Цягнік пераехаў аўта ў Слоніме. Кіроўца жывы, але нічога не памятае


Фота – gaigrodno.by

Раніцай 12 красавіка «Крайслер» уехаў на рэйкі на чыгуначным пераездзе ў Слоніме і аказаўся на шляху дызеля «Баранавічы–Горадня». Цягнік працягнуў мінівэн перад сабой, а потым адкінуў у правы бок. З вялікай колькасцю траўмаў кіроўцу даставілі ў рэанімацыю.

Сведкі распавялі, што машына выехала перад цягніком на чырвоны сігнал святлафора.

12 красавіка 2019 года. Супрацоўнікі МНС дэблакуюць пацярпелага з аўтамабілю пасля сутыкнення яго з цягніком у Слоніме. Фота – gaigrodno.by

60-гадовы кіроўца цяпер у рэанімацыі Слонімскага шпіталя. У яго папярэдне дыягнаставалі пашкоджанне рэбраў і чэрапна-мазгавую траўму. Ён у свядомасці, але амаль нічога не памятае пра абставіны здарэння, падае ДАІ Гарадзенскай вобласці. Мяркуецца, што прычынаю няшчаснага выпадку мог стаць стан здароўя мужчыны.

Супрацоўнікі МНС дэблакуюць пацярпелага з аўтамабілю. Фота – gaigrodno

У міліцыі кажуць, што гэта першая за апошнія два гады аварыя на гэтым чыгуначным пераездзе. У ліпені 2017-га цягнік пратараніў тут «Волгу», у выніку чаго загінулі муж і жонка, нагадвае газета «Слонімская».

Рух цягнікоў аднавілі праз дзве гадзіны пасля здарэння.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў