«Цітушак» не шкада нікому. Іх лёс – самы незайздросны

Адзін знаёмы былы супрацоўнік МУС неяк распавёў, што па маладосці любіў ездзіць на «хлапкі». Я адразу падумаў пра маўклівыя акцыі і плясканне ў далоні ў 2011-м. «Не-не, – кажа, – «хлапкі» – гэта затрыманні. Гэта ж кайф для маладога – у галаву каму даць, скруціць ці шкло ў машыне разбіць».

Разумееце? Размова не аб прэміях, кватэрах, перспектыве пенсіі, не. Размова пра «кайф». А кайф у тым, што ты можаш абсалютна легальна пад прыкрыццём закону ўжываць гвалт да іншых людзей.

Жыве сабе звычайны чалавек вельмі сярэдніх здольнасцяў і прыбыткаў. Бачыць крутыя машыны, заможных людзей, прыгожых дзяўчат. Зайздросціць. І тут яму такое шчасце абвальваецца: усім адпомсціць. Самасцвердзіцца. Рэалізавацца – хоць так.

Але размова не пра МУС. У органах і спецслужбах кожнай краіны заўжды ёсць адсотак патэнцыйных садыстаў і падобных персанажаў, якія рэалізуюцца праз гвалт. Пры добрым раскладзе сістэма такіх вылічвае і фільтруе – выкідае з шэрагаў. Бо яны небяспечныя для грамадства і падрываюць імідж сілавых структураў.

Камандзір Менскага АМАПу Дзмітрый Балаба (у цэнтры).
Фота: «Белсат»

Зараз размова пра людзей зусім не вайсковых, без пагонаў і званняў, якім падобныя магчымасці могуць адкрыцца. Зразумела, з санкцыі людзей у пагонах. Размова пра так званых «цітушак».

30 рублёў за гадзіну «працы ў полі»

Напэўна, Вы ўжо чулі з дзяржаўнага ТБ дыскусіі пра «народны гнеў». Маўляў, нейкія «простыя людзі» незадаволеныя пратэстамі, скардзяцца ў органы. А хутка і самі пачнуць арганізоўвацца, каб даваць адпор «майданутым». Пасля з’явіліся сюжэты пра «дружыннікаў» са схаванымі тварамі, якія будуць дапамагаць міліцыі патруляваць раёны.

А троху раней у праўладных чатах і пабліках праходзіла інфармацыя пра набор спартовых хлопцаў для «працы ў полі». Простай мовай – для дапамогі міліцыі падчас акцыяў. Стаўка за гадзіну – 30 рублёў. Праца ў першую чаргу на выходныя, калі пратэстоўцаў на вуліцах найбольш. Экіпіроўку не даюць, але можна браць сваю.

Невядомыя ў цывільным падчас жаночага маршу ў Менску.
Фота: ТК / belsat.eu / Vot Tak TV

Усё гэта – трывожныя званочкі. Бо такім чынам у нас на вуліцах акрамя спецназу, звычайных міліцыянтаў, вайскоўцаў ды «брыгады Карпянкова» могуць з’явіцца цалкам незразумелыя персанажы з санкцыяй на гвалт. І знешне іх ніхто не адрозніць ад байцоў МУС, бо тыя самі ўжо даўно выходзяць на акцыі ў спартовых штанах, кепках і масках.

«Цітушак» таксама могуць затрымаць. Пасля – адпусціць

«Цітушкі» як феномен упершыню масава з’явіліся ва Украіне ў эпоху Януковіча. Назва пайшла ад прозвішча спартоўца з-пад Кіева Вадзіма Цітушкі, які праславіўся падчас сутычак на мітынгах апазіцыі, якія трапілі на відэа і разляцеліся па СМІ. Цікава, што сам Вадзім Цітушка падчас Майдану публічна падтрымаў пратэстоўцаў. Але было позна – назва прыжылася.

Набіралі «цітушак» са спартоўцаў, напаўкрымінальнага і яўна крымінальнага элементу, гастарбайтараў ды маргіналаў. З усіх, каго можна было запрасіць за адносна сціплыя сумы на «працу ў полі». Усіх, каму без розніцы каго біць і дзе зрываць мітынгі. Усіх, каго не шкада.

Удзельніцы жаночага маршу 17 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

Пра «не шкада» – важны момант. Бо калі для правакацыяў выкарыстоўваць кадравых супрацоўнікаў МУС або нават курсантаў акадэміі міліцыі – можа бокам вылезці. Выбюць на мітынгу курсанту ў цывільным вока ці зламаюць руку – трэба тлумачыцца перад ягонымі бацькам. Пакрыўдзяць міліцыянта – яму прэмію ды бальнічны давай.

Ну і калі падчас бойкі нападніка ідэнтыфікуюць, то падымецца інфармацыйная хваля. Трэба прэс-службе апраўдвацца. А з «цітушак» як і за што спытаць? Хуліганы нейкія, бывае. Міліцыя іх таксама «прыняць» можа падчас правакацыі – для выгляду. Каб пасля ціхенечка адпусціць. Ну і калі такі траўму атрымае не бяда: знойдуцца новыя-ахвочыя. А «паламаных» – спішуць.

Ад паслугаў РНЕ 20 год таму вырашылі адмовіцца

Для Беларусі «цітушкі» – адносна новая з’ява. Раней цалкам хапала кадравага патэнцыялу МУС ды іншых сілавых структураў. Зараз, відаць, не хапае. Шмат хто з сілавікоў ужо некалькі месяцаў на казарменным становішчы, не бачыць дому і сем’яў. Чалавечы рэсурс таксама не бязмежны.

Былі і раней спробы скарыстаць людзей збоку. Тая ж гісторыя з расейскімі фашыстамі з РНЕ, якія сябравалі з органамі напрыканцы 1990-х. Збівалі ў пад’ездах апазіцыянераў, дзе-нідзе ладзілі супольныя з міліцыяй патрулі. Але тады сяброўства не атрымалася: лідара РНЕ Глеба Самойлава забілі пры загадкавых абставінах, некага пасадзілі, арганізацыя развалілася… Відаць, кантраляваць РНЕ, у якога ўсё ж была свая ідэалогія, было цяжка. Вырашылі адмовіцца ад паслугаў.

З «цітушкамі» з ліку спартоўцаў і крымінальнікаў – прасцей. Няма ніякай ідэалогіі, ёсць грошы і санкцыя на гвалт. Для некага спрацуе першае, для некага – другое. Вычарпальная матывацыя. «Ідэйныя», відаць, таксама трапляюцца, але гэта штучны прадукт.

І рэвалюцыі, і ўладзе «цітушкі» у перспектыве не патрэбныя

«Цітушкі» як масавая з’ява ў нас пакуль не назіраюцца, але гэтага варта чакаць у бліжэйшай будучыні. Прапагандысты ўжо рыхтуюць да гэтага інфа-поле. «Цітушкі» – гэта максімальна бюджэтны варыянт: спецназаўца трэба рыхтаваць не адзін месяц, карміць, апранаць, а тут – 30 рублёў за гадзіну і свая экіпіроўка.

Тым, хто займаецца адзінаборствамі ў залах варта звярнуць увагу, ці не пачнуць там з’яўляцца «лаўцы душаў». Такія могуць і самі прыйсці, і па запрашэнні трэнера – «па старым сяброўстве». Гэта будзе наступны трывожны званочак. Падобныя факты варта было б шырока агалошваць.

Марш пенсіянераў
Марш пенсіянераў у Менску. 12 кастрычніка 2020 года.
Фота: ТК / belsat.eu

У палітычным плане гэта значыць толькі адно – далейшую агонію і прававы дэфолт у дзяржаве. У выпадку Украіны Януковіча масавы выхад «цітушак» на сцэну быў прадвеснікам хуткага канца. У Расеі, у сваю чаргу, падобная практыка існуе гадамі. Там, дарэчы, таксама спрабавалі выкарыстоўваць нацыстаў, але не пайшло. Спартоўцы і крымінальнікі апынуліся больш прыдатным і танным матэрыялам.

Ну і апошняе. Лёс «цітушак» незайздросны. У выпадку перамогі рэвалюцыі іх будуць шукаць. У сілавікоў можа быць грашовы рэсурс, каб адкупіцца ці з’ехаць. Або карпаратыўная салідарнасць, каб выцягваць сваіх. Або рычагі для прыняцця мяккага закону аб люстрацыі, каб выйсці сухім з вады. Або наяўнасць «загаду зверху»… Нешта знойдзецца. У «цітушак» не будзе нічога.

Калі ж пераможа контррэвалюцыя, ад «цітушак», вельмі верагодна, таксама будуць пазбаўляцца. Бо нешта ведаюць і могуць на п’яную галаву распавесці: хто даваў грошы, хто куды адпраўляў. Бо занадта ўліліся ў ролю і не могуць спыніцца: практыкуюць гвалт ужо рэгулярна і без загаду. Бо трапіліся на крыві: міліцыянтаў адмазваць будуць, а гэтых – навошта? Для імітацыі справядлівасці могуць і пасадзіць.

Бо «цітушак» – не шкада. Нікому. Ніколі.

Алесь Кіркевіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў