ЦВК вырашае, каго дапусціць да ўдзелу ў выбарчай кампаніі


ЦВК 19 траўня прайшло паседжанне, дзе будзе разглядацца пытанне аб рэгістрацыі ініцыятыўных групаў па вылучэнні кандыдатамі ў прэзідэнты. Паседжанне транслявалася ў інтэрнэце.

13:00. Паседжанне ЦВК завершылася. Наступнае адбудзецца заўтра. «Гэта вельмі цяжкая выбарчая кампанія, вельмі!» – заявіла Ярмошына, маюць на ўвазе вялікую колькасць прэтэндэнтаў.

12:59. Ініцыятыўныя групы Аляксея Зуевіча і Наталлі Стрэльчанкі не зарэгістраваныя. Яны таксама ішлі на выбары як «кандыдаты пратэсту».

12:55. Ініцыятыўную групу жыхара Наваполацку Юрыя Касача не зарэгістравалі, бо ён мае судзімасць па артыкуле 242 КК – «ухіленне ад пагашэння крэдыторскай запазычанасці»

12:31. ЦВК не зарэгістраваў ініцыятыўную групу Мікалая Статкевіча, спаслаўшыся на тое, што палітык мае судзімасць.

Мікалай Статкевіч каля ЦВК, 15 траўня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Таксама не зарэгістраваныя ягоныя паплечнікі, «кандыдаты пратэсту»: Алена Давыдава, Юры Новікаў, Аляксандр Школьнікаў, Рэгіна Беркус, Аляксандр Якушкоў, Сяргей Статкевіч, Юрый Чудзіновіч, Віктар Шорац, Уладзімір Кійко, Аляксандр Абрамовіч. ЦВК спасылаўся або на адсутнасць у дакументах пашпартных дадзеных чальцоў ініцыятыўных групаў, або на тое, што апытаныя сябры групаў іх не ведаюць сваіх кандыдатаў. У выпадку Школьнікава ЦВК спаслаўся на тое, што ён нарадзіўся не ў Беларусі.

«Мэта была адна – паралізаваць працу ЦВК», – заявіла Ярмошына, кажучы пра «кандыдатаў пратэсту».

12:31. Лідзія Ярмошына заявіла, што Статкевіч і ягоныя паплечнікі хацелі «ўвесці ў калапс працу ЦВК» і сарваць выбары. Яна заявіла, што ў складзе ініцыятыўнай групы «кандыдатаў пратэсту» нібыта была жанчына, інфікаваная каронавірусам. Паводле Ярмошынай, гэтая жанчына нават прыязджала ў ЦВК і «хацела плюнуць у прыёмную, каб заразіць назаўсёды». А калі яе ізалявалі, то яна назвала кантактам першага ўзроўню галоўнага юрыста ЦВК, якому перадавала дакументы.

Ярмошына назвала паводзіны Статкевіча і ягоных паплечнікаў «несумленным»і «подлымі», а апошнія дні «вельмі складанымі» для ЦВК. Ярмошына дадала, што на заўтрашнім паседжанні ЦВК будуць, «на шчасце, адэкватныя людзі», а не паплечнікі Статкевіча.

12:23. Ініцыятыўную групу жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч не зарэгістравалі. ЦВК сцвярджае, што са 173 чальцоў групы ў 151 у дакументах не пазначаны пашпартныя дадзеныя, таму де-юрэ ў ініцыятыўнай групе ёсць толькі 22 чалавекі.

Марына Адамовіч каля ЦВК, 15 траўня. Фота – Арцём Лява, belsat.eu

Адамовіч запыталася ў Ярмошынай, чаму сябры ЦВК на паседжанні без масак і пальчатак. Ярмошына ў сваю чаргу заявіла, што ў яе ініцыятыўнай групе наагул быў каронавірусны хворы, які «на ўсіх дыхаў». ЦВК пазбавіла Адамовіч слова і не далі выказацца.

12:14. Як сцвярджае ЦВК, апытаныя сябры ініцыятыўнай групы Уладзіміра Няўмяржыцкага нібыта таксама не ведаюць пра свайго кандыдата. Яму ў рэгістрацыі адмовілі.

12:06. Працаўніцу аграсядзібы Тамару Патоцкую не зарэгістравалі на той жа падставе, што і іншых «кандыдатаў пратэсту» ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча. Ярмошынай заявіла ў звязку з гэтым, што «грамадзяне выкарыстоўваюцца ў якасці статыстаў некаторымі палітычнымі дзеячамі».

Мікалай Салянік. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

12:00. Ініцыятыўную групу актывіста з Горадні Мікалая Саляніка не зарэгістравалі на аналагічных падставах – нібыта чальцы групы яго не ведалі. У сваю чаргу Салянік заявіў, што яго штогод па 5-6 разоў прыцягваюць да адміністратыўнай адказнасці за палітычную дзейнасць, ён вядомы ў Горадні чалавек і катэгарычна не згодны з тым, што сябры ягонай ініцыятыўнай групы могуць яго не ведаць. Салянік заявіў, што сваім незаконным рашэнне ЦВК правакуе народ на пратэсты.

«Вы не ўяўляеце як бурліць народ, перастаньце нагнятаць абстаноўку! Што вы робіце?» – запытаў ён.

11:50. Фермер Петр Карабанаў таксама не зарэгістраваны на падставе таго, што некаторыя чальцы ініцыятыўнай групы яго нібыта не ведалі. Карабанаў пацікавіўся, які адсотак сябраў ягонай ініцыятыўнай групы працаўнікі ЦВК абзванілі. Ярмошына адмовілася адказаць і заявіла, што гэта «нашае права – абзваніць 2-3 або 20-30 чалавек».

Карабанаў таксама вылучаўся ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча.

11:40. Працаўнік КУП «Жодзінскі водаканал» Дзмітрый Кудравец таксама не зможа ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Паводле ЦВК, некаторыя чальцы ягонай ініцыятыўнай групы не ведалі нічога пра Кудраўца, а падтрымліваюць толькі Мікалая Статкевіча. Ярмошына адзначыла, што група Кудраўца ледзь не на 70 % супадае з ініцыятыўнымі групамі іншых паплечнікаў Статкевіча. Старшыня ЦВК заявіла, што гэта агульная «недасканалая рыса» каля 30 патэнцыйных кандыдатаў.

Сам Кудравец назваў заявы ЦВК «неабгрунтаванымі» і з рашэннем не згодны.

11:28. ЦВК адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Жанны Раманоўскай. ЦВК спаслаўся на тое, што 6 чальцоў ініцыятыўнай групы былі ўказаныя двойчы, а 4, паводле звестак МУС, наагул памерлі. У асабістай інфармацыі яшчэ 16 чалавек ёсць памылкі. Раманоўская патлумачыла гэта тым, што людзі, якія падавалі ёй спісы ініцыятыўнай групы, проста не праверылі інфармацыю.

Жанна Раманоўская

Ярмошына заявіла, што яна ставіцца з «вялікай сімпатыяй» асабіста да Раманоўскай, аднак зарэгістраваць групу ўсё роўна не можа. Паводле кіраўніцы ЦВК, Раманоўскую «так і хочацца зарэгістраваць», але тая «сама не дае»

Нагадаем, Раманоўская ўдзельнічала ў мінулых прэзідэнцкіх выбарах – у 2015 годзе яе ініцыятыўная група была зарэгістраваная, але 100 тысяч подпісаў яна не сабрала.

11:15. ЦВК не знайшоў падставаў для адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Наталлі Кісель, намесніцы дырэктара транспартнай кампаніі. Кіраўніком ініцыятыўнай групы з’яўляецца актывіст руху грузаперавозчыкаў Сяргей Штода.

Наталля Кісель.
Фота: Facebook

Лідзія Ярмошына прапанавала адмовіць у рэгістрацыі ініцыятыўнай групе Алены Ашіхмінай. ЦВК знайшоў памылкі ў асабістай інфармацыі ў некаторых сябраў ініцыятыўнай групы, што Ярмошына назвала «вельмі сур’ёзным парушэннем». Ашіхміна заявіла падчас паседжанне, што Канстытуцыя дае права ёй удзельнічаць у выбарах, але «на сённяшні дзень выбарчае права ў Беларусі супярэчыць Канстытуцыі». Ашіхміна падкрэсліла, што каля 100 чалавек са сваёй ініцыятыўнай групы яна асабіста абзваніла і ручаецца за іх. Аднак ЦВК усё ж адмовіў у рэгістрацыі ініцыятыўнай групе.

***

Агулам 55 чалавек падалі ў ЦВК дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў. Частку заяў Цэнтравыбаркам разгледзеў на мінулым тыдні. У прыватнасці, адмовілі ў рэгістрацыі блогеру Сяргею Ціханоўскаму і шэрагу «кандыдатаў пратэсту», якія вылучаюцца ў межах стратэгіі Мікалая Статкевіча. Ініцыятыўныя групы дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, фермера Юрыя Ганцэвіча і актывіста Уладзіміра Няпомняшчых ЦВК зарэгістраваў.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў