Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва пройдзе онлайн 16-22 лістапада. Ключавая тэма сёлета — бізнес у пераломны час. Арганізатары форуму супраць гвалту і выказваюць салідарнасць і падтрымку прадпрымальнікам, якія пацярпелі за свае перакананні і палітычныя погляды.
Ціск, які цяпер аказваюць на беларускіх бізнесменаў, з’яўляецца псіхалагічным, эканамічным і фізічным гвалтам, заяўляюць арганізатары.
«Мы выказваем салідарнасць і падтрымку ўсім прадпрымальнікам, якія пацярпелі за свае перакананні і палітычныя погляды. І заклікаем бізнесменаў аб’яднацца, далучыцца да Сусветнага тыдня прадпрымальніцтва і абмеркаваць у рамках мерапрыемстваў GEW Belarus разумны і законны выхад з існуючага ў краіне грамадска-палітычнага і эканамічнага крызісу.
Адзін буйны беларускі бізнесовец нядаўна сказаў, што бізнэс не займаецца палітыкай, ён займаецца эканомікай. Так, але НЕ! Таму што сёння ў нашай краіне ўсе займаюцца палітыкай. Гэта дадзенасць, а не выбар. Яе трэба прыняць, усвядоміць і вырашыць для сябе, якую ролю асабіста я выконваю ў гісторыі «Беларусь 2020»», — заяўляюць арганізатары.
Арганізатары таксама заклікаюць бізнесменаў і прадпрымальнікаў далучыцца да абмеркавання варыянтаў разумнага і законнага выхаду з існуючага ў краіне грамадска-палітычнага і эканамічнага крызісу.
«Пандэмія скараціла шэрагі дробных прадпрымальнікаў значна, але не крытычна. Беларускія бізнесмены, якія перажылі не адзін фінансавы калапс, апынуліся не проста жыццястойкімі, але і здольнымі да хуткага самааднаўлення і пераўтварэння. Шмат у чым дзякуючы таму, што сёння называюць «нараджэннем нацыі», гэта значыць грамадскай згуртаванасці, салідарнасці і ўзаемадапамозе».
У маніфесце асаблівы акцэнт зроблены на адносінах паміж уладамі і прадстаўнікамі бізнесу, якія выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю, якая не супадае з афіцыйнай інтэрпрэтацыяй падзей жніўня 2020 года.
Поўны тэкст маніфеста чытайце па спасылцы.
GEW – штогадовая Сусветная ініцыятыва, у якой удзельнічаюць бізнесмены, прадпрымальнікі, стартапы з больш як 170 краін. У Беларусі Сусветны тыдзень прадпрымальніцтва праходзіць ужо 10 разоў. Сёлета лозунг форуму — «Пераломны год. Пераломнае дзесяцігоддзе».