ЦВК вырашыў лёс ініцыятыўных групаў. Онлайн

ЦВК 20 траўня адбылося паседжанне, дзе разглядалася пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Паседжанне транслявалася ў інтэрнэце.

Цэнтрвыбаркам сёння завершыў разгляд дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Агулам было зарэгістравана 15 ініцыятыўных групаў. 40 патэнцыйным кандыдатам было адмоўлена.

12:46. Жыхар Гомля Андрэй Мажэйка незарэгістраваны. Паводле ЦВК, апытаныя сябры ягонай ініцыятыўнай групы не пацвердзілі свой удзел у выбарчай кампаніі Мажэйкі, а частка нібыта наагул не ведаюць гэтага чалавека.

12:43. Прадпрымальнік з Віцебску Уладзімір Правальскі не зарэгістраваны. У яго знайшлі шматлікія памылкі ў спісах ініцыятыўнай групы.

Нагадаем, Правальскі ўдзельнічаў у прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, але подпісы за яго вылучэнне былі прызнаныя несапраўднымі.

12:38. Мянчук Аляксандр Скрабец не зарэгістраваны. У спісах ягонай ініцыятыўнай групы было некалькі памерлых. Акрамя таго, паводле ЦВК, частка апытаных сябраў ініцыятыўнай групы нібыта нічога пра Скрабца не ведалі.

12:34. Сацыяльнага работніка з Гомельшчыны Алега Нявейкава не зарэгістравалі. Першапачаткова ў спісах ягонай ініцыятыўнай групы было толькі 10 чалавек. Потым ён данёс новыя дакументы, з патрэбнай колькасцю сябраў групы, але ў ЦВК адзначылі, што на той момант ужо скончыўся тэрмін падачы дакументаў.

12:31. ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі, удзельніка праймерыз апазіцыі Мікалая Казлова.

12:29. Ініцыятыўную групу лідара руху «За свабоду» Юрася Губарэвіча зарэгістравалі. Раней палітык абяцаў, што ён і іншыя ўдзельнікі праймерыз не будуць накіроўваць сваіх актывістаў збіраць подпісы па кватэрах, бо ва ўмовах эпідэміі «гэта злачынства».

Юрась Губарэвіч перад ЦВК. Скрыншот з відэа у Фэйсбуку

12:26. Блогера Паўла Спірына не зарэгістравалі. Паводле ЦВК, 12 сябраў ініцыятыўнай групы блогера не пацвердзіла свой удзел у выбарчай кампаніі, таксама ёсць пытанні з афармленнем дакументаў і адсутнасцю рэгіянальных каардынатараў.

Сам Спірын патлумачыў, што каля 10 выпадковых людзей у ініцыятыўнай групе гэта не шмат, улічваючы, што агулам да яго групы далучыліся 716 чалавек. Праблемы з афармленнем дакументаў ён патлумачыў камп’ютарным збоем. Спірын упэўнены, што заканадаўства на ягоным баку.

Павел Спірын. Фота са старонкі “Вконтакте”

«Вы зрабілі мне падарунак – падпісалі прысуд адному вядомаму чалавеку», – пракаментаваў блогер рашэнне ЦВК. Відавочна, што меў на ўвазе ён Лукашэнку. Раней у сваім блогу Спірын казаў, што калі Лукашэнка «без крыві» перадасць уладу новаму прэзідэнту, то яго і ягоную сямʼю «ніхто не пакрыўдзіць». Калі ж падчас выбараў адбудуцца фальсіфікацыі, а супраць пратэстоўцаў выкарыстаюць АМАП, то прапанова блогера страчвае сэнс і «грамадзяне вольныя паступаць па ўласным меркаванні». Спірын не выключаў, што ў такім выпадку Лукашэнку можа чакаць лёс румынскага дыктатара Чаўшэску.

12:12. ЦВК адмовіў у рэгістрацыі яшчэ аднаму прыхільніку «рускага свету», аднаму з каардынатараў «Бессмяротнага палка» ў Беларусі Валерыю Перавошчыкаву. Як і Іваноў, ён нарадзіўся па-за межамі Беларусі, у Расеі. Таксама сябры камісіі распавялі, што ён нават не перадаў у ЦВК спісы сваёй ініцыятыўнай групы.

Перавошчыкаў заявіў, што не згодны з рашэннем ЦВК, бо ягоная маці – беларуска. Таксама каардынатар «Бессмяротнага палка» на паседжанні ЦВК чамусьці вырашыў выказацца наконт пагрозы ядравай вайны. Ён заклікаў да сусветнага раззбраення. «Хопіць ваяваць, хопіць забіваць!» – падкрэсліў Перавошчыкаў.

12:04. Рамесніка Міхаіла Валынца не зарэгістравалі. Паводле ЦВК, 95 з 99 апытаных сябраў групы нібыта не ведалі пра вылучэнне Валынца. Усяго ў спісах ініцыятыўнай групы было 177 чалавек. Валынец з рашэннем ЦВК не пагадзіўся.

11:55. ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу менскага музыкі Аляксандра Таболіча. У дакументах камісіі ён пазначаны як майстар перманентнага макіяжу і татуіроўкі.

11:50. ЦВК адмовіў у рэгістрацыі сябру Камуністычнай партыі Беларусі, прыхільніку «рускага свету» і СССР Андрэю Іванову. Падстава – ён нарадзіўся за межамі Беларусі, у Расеі. Іваноў заявіў, што не чакаў такога рашэння.

11:39. Ініцыятыўную групу Святланы Ціханоўскай, жонкі блогера Сяргея Ціханоўскага, зарэгістравалі. ЦВК знайшоў памылкі ў дадзеных 7 чальцоў групы, але нават за іх выключэннем у спісах застаецца 252 чалавекі.

Лідзія Ярмошына запытала, ці сапраўды Ціханоўская хоча балатавацца ў прэзідэнты або проста будзе «спарынг-партнёрам»? «Марыла пра гэта ўсё жыццё», – адказала Святлана.

Святлана Ціханоўская. Фота – VK.com

Нагадаем, Цэнтрвыбаркам 15 траўня таксама адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гомельскага блогера Сяргея Ціханоўскага, які ў той момант адбываў адміністратыўны арышт. У ЦВК спаслаліся на тое, што ў заяве аб рэгістрацыі не было подпісу самога блогера. У гэтых умовах замест Сяргея ў прэзідэнты вырашала балатавацца ягоная жонка – Святлана Ціханоўская. Яна перадала дакументы ў ЦВК увечары 15 траўня, узначаліў ініцыятыўную групу сам Сяргей.

11:35. Зарэгістраваная ініцыятыўная група сустаршыні «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева.

Андрэй Дзмітрыеў

У сваёй невялікай прамове Дзмітрыеў заявіў, што 100 тысяч подпісаў для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты – гэта непамерна вялікая лічба адносна колькасці выбарнікаў у краіне. Ён таксама прапанаваў паставіць на выбарчых участках камеры назірання.

11:30. Ініцыятыўную групу экс-дэпутаткі Палаты прадстаўнікоў Ганны Канапацкай зарэгістравалі. У спісах яе групы знайшлі шэраг памылак – у тым ліку там былі няпоўнагадовыя і замежнікі. Але нават за іх выключэннем у групе застаецца 1313 чалавек.

Ганна Канапацкая, фота: belsat.eu

11:23. Ініцыятыўная група ўдзельніцы праймерыз апазіцыі Вольгі Кавальковай зарэгістраваная. Праблемаў з яе дакументамі ЦВК не знайшоў.

Удзельнікі праймерыз падалі дакументы ў ЦВК. І заклікаюць не адчыняць дзверы зборшчыкам подпісаў

11:22. Ініцыятыўная група кіраўніка партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада Сяргея Чэрачаня зарэгістраваная. ЦВК знайшоў памылкі ў спісах ініцыятыўнай групы і шэраг чальцоў выключыў, але ў групе ўсё роўна засталося 1237 чалавек. Чэрачэнь падзякаваў ЦВК за станоўчае рашэнне аб рэгістрацыі.

11:13. ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу былога дырэктара Парку высокіх тэхналогіяў Валера Цапкалы. У 10 сябраў групы асабістыя дадзеныя былі ўнесены з памылкамі і іх выключаць са спісу чальцоў. Але падставаў для адмовы ў рэгістрацыі ў ЦВК не знайшлі.

«Абавязваецеся выконваць закон падчас збору подпісаў?» – запытала Лідзія Ярмошына. «Безумоўна, безумоўна», – адказаў Цапкала.

11:08. ЦВК зарэгістраваў ініцыятыўную групу экс-кіраўніка «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі. Сябры камісіі адзначылі, што ў спісах групы знайшлі двух замежнікаў і шэраг памылак у асабістых дадзеных некаторых іншых грамадзянаў. Але ўсё роўна 8805 чалавек атрымаюць пасведчанні сябраў ініцыятыўнай групы.

Віктар Бабарыка. Фота – belgazprombank.by

Бабарыка падзякаваў ЦВК за рашэнне аб рэгістрацыі, адзначыўшы, што аказаны вялікі давер яму і ягонай камандзе. Паводле банкіра, ЦВК праявіў высокую ступень адказнасці і не прадузятасці.

***

Агулам 55 чалавек падалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Каля 30 з 55 – гэта «кандыдаты пратэсту», якія вылучаліся ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча. Амаль усім «кандыдатам пратэсту» ЦВК у рэгістрацыі адмовіў падчас паседжанняў 15 і 19 траўня. Камісія тлумачыла гэта або адсутнасцю ў дакументах пашпартных дадзеных чальцоў ініцыятыўных групаў, або тым, што апытаныя сябры групаў не ведаюць сваіх кандыдатаў, а самі групы часткова супадаюць па складу.

Пакуль Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў толькі 5 ініцыятыўных групаў: дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, фермера Юрыя Ганцэвіча, актывіста Уладзіміра Няпомняшчых і намесніцы дырэктара транспартнай кампаніі Наталлі Кісель. Агулам 32 групам было адмоўлена ў рэгістрацыі.

ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ўжо 32 ініцыятыўным групам. Галоўнае

ІІ belsat.eu

 

Hавiны