«Цукровая справа»: як выглядае расейскі след


Ключавым элементам гучнай карупцыйнай справы, у межах якой былі арыштаваныя кіраўнікі ўсіх цукровых заводаў Беларусі, сталі расейскія пасярэднікі, у тым ліку малавядомы камерсант Сяргей Кананенка. Belsat.eu сабраў усю інфармацыю пра асобаў і кампаніі з Расеі, што звязаныя або маглі быць звязаныя з «цукроваю справаю».

У сюжэце беларускага тэлебачання «Цукровая мафія», што выйшаў у эфір 4 лютага, прадстаўнік КДБ Аляксандр Бычак распавёў пра дзве карупцыйныя схемы, якія выкарыстоўвалі цукровыя заводы ў сваёй працы:

  • дырэктара цукровых заводаў і кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў па завышаных цэнах куплялі ў расейскай фірмы «Полимер» бізнесоўца Кананенкі сыравіну для вытворчасці ўпаковак цукру. Потым, паводле КДБ, грошы з рахункаў «Полимера» здымаліся і дзяліліся паміж удзельнікамі схемы;
  • той жа Кананенка разам з Кірылавым арганізаваў схему, у рамках якой цукар з беларускіх заводаў прадаваўся па заніжаных цэнах расейскім пасярэднікам. За гэта дырэктара заводаў нібыта атрымлівалі хабары: адкаты складалі ад $ 1 да $ 2,5 за кожную тону прадукцыі.
Цукар у беларускіх крамах. Фота – Ірына Арахоўская belsat.eu

Пра яшчэ адну схему казаў Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў Добруш: дырэктары заводаў афармлялі дакументы на продаж цукру ў Расею па нізкіх коштах, аднак насамрэч «прама з заводаў» пастаўлялі гэты цукар з маржой на ўнутраны рынак. А розніцу нібыта дзялілі на хабары.

Лукашэнка падчас паездкі ў Добруш. Крыніца – president.gov.by

Такім чынам, усе карупцыйныя схемы, у выкарыстанні якіх вінавацяць «цукровую мафію», так ці інакш звязаныя з Расеяй і кампаніямі-пасярэднікамі. Але пра іх КДБ распавёў вельмі мала. Вядомае толькі прозвішча расейскага бізнесоўца (Кананенка) і назва адной кампаніі («Полимер») – пра іх ішла гаворка ў сюжэце «Беларусь-1».

Хто такі Кананенка?

Расейскі камерсант Сяргей Кананенка – асоба не публічная. Пра Кананенку не пісалі бізнес-выданні, ён ніколі не даваў інтэрв’ю і, мяркуючы па ўсім, не меў нават старонак у сацсетках (прынамсі пад сваім імем). У сюжэце БТ былі прадэманстраваныя кадры аператыўных здымак, дзе Кананенка нібыта перадае хабары дырэктарам цукровых заводаў (паводле КДБ, такія сустрэчы адбываліся раз на тры тыдні), а таксама палкоўніку Уладзіміру Ціхіні – былому намесніку начальніка ГУБАЗіК МУС. Паведамлялася, што бізнесовец таксама быў арыштаваны КДБ.

У сюжэце БТ прадэманстравалі кадры аператыўнай здымкі, дзе Кананенка нібыта перадае хабар палкоўніку Ціхіні. Скрыншот з відэа «Беларусь-1»

Калі верыць КДБ, галоўнымі арганізатарамі карупцыйных схемаў былі Сяргей Кананенка і кіраўнік Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрый Кірылаў. Так гэта ці не – мы не ведаем. Аднак, мяркуючы па інфармацыі з сацсетак, Кананенка і Кірылаў былі ў добрых сяброўскіх стасункаў, кіраўнік БЦК ведаў жонку і дачку камерсанта.

Кірылаў (у цэнтры), Каненка і ягоная жонка. Фота са старонкі Наталлі Кананенкі ў Facebook

Жонка і дачка адмаўляюцца распавядаць журналістам, ці прызнаў Кананенка сваю віну і паводле якога артыкулу яму высунулі абвінавачванне.

«Мы ніякіх каментароў не даем, ніхто з вамі размаўляць не будзе. Не званіце і не пішыце нам», – заявіла карэспандэнту belsat.eu дачка бізнесоўца Вераніка.

Звестак пра мінулае Сяргея Кананенкі – адкуль ён, дзе вучыўся і як заняўся бізнесам – у адкрытых крыніцах мы не знайшлі. Але вядома, што дачка Вераніка нарадзілася ў Менску, скончыла БДУ па спецыяльнасці выкладчык псіхалогіі і толькі пасля гэтага з’ехала ў Маскву працягваць адукацыю і працаваць. Атрымліваецца, што Кананенку з Беларуссю звязваў не толькі цукровы бізнес – імаверна, ён калісьці тут жыў, ці прынамсі ў Менску жыла ягоная першая жонка.

«Полимер» і ўсе, ўсе, ўсе

Кананенка з’яўляецца адзіным заснавальнікам фірмы «Полимер», якая, паводле КДБ, па завышаных цэнах пастаўляла беларускай кампаніі «Еўратарэкс» сыравіну для вытворчасці ўпаковак цукру. Сам факт супрацы не хаваўся: на сайце «Еўратарэкса» дадзеныя кампаніі Кананенкі можна пабачыць у раздзеле «нашыя партнёры». Акрамя «Полимера» у спісе яшчэ 5 фірмаў, у тым ліку дзве расейскія. Выглядаюць яны цалкам рэспектабельна: гэта буйныя вытворцы і пастаўшчыкі сыравіны, некаторыя з іх працуюць з пачатку 90-х, а беларускі ААТ «Белхім» наагул з 40-х.

Скрыншот з сайту «Еўратарэкса»

На іх фоне кампанія Кананенкі нават вонкава выглядае падазрона. Фірма, зарэгістраваная ў 2006 годзе, ніколі не мела ўласнай вытворчасці і не з’яўлялася афіцыйным дыстрыб’ютарам буйных вытворцаў. На пачатак 2019 года ў «Полимере» працавалі 3 чалавекі, на пачатак 2018 наагул 2.

Дазваніцца ў офіс кампаніі карэспандэнту belsat.eu не атрымалася. Па нумару, што пазначаныя ў адкрытых крыніцах, або ніхто не адказвае, або кажуць, што тут працуе зусім іншая фірма.

Цукар у беларускіх крамах. Фота – Ірына Арахоўская belsat.eu

Акрамя «Полимера», Кананенка з’яўляецца заснавальнікам яшчэ трох кампаніяў у Расеі: «Нордин», «Веронис» і «Премиум стайл». Апошнія дзе фірмы наўрад ці наўпрост фігуравалі ў «цукровых схемах»: яны займаюцца арэндай нерухомасці ды дадатковымі паслугамі для бізнесу (там, дарэчы, таксама па тры працаўніка ў кожнай). А вось санкт-пецярбургская фірма «Нордин» займаецца непасрэдна продажам беларускага цукру ў Расеі. На сайце кампаніі можна знайсці спіс прадукцыі, якую «Нордин» пастаўляе на расейскі рынак. Амаль уся гэтая прадукцыя з Беларусі: не толькі цукар усіх чатырох беларускіх заводаў, але і сыры, сокі, джэмы і сметанковае масла.

Ці меў «Нордин» дачыненне да карупцыйных схемаў і ці закранула кампанію «цукровая справа»? Калі мы патэлефанавалі ў офіс фірмы, з дырэктаркай Янай Якабсон карэспандэнта belsat.eu нават злучыць адмовіліся.

«На жаль, мы пакуль не можам нічога каментаваць», – заявіла сакратарка.

Сваякі ў цукровым бізнесу?

Цікава, што саўладальнікам маскоўскай кампаніі «Веронис» з’яўляецца Антон Дзмітрыевіч Кірылаў. Кірылаў і Кананенка маюць роўныя долі ў статутным фондзе: па 50 % кожны. Улічваючы імя па бацьку Кірылава, ягоны ўзрост і той факт, што Антон жыў у Беларусі і вучыўся ў БДУ, можна выказаць здагадку, што ён – сын кіраўніка БЦК Дзмітрыя Кірылава. Дарэчы, яны адзін у аднаго ў сябрах на «Facebook».

Антон Кірылаў. Фота са старонкі Кірылава ў Facebook

Але гэта яшчэ не ўсе. Антон Кірылаў адначасова займае пасаду намесніка дырэктара маскоўскай кампаніі ААТ «Торгпродукт». Кампанія «Торгпродукт» была зарэгістраваная ў 2010 годзе, мае штат у 75 працаўнікоў і прэзентуе сябе як «федэральны пастаўшчык прадуктаў харчавання ў РФ». Сярод партнёраў «Торгпродукта» шэраг буйных беларускіх прадпрыемстваў – у тым ліку ўсе чатыры цукровых заводы. Генеральным дырэктарам і сузаснавальнікам «Торгпродукта» з’яўляецца ўраджэнец Беларусі, выпускнік МІУ Уладзіслаў Уладзіміравіч Ягораў.

Нагадаем, што імя затрыманага дырэктара Скідзельскага цукровага заводу – Дзмітрый Уладзіміравіч Ягораў. Ці сваякі яны – невядома. У маскоўскі офіс «Торгпродукта» дазваніцца не атрымалася, а сам Уладзіслаў Ягораў на паведамленні ў сацсетках не адказвае.

Цікава, што Ягораў раней працаваў разам з Кананенкам. У другой палове 2000-х расейскі камерсант узначальваў кампанію, што займалася продажам металаў, – «ЕвроМетСнаб-М». Кантактнай асобай кампаніі тады быў менавіта Уладзіслаў Уладзіміравіч Ягораў.

Ці закранула «цукровая справа» кампанію «Торгпродукт» ды асабіста Уладзіслава Ягорава і Антона Кірылава высветліць не атрымалася.

Hавiны
Беларусь страціла расейскі рынак цукру. Самае галоўнае ў «цукровай справе»
2020.02.06 14:42
  • У канцы студзеня ў незалежных СМІ з’явілася інфармацыя пра арышт дырэктара Гарадзейскага цукровага камбінату Міхаіла Крыштаповіча, дырэктара Скідзельскага цукровага заводу Дзмітрыя Ягорава, дырэктара Жабінкаўскага цукровага заводу Віктара Міронава, дырэктара Слуцкага цукрарафінаднага камбінату Мікалая Прудніка і кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі Дзмітрыя Кірылава. Дзеля затрымання Міхаіла Крыштаповіча спецслужбы Беларусі разгарнулі ў небе над Польшчай пасажырскі самалёт «Белавія», які ляцеў з Менску ў Мюнхен. Цягам 11 дзён улады не каментавалі знікненне дырэктараў усіх цукровых заводаў краіны.
  • 4 лютага Лукашэнка прызнаў, што затрымання адбыліся паводле ягонага загаду. Кіраўнік дзяржавы назваў дырэктараў заводаў «падонкамі», якія «нахабна сярод белага дня крадуць». У той жа дзень на тэлеканале «Беларусь-1» выйшаў сюжэт пад назваю «Цукровая мафія», дзе распавядалася пра маштабную карупцыю ў цукровай галіне. Прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак паведаміў, што распачаты шэраг крымінальных справаў за атрыманне і дачу хабару. «Штогод сумы хабараў вылічаліся сотнямі тысяч долараў», – адзначыў ён. Таксама прадстаўнік КДБ пацвердзіў арышт экс-кіраўніка 2-га ўпраўлення ГУБАЗіК МУС палкоўніка Уладзіміра Ціхіні, які за хабары «страхаваў цукровую мафію і яе схему».
  • Паводле медыяў, у межах «цукровай справы» былі затрыманыя 11 чалавек. Афіцыйна ў справе затрыманыя 7 чалавек. У эфіры «Беларусь-1» прадстаўнік КДБ Канстанцін Бычак сцвярджаў, што ўсе фігуранты даюць прызнальныя паказанні.
Hавiны
«Ягоныя рашэнні не аспрэчваліся». За што КДБ затрымаў «легендарнага» палкоўніка?
2020.01.28 16:04

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў