Ціханоўская заклікала ўлады да дыялогу і анасавала стварэнне Каардынацыйнай рады


Святлана Ціханоўская заявіла, што яе штаб працягвае працаваць. Кандыдат на прэзідэнта заявіла, што пацвярджае паўнамоцтвы Вольгі Кавальковай і Мікалая Казлова як давераных асобаў, якія будуць каардынаваць дзеянне штаба ў Беларусі.

Святлана Ціханоўская ў сваім звароце заявіла, што гатовая да дыялогу з уладамі.

«З улікам таго, што адбываецца ў краіне і неабходнасці прыняцця неадкладных мер для аднаўлення законнасці ў Беларусі, я, Святлана Ціханоўская, ініцыюю стварэнне Каардынацыйнай рады дзеля забеспячэння трансферу ўлады. У гэтую раду могуць увайсці прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці, паважаныя і вядомыя беларусы, прафесіяналы сваёй справы. Я даручаю сваёй даверанай асобе Вользе Кавальковай і адвакату Максіму Знаку прымаць заяўкі аб вылучэнні сябраў рады ад арганізацыяў і аб’яднанняў грамадзянаў.

Дзякуй усім людзям, усім арганізацыям, якія падтрымалі мяне і гатовыя дапамагчы ў перамовах.

Я прашу вас абʼяднацца ў каардынацыйную раду. Нам вельмі патрэбная ваша дапамога і досвед. Нам патрэбныя вашы сувязі, кантакты, экспертныя саветы і падтрыманне. У гэтую каардынацыйную раду павінныя ўвайсці ўсе, хто зацікаўлены ў дыялогу і мірнай перадачы ўлады – працоўныя калектывы, партыі, прафсаюзы і іншыя арганізацыі грамадзянскай супольнасці.

Я звяртаюся да міжнароднай супольнасці, еўрапейскіх краінаў з просьбай дапамагчы нам у арганізацыі дыялогу з беларускімі ўладамі.

Я захапляюся беларусамі. Дзякуй, мае дарагія! Мы зрабілі немагчымае. Мы паказалі, што нас большасць. І гэтая краіна належыць нам, народу Беларусі, а не аднаму чалавеку.

Я выказваю спачуванне кожнаму пацярпеламу ў гэтыя дні, кожнай сямʼі. Мне было вельмі цяжка глядзець на той гвалт, у які ўлады кінулі нашы гарады за апошні тыдзень. Гэтага ніколі не павінна паўтарыцца.

Улады павінныя паказаць гатовасць да дыялогу з народам.

Гэта значыць, адпусціць усіх затрыманых.

Гэта значыць, прыбраць з вуліц гарадоў АМАП і войскі.

Гэта значыць распачаць крымінальныя справы супраць тых, хто аддаваў злачынныя загады збіваць і страляць у людзей.

Я звяртаюся да мэраў гарадоў. Выйдзіце і пачніце размаўляць, слухаць людзей. Гэта ў вашых кампетэнцыі арганізаваць законныя і мірныя мітынгі на плошчах гарадоў.

Я звяртаюся да працаўнікоў міліцыі, арміі і іншых сілавікоў. Не выконвайце злачынных загадаў. Размаўляйце з вашым начальствам, спыніце кровапраліцце. Вы давалі прысягу служыць Рэспубліцы Беларусь і свайму народу. Мы, людзі, будзем удзячныя кожнаму, хто стане на бок народа».

ВІДЭА
Святлана Ціханоўская звярнулася да беларусаў
2020.08.14 13:14

СК belsat.eu

Стужка навінаў