«Цуды здараюцца». Адміністратыўны працэс супраць журналісткі Марыны Драбышэўскай спынены, суду не будзе


Журналіст-фрылансэр Марына Драбышэўская атрымала абвестку аб спыненні адміністратыўнай справы па арт. 22.9 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі».

«Вельмі цяжка ў гэта паверыць, але атрымліваецца, што цуды здараюцца!», – напісала Драбышэўская ў Фэйсбуку.

Марына Драбышэўская была затрымана 1 траўня пасля санкцыянаванага мітынгу ў Гомлі. Яна правяла ў Чыгуначным РАУСе каля 2,5 гадзін. Потым у адносінах да яе склалі адміністратыўны пратакол, абвінаваціўшы ў супрацы з «Белсатам» без акрэдытацыі.

1 траўня пасля мітынгу ў Гомлі таксама была затрымана журналістка Ларыса Шчыракова. Сёння суд Гомельскага раёну пакараў Шчыракову штрафам у памеры 35 базавых велічынь (805 рублёў) за «парушэння заканадаўства аб СМІ» (арт. 22.9 КаАП). Падставай для складання адміністратыўнага пратаколу супраць журналісткі стала яе праца на мітынгу 1 траўня ў Гомлі, адкуль яна вяла стрым для «Белсату».

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў