Цягнік пераехаў хуткую ў Польшчы – загінулі лекары


У інтэрнэце з’явілася відэа здарэння на чыгуначным пераездзе ў мястэчку Пушчыкава на захадзе Польшчы: машына хуткай уязджае на рэйкі пасля закрыцця шлагбауму, пасля чаго ў яе на поўнай хуткасці ўлятае цягнік.

На кадрах камеры відэаназірання бачна, як машына хуткай дапамогі ўязджае на пераезд, калі адзін са шлагбаумаў ужо апусціўся, а другі як раз апускаўся.

У выніку хуткая аказалася ў пастцы. Пасля гэтага кіроўца паспрабаваў паставіць машыну паралельна да рэек, але не паспеў зрабіць гэтага за 40 секундаў, якія аддзялялі момант закрыцця шлагбауму ад праезду цягніка «Катавіцэ–Гдыня». На відэа не бачна, каб нехта спрабаваў пакінуць машыну.

У рэпартажы TVN24 бачна, што хуткая аказалася цалкам змятай цягніком.

У выніку здарэння загінулі лекар і медычны ратаўнік. Кіроўца знаходзіцца ў шпіталі ў цяжкім, але стабільным стане.

Вядома, што хуткая ехала ў Пушчыкава па пацыента, жыццё якога знаходзілася ў небяспецы.

Прадстаўнікі польскай чыгункі распавялі, што ў цягніку ніхто не пацярпеў.

Познаньская пракуратура распачала следства па справе здарэння. Следчыя маюць намер высветліць, чаму кіроўца не захацеў тараніць шлагбаум.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў