Цягнік «Менск – Гомель» захрас пад Жлобінам. Людзі спазніліся на самалёты, цяжарная дзяўчына страціла прытомнасць


Цяпер Беларуская чыгунка абяцае разабрацца ў сітуацыі. Стварылі спецыяльную камісію, якая праводзіць службовае расследаванне. Усяго нязручнасці зазналі каля 1200 пасажыраў.

16 чэрвеня пасажырскі «Штадлер» спыніўся ў полі непадалёк Жлобіна. Праз тэхнічныя непаладкі пасажыры некалькі гадзінаў правялі ў вагонах з адключанаю вентыляцыяй і зачыненымі прыбіральнямі.

Людзі спазніліся на самалёты, цяжарная дзяўчына страціла прытомнасць, а пасажырам з малымі дзецьмі нават не прапанавалі вады, паведамляў блогер NEXTA у Telegram.

«Людзей не інфармавалі пра тое, што адбылося, а прыбіральні і кандыцыянеры не працавалі – пасажыры ўручную адчынялі дзверы, каб падыхаць паветрам. Як выявілася, цягнік «Гомель – Менск» меў дзве групы вагонаў, адна з якіх зламалася. Толькі праз дзве гадзіны пасля паломкі прыехаў лакаматыў, адчапіў няспраўную групу і адцягнуў да бліжэйшай станцыі. Там людзі з няспраўнай групы вагонаў выйшлі і пераселі ў другую».

Пасажыры паехалі ў Менск праз больш як чатыры гадзіны пасля паломкі.

Паводле прэс-службы Беларускай чыгункі, тэхнічная няспраўнасць прывяла да збою электрычнай сістэмы цягніка.

Цягніковая брыгада дапамагала перааформіць чыгуначныя квіткі на пазнейшыя рэйсы, пасажыраў падвозілі са сталічнага чыгуначнага вакзалу ў Нацыянальны аэрапорт «Менск», перанеслі час адпраўлення аўтобусных рэйсаў на Варшаву і Рыгу. Тым, хто спазніўся на аўтобус да Вільні, перааформілі квіткі на ранішні рэйс 17 чэрвеня і прапанавалі начлег у гасцініцы.

Адзін з машыністаў БЧ, які працуе на «Штадлеры», мяркуе, што кіраўніцтва эканоміць на аплаце працы брыгады і таму счэплівае паміж сабою дзве групы з сямі вагонаў.

«Калі б яны хадзілі асобна – бяды б не было. Але начальнікі ж разумнымі сябе лічаць: 7 + 7 вагонаў счапіць, і цягні іх на такой хуткасці за тры гадзіны з Менску ў Гомель», – паведаміў ён блогеру NEXTA.

Паводле мужчыны, «Штадлеры» рамантуюць у маторавагонным дэпо Менску. Запчастак на іх не стае, і яны вельмі дарагія.

З намеснікам начальніка дэпо па рамонце Ягорам Логвіным звязацца не атрымалася.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў