

«Вядома, што прысутнічае скепсіс адносна сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Цяпер Беларусь можа даць сігнал, што кажа з ЕЗ на адной мове», – падкрэсліў Дзірк Візэ.

У прыватнасці, Візэ заклікаў увесці мараторый на смяротнае пакаранне і палепшыць сітуацыю са свабодай слова ў Беларусі. Ён нагадаў, што існаванне смяротнага пакаранне ў Беларусі – галоўная перашкода для далучэння Беларусі да Рады Еўропы.

«Мы б вельмі парадаваліся, калі б Беларусь вярнулася у Раду Еўропы», – падкрэсліў ён.

Прапанаваў афіцыйнаму Менску задумацца пра адмену смяротнага пакарання і Міхаэль Зіберт – упаўнаважаны па Ўсходняй Еўропе, Каўказу і Цэнтральнай Азіі ў МЗС Нямеччыны.

Асобна дэпутат Бундэстагу Дзірк Візэ адзначыў: калі б беларускія ўлады перасталі ствараць перашкоды для працы ў краіне нямецкіх фондаў (у прыватнасці, Фонду Адэнаўра і Фонду Фрыдрыха Эберта), то Берлін вельмі вітаў бы гэты крок.

Кіраўніца прадстаўніцтва ЕЗ у Беларусі Андрэа Віктарын у сваю чаргу адзначыла, што Брусель не збіраецца ціснуць на Беларусь у пытаннях развіцця стасункаў з Еўразвязам.

«Мы прапануем супрацу настолькі, наколькі наш партнёр гатовы да супрацы. Наша сяброўства не накіраванае на кагосьці трэцяга. Мы паважаем партнёрства нашых партнёраў», – дадала яна.

Беларусь імкнецца да супрацы, але не хоча ў ЕЗ

Алег Краўчанка

Намеснік кіраўніка МЗС Алег Краўчанка заявіў, што Беларусь зацікаўлена ў партнёрстве з ЕЗ, «але не ставіць мэтаю сяброўства або перспектыву сяброўства ў Еўразвязе». Больш за тое, паводле дыпламата, Беларусь не хоча нават нейкіх прэферэнцыяў у стасунках з Еўропай.

Што тычацца «Ўсходняга партнёрства», то беларускія ўлады хацелі, каб вынікі праграмы былі больш зразумелымі і бачнымі.

Спрашчэнне візавага рэжыму чакаецца ў хуткім часе

Прадстаўнікі ЕЗ і Беларусі канстатавалі, што падпісанне пагаднення аб рэадмісіі і спрашчэнні візавага рэжыму чакаецца ў хуткім часе, але канкрэтныя тэрміны не агучылі.

«Можна чакаць хуткага заключэння дамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму. Мы на фінішнай прамой, але нам яшчэ трэба папрацаваць», – адзначыў дэпутат Візэ.

  • Міжнародная канферэнцыя Менскі форум упершыню адбылася ў Беларусі ў 1997 годзе. У 2011 годзе штогадовае правядзенне форуму спынілі праз хвалю палітычных рэпрэсіяў у Беларусі пасля Плошчы-2010. У 2016 пляцоўка была адноўленая.

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў