Цмок, Папа Рымскі і Лех Валэнса, ці Што вы ведаеце пра кракаўскую батлейку?


Біблійныя, казачныя і цалкам рэальныя персанажы ў гатычных экстэр’ерах – усё гэта цуд кракаўскай каляднай батлейкі, залічанай да сусветнай спадчыны ЮНЭСКО. Выстава святочных батлеек адкрылася ў Новым замку ў Горадні.

У нашым уяўленні батлейка – нешта цесна звязанае з сялянскаю культураю. Прасцей кажучы, драўляная скрыня, аздобленая каляднаю зоркай, а ўсярэдзіне – наіўныя лялькі Ірада, анёлаў, Смерці і г. д. Ці можа быць па-іншаму? Выстава, прывезеная ў Горадню Польскім інстытутам у Менску і Генеральным консульствам Польшчы, даводзіць: так, можа.

«Ведаеце, батлейка ў мяне заўжды асацыявалася з дзяцінствам, з калядным цудам, – распавядаў на адкрыцці выставы генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк. – Гэта прыўкрасная традыцыя і спосаб пераказаць біблійны сюжэт без камп’ютараў, тэлефонаў, высокіх тэхналогіяў – проста і ад таго яшчэ больш цёпла».

Генеральны консул Рэспублікі Польшча ў Горадні Ярослаў Ксёнжэк

Батлейка як жанр узнікла ў сярэднявеччы дзякуючы манахам-францішканам. Пасля ў розных кутках Еўропы лялечныя калядныя інсталяцыі прынялі размаітыя рэгіянальныя формы. Але вяршыняю жанру справядліва лічаць кракаўскую гэтак званую ўрбаністычную батлейку, якая канчаткова аформілася ў ХІХ ст. Што ў ёй незвычайнага?

Кракаўская батлейка – гэта гімн гораду і яго архітэктуры. Біблійныя персанажы ў ёй адыходзяць на другі план, падаюцца маленькімі і нязначнымі. Затое гледача ўражваюць гатычныя вежы Марыяцкага касцёлу, ратушы, барбакану і г. д. У другой палове ХІХ ст. у Кракаве існаваў цэлы цэх майстроў, якія займаліся батлейкамі. Гэта былі муляры, якія не мелі працы ў зімовы перыяд, а выраб і продаж батлеек ратаваў у галодныя месяцы.

Акрамя традыцыйных біблійных персанажаў, кракаўская батлейка багатая і рэгіянальнымі героямі. Гэта і кракаўскі цмок, і чараўнік пан Твардоўскі, і Папа Рымскі, і гуралі ў яскравых народных строях, і нават Лех Валэнса. Фігурку лідара «Салідарнасці», праўда, нам гэтак і не ўдалося адшукаць на выставе. Зрэшты, і без яго ў казачным гатычным горадзе ёсць на што паглядзець!

АК, фота Васіля Малчанава, belsat.eu

Стужка навінаў