Кандыдатаў на прэзідэнцтва папярэдзілі пра правакацыі. ВІДЭА


Лідзія Ярмошына тэрмінова выклікала ўсіх кандыдатаў на прэзідэнта 30 ліпеня а 8:55 у Дом ураду. Кандыдатаў на прэзідэнцтва папярэдзілі пра магчымыя правакацыі ў часе выбарчай кампаніі. Паводле старшыні Савету бяспекі Андрэя Раўкова, асобы, якія рыхтуюць правакацыі, праходзяць адмысловае трэнаванне ў цэнтрах на тэрыторыі Расеі.

10:07 Выйшла Святлана Ціханоўская. Яна заявіла, што ўсе мерапрыемствы будуць праходзіць у запланаваным рэжыме.

«Усе нашыя мерапрыемствы будуць праходзіць, як планавалася. Будуць узмоцненыя меры бяспекі. Усе прыходзім на пікет, беражыце сябе. Адказнасць за меры бяспекі ўсклала на сябе дзяржава».

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская. Фота «Белсат»

Вераніка Цапкала таксама зрабіла заяву.

«Я атрымала павестку ў справе заяваў грамадзяніна Турцыі. Маю сястру сёння раніцай невядомыя людзі затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку. Я расцэньваю гэта як палітычны ціск на мяне і нашу сям’ю».

Вераніка Цапкала
Вераніка Цапкала.
Фота: «Белсат»

09:50 З сядзібы ЦВК выйшаў Андрэй Дзмітрыеў.

«Сказалі, што ёсць 170 баевікоў, якія пагражаюць масавым мерапрыемствам. Раўкоў сказаў, што ёсць дзве групоўкі пад Псковам і Невелем, якія рыхтуюць тэрарыстычны акт. Таксама ён сказаў, што некаторыя з іх заявілі: Мы прыехалі рабіць рэвалюцыю. Цяжка ставіць пад сумнеў словы дзяржсакратара Савета бяспекі. Мне бракавала інфармацыі, што адбываецца. Калі ёсць баевікі, што мы з імі робім – ловім, закрываем гарады? Такое адбываецца ў першыню. Гэта беспрэцэндэнтыя выбары».

Андрэй Дзмітрыеў дадаў, што запытаў Раўкова пра магчымасць блакавання інтэрнэту. Старшыня Савета бяспекі адказаў, што калі яны пабачаць непасрэдную пагрозу, якая сыходзіць з онлайну, блакаванне магчымае.

Андрэй Дзмітрыеў.
Фота: «Белсат»

Да журналістаў выйшаў Сяргей Чарэчань:

«Асноўная мэта сустрэчы папярэдзіць, што магчымыя правакацыі падчас масавых мерапрыемстваў. Паводле Андрэя Раўкова, ёсць інфармацыя, што такія групоўкі рыхтуюцца для прыезду ў Беларусь. З яго словаў, рыхтаваліся правакацыі з іх боку».

Сяргей Чарэчань пасля сустрэчы ў ЦВК.
Фота: «Белсат»

09:45 Святлана Ціханоўская, Сяргей Чарэчань, Андрэй Дзмітрыеў дасюль не выйшлі з Дому ўраду.

09:30 Сустрэча з ЦВК скончаная. Першым з Дому ўраду выйшаў Андрэй Раўкоў. Паводле старшыні Савету бяспекі, затрыманыя грамадзяне Расеі прыехалі ў Беларусь рыхтаваць тэрарыстычныя акты.

«Нас папярэдзілі пра магчымыя правакацыі падчас масавых мерапрыемстваў. Думаю, рашэнне нашага штабу не праводзіць масавыя мерапрыемствы было правільным», – заявіла Ганна Канапацкая пасля сустрэчы з ЦВК.

Наталля Качанава адмовілася даваць каментары, матывуючы гэта тым, што едзе ў камандзіроўку.

«Для нас самае галоўнае – бяспека людзей, у тым тых, хто збірае людзей», – сказала яна.

Старшыня Савету рэспублікі Наталля Качанава каля будынку Палаты прадстаўнікоў.
Фота: «Белсат»
Журналісты пад Домам ураду. 30 ліпеня. Фота belsat.eu

08:45 На месцы ўжо Святлана Ціханоўская, прадстаўніца штаба Аляксандра Лукашэнкі Наталля Качанава, Ганна Канапацкая, Андрэй Дзмітрыеў, Сяргей Чарэчань. Ён ужо вайшоў у Дом ураду, дзе месціцца сядзіба ЦВК.

Ціханоўская, Калеснікава, Цапкала прыйшлі на сустрэчу ЦВК. 30 ліпеня. Фота belsat.eu

«Цяпер канцэрты будзе ладзіць улада», – кажа Андрэй Дзмітрыеў, уваходзячы ўнутр, і жартуе, што ўзяз з сабой цёплыя рэчы.

Андрэй Дзімтрыеў ідзе на сустрэчу ЦВК. 30 ліпеня. Фота belsat.eu

Ганна Канапацкая не ведае, якая мэта сустрэчы.

«Мне пазванілі і запрасілі на сустрэчу. Мне не сказалі, чаму яна прысвечаная», – заявіла журналістам Ганна Канапацкая.

Ганна Канапацкая ідзе на сустрэчу ЦВК. 30 ліпеня. Фота belsat.eu

У Дом ураду ўвайшоў старшыня Савета бяспекі Андрэй Раўкоў. Ён паспеў сказаць журналістам, што затрыманыя «баевікі» даюць паказанні.

Сяргей Чарэчань ідзе на сустрэчу ЦВК. 30 ліпеня. Фота belsat.eu

Кандыдатаў на прэзідэнцтва напярэдадні выклікалі ў ЦВК па тэлефону без тлумачэння прычынаў.

belsat.eu

Стужка навінаў