ЦРУ лічыць, што Кітай пагражае ЗША не менш за Расею


Кіраўнік ЦРУ Майк Пампеа заявіў, што Кітай прыкладае не менш намаганняў для аказання схаванага ўплыву на Захад, чым Расея. «Падумайце аб маштабах дзвюх эканомік, – параўнаў ён Расею і Кітай, – У кітайцаў значна больш шырокая зона ўплыву для рэалізацыі гэтай місіі, чым у расейцаў».

«Мы назіраем вельмі мэтанакіраваныя намаганні з мэтай выкрадання амерыканскай інфармацыі, укаранення ў ЗША шпіёнаў – людзей, якія будуць працаваць на ўрад Кітая супраць Амерыкі», – сказаў Пампея.

І дадаў: «Мы назіраем гэта ў нашых школах, шпіталях і медыцынскіх установах. У амерыканскіх карпарацыях. Тое ж самае адбываецца ў Еўропе і Брытаніі».

У студзені амерыканскія ўлады арыштавалі былога афіцэра ЦРУ па абвінавачванні ў незаконным захоўванні дадзеных, якія тычацца нацыянальнай абароны ЗША. Гэтую справу ўжо назвалі самым гучным правалам амерыканскай выведкі. Амерыканскія СМІ, спасылаючыся на крыніцы, блізкія да расследавання, паведамлялі, што Джэры Чунь Шын Лі падазравалі ў супрацы з кітайскай выведкай.

 

ІІ, belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Стужка навінаў