Цяжкахвораму Юрыю Амельчуку так і не далі грамадзянства. Ён памёр


21-гадовы нарадзінец Украіны, які з пяці гадоў жыў у Беларусі, сканаў уначы ў шпіталі.

Пра смерць belsat.eu паведаміла ягоная сяброўка Аліна. Дзяўчына кажа, што Юру знайшлі медсёстры.

«Памёр у цішыні. Ужо даўно рэч была не ў грамадзянстве. Далі б яго або не, у яго была чацвёртая стадыя, а ў Беларусі яе не лекуюць. Яшчэ ў жніўні была другая. І яго з жніўня як лекавалі? Ніяк! Давалі дэксаметазон, які пашырае судзіны, і ўсё. Ён вельмі хацеў, каб яму адрэзалі жывот. Каб ён зноў мог дыхаць нармальна. Мы планавалі ягоны прыезд, але ўчора ён ужо не хацеў размаўляць, не падымаў слухаўкі. Вельмі хутка ўсё адбылося».

Дзяўчына кажа, што ад Юрыя хавалі інфармацыю, што ў яго ўжо чацвёртая стадыя рака лёгкіх.

«Ён да апошняга думаў, што гэта кіста. У жніўні ў Бараўлянах яму далі два месяца, калі б ён ведаў, ён бы не сядзеў і не чакаў. Юра хацеў жыць. Ужо сабралі грошы для яго, каб паехаў у Санкт-Пецярбург да дактароў, мы былі запісаныя на кансультацыю. Але маці сказала, што ў яго вельмі дрэнны стан. Ён быў вельмі слабы. У яго не было патрэбнага харчавання. Чалавек на пюрэшках. У яго ўжо не было імунітэту. Мне падаецца, што проста ўжо не вытрывала сэрца. Ён амаль не мог дыхаць.

Але Юра і ў гэтай сітуацыі даваў рады ўсміхацца ды жартаваць. Ён быў сонечным чалавекам, яго ўсе вельмі любілі. Цяпер у мяне будзе свой анёл-ахоўнік.».

У Берасцейскім аддзеле па міграцыі і грамадзянству дасюль не атрымалі дакументаў з Адміністрацыі прэзідэнта.

«Мы таксама былі зацікаўленыя, каб развязаць пытанне з грамадзянствам Юрыя як мага хутчэй. Але з Адміністрацыі яшчэ не прыйшоў адказ».

Belsat.eu выказвае свае шчырыя спачуванні бацькам і родным Юрыя Амельчука.

Кім быў Юрый Амяльчук

Юрый Амяльчук скончыў у Беларусі школу і каледж. Раней не меў сур’ёзных захворванняў, але падчас адпрацоўкі ў лістападзе 2016 года ў хлапца выявілі саркому косці. На аперацыю дапамаглі сабраць грошы валанцёры.

У ліпені 2018 года ў Юрыя знайшлі пухліну ў лёгкім, а пазней – двухкамерную кісту, якая пачала імкліва разрастацца і душыць унутраныя органы. Аперацыя на лёгкім – у межах 5–6 тысячаў долараў. Кошту аперацыі па выдаленні кісты лекары ўвогуле не паведамляюць. Зноў сабраць такія грошы сямʼя Юрыя не ў стане.

Хлопца не хацелі лекаваць бясплатна, бо ён не мае беларускага грамадзянства. Аднак пасля розгаласу справаю Юрыя занялася Адміністрацыя прэзідэнта.

Гісторыю Юрыя глядзіце ў нашым рэпартажы

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў