Цімураўцы ды квакінцы

Не паспелі адгрукатаць святочныя салюты ды перазвон келіхаў з шампанскім віном, як перад беларусамі паставілі новую планавую задачу: новы год павінен стацца «Годам народнага адзінства»! Хто, як і з кім павінен яднацца – пытанне складанае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У маім савецкім дзяцінстве было шмат цікавых пісьменнікаў. Вось, напрыклад, Гайдар. Не расейскі рэфарматар Ягор, а ягоны дзед Аркадзь. Калі прыбраць камуністычны ідэалагічны налёт, то ягоныя кнігі былі пра звычайныя чалавечыя рэчы: сяброўства, любоў, адданасць, шчырасць, справядлівасць, сумленнасць, вернасць і г. д.

Напэўна, у самай вядомай аповесці Аркадзя Гайдара «Цімур і ягоная каманда» Цімур і ягоныя сябры-піянеры абаранялі сады аднавяскоўцаў ад нападаў аматараў чужых яблык на чале з хуліганам Мішкам Квакіным. Аднаго разу цімураўцы напісалі квакінцам ультыматум. Падчас яго чытання адзін з хуліганаў, не ведаючы дакладнага значэння слова «ўльтыматум», інтэрпрэтаваў яго наступным чынам: «Такое міжнароднае слова. Біць будуць!»

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

У Беларусі б’юць ужо даўно. І віртуальна, і натуральна. Сучасныя цімураўцы не ведаюць ніякіх правілаў сумленнасці ды чалавечнасці. Асабліва тады, калі паняцці «дабра» і «зла» перакуленыя з ног на галаву, а за тое, што ты б’еш па той галаве, табе нічога не будзе. Закон? Хто моцны – той і закон! Праўда? Праўда ў таго, у каго ў руках гумавая дубінка!

Сучасныя квакінцы – таксама не тыя вясковыя гайдараўскія боўдзілы. Акурат гэтыя «хуліганы» спрабуюць дагрукацца да той летуценнай свабоды і амаль нябачнай справядлівасці. Не, вядома, трапляюцца адзінкавыя індывіды, якія спрабуюць дзеяць цімураўскімі метадамі, але гэта больш праз адчай.

Аб’ектыў
Рэпрэсіі супраць усіх, як спосаб «перагарнуць старонку»
2020.10.26 23:12

Бо ў гэтай «аповесці» ўсё няпроста з гэтай самай справядлівасцю. Асабліва, калі пачынаеш разумець, што вас не 97 % адсоткаў, а значна менш. І нават з тых магчымых 60-70 % незадаволеных толькі драбніца гатовая надалей грукацца ў дзверы «справядлівасці» ды змагацца за яе. Вось і атрымоўваецца, што едуць-ляцяць беларускія «хуліганы» туды, дзе спадзяюцца яе знайсці.

Але ж важна цяпер падумаць пра тых, хто застаецца. Як гэты Загад № 1 будуць прыводзіць у выкананне? Якім чынам і якімі шляхамі беларускае грамадства аб’яднаецца? Ніхто ж не супраць жыць у квітнеючай Беларусі, дзе людзі і ўлады адно аднаго паважаюць, а народ аб’яднаны любоўю ды павагаю да сваёй краіны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Першы варыянт – шчыры дыялог паміж рознымі коламі грамадства і ўладамі, дэмакратызацыя, супольны пошук выхаду з крызісу. Кропка. На гэтым можна скончыць. Думаю, што нічога не трэба тлумачыць. Варыянт з вобласці фантастыкі.

Другі варыянт – «васкрасенская дэмакратызацыя». Гэта як млявапраяўная шызафрэнія. Ствараюцца нейкія «круглыя сталы», «камітэты для выратавання краіны»; усе кажуць пра «палітычныя рэформы» ды «ўнутрыграмадскі дыялог», а воз стаіць на месцы. Такая грамадска-палітычная кансервацыя. Але на гэта патрэбныя час і грошы. І першага, і другога ў сённяшняга рэжыму няма. Тым больш, што некаторыя палітолагі падкрэсліваюць, што нават сённяшняе кіраўніцтва РБ, здаецца, прызнае той факт, што Беларусь ужо ніколі не будзе такой, як да жнівеньскіх выбараў. А большасць народу не аб’яднаеш такім чынам. Тупіковы варыянт.

Трэці варыянт – таталітарная нацы-дыктатура. Чым не «народнае адзінства»? Бо пры падобных дыктатурах, кшталту нямецкай у часы Гітлера, у нейкім сэнсе адбывалася яднанне народу. Большасць немцаў сапраўды шалела ад ідэяў «звышдзяржавы», нямецкага «звышчалавека» і «вялікага германскага народу» ды шчыра іх падтрымлівала. А хто ў іх сумняваўся, тыя рабілі выгляд, што вераць. А ў каго не атрымоўвалася, ехалі ў канцлагеры. У Беларусі падобнага тыпу дыктатура немагчымая. Няма ў беларусаў імперскіх амбіцыяў. Няма ідэі сусветнага месіянства. Няма нацыяналістычнае нянавісці да іншых народаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Чацверты варыянт – вайсковая дыктатура лева-таталітарнага тыпу. Падмурак з «людзей у балаклавах», якія не ў чым не сумняюцца, ужо створаны. Фінансавыя і прававыя прэферэнцыі людзям у форме падараваныя. Далей – моцнае ідэалагічнае апрацоўванне. Максімальнае «пракачванне» вобразу ворага ў выглядзе Захаду, Польшчы, Літвы, байдэнаўскіх ЗША, а галоўнае – «унутраных свалачэй», якія проста жадаюць «аддаць любімую» на згвалтаванне «геям-вычаварэнцам-буржуям». Глядзіш, а тая частка квакінцаў, якая сумнявалася, пачне сапраўды верыць у свае памылкі. Ці рабіць выгляд. Галоўнае, каб закрылі свае паганыя раты. Хто не навучыцца маўчаць, пачнуць паціху знікаць у турмах. Паганым квакінцам – паганае квакінскае месца! Тэарэтычна, у выніку можна атрымаць максімальна магчымае «народнае адзінства»…

І вяртаючыся да Аркадзя Гайдара. Шмат хто з тых, гайдараўскіх, цімураўцаў»таксама, трапляючы ў жорны савецкай сістэмы, забываўся пра юнацкія рамантычныя ідэалы. Дзеля квітнення святой ідэі рэвалюцыі, дзеля перамогі над ворагамі народу… хтосьці пісаў даносы, хтосьці арыштоўваў, хтосьці прыводзіў у выкананне смяротныя пакаранні. А тых, хто не мог развітацца са сваймі рамантычнымі юнацкімі ідэаламі… ну, вы зразумелі. Што можа быць важнейшым за загад? Што можа быць важнейшым за стабільнасць сістэмы?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ТК / Белсат

Прабач мяне, Аркадзь Гайдар, што выкарыстоўваю тваю светлую аповесць у сваіх чорных справах! Але і ты, калі яе пісаў у далёкім 1940 годзе, таксама не заўважаў масавых рэпрэсіяў, ГУЛАГу, жахлівае фінскае вайны і… сваіх цімураўцаў, шмат хто з якіх ператварыўся ў пачвараў…

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў