Ціханоўскую вывезлі ў Літву. Але што гэта мяняе?

Прадстаўнікі беларускіх уладаў на працягу трох гадзін сустрэчы ў Цэнтрвыбаркаме тлумачылі Святлане Ціханоўскай, чаму ёй трэба пакінуць краіну. Яны не сказалі ёй толькі таго, што адразу пасля яе ад’езду пачнецца актыўная кампанія па яе дыскрэдытацыі. Па дыскрэдытацыі жанчыны, якая мужна трымалася падчас апошніх трох месяцаў, выклікала да сябе павагу і давер шматлікіх сотняў тысяч людзей.

Hавiны
Святлана Ціханоўская з’ехала ў Літву. Яе вывезлі беларускія ўлады
2020.08.11 10:07

І што змянілася?

Было зразумела, што ў Ціханоўскай ёсць «хворае» месца – яе дзеці. Як бы яна ні была ўпэўненая ў тым, што ў Літве ім нічога не пагражае, любая маці палічыла б за лепшае заставацца з дзецьмі.

Нават калі гаворка ідзе пра нешта большае, чым яе ўласнае жыццё і лёс. Хутчэй за ўсё, націснулі менавіта на гэта «хворае» месца. Калі-небудзь Святлана Георгіеўна раскажа пра гэта і назаве імёны і пасады тых, хто прапанаваў ёй гэты варыянт развіцця падзеяў і арганізаваў яго.

Але для вуліцы нічога не змянілася.

Пратэстоўцы выходзяць на вуліцу не за добрую «царыцу», а супраць звар’яцелага дыктатара. Яны выходзяць на вуліцу за свабоду. За сваю свабоду. За будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў. За права ажыццяўляць свой выбар без гвалту. Ціханоўская – толькі сімвал, не больш. Гэта было зразумела з самага пачатку. Так што для вуліцы і для пратэстоўцаў нічога не змянілася. Сімвал можа знаходзіцца дзе заўгодна – важна разуменне, штó менавіта ён сімвалізуе. Свабоду.

Hавiны
Два дні пратэстаў у Беларусі ў 5 стрымах. ВІДЭА
2020.08.11 03:10

Але ад’езд Ціханоўскай азначае яшчэ і тое, што ўлады губляюць механізм сілавога ўздзеяння. Людзі працягваюць выходзіць. Ціханоўская была апошнім козырам. І калі гэтая стаўка не згуляе, калі яе не атрымаецца скампраметаваць, застаецца адно. Выкананне волі пратэстоўцаў.

Перавыбары без Ярмошынай і Лукашэнкі. Альтэрнатывай гэтаму – усё больш відавочнай альтэрнатывай – становіцца вялікая кроў, якой ніхто не хоча і ўсе баяцца.

У астатнім – нічога не змянілася.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў