Ціханоўская заклікала Еўразвяз паспяшацца з эканамічнымі санкцыямі


Святлана Ціханоўская 18 лістапада наведала Швецыю, дзе сустрэлася з кіраўніцтвам краіны, паведамляе тэлеграм-канал экс-кандыдаткі ў прэзідэнты.

Палітык сустрэлася са спікерам шведскага парламента і лідарамі МЗС Швецыі. Яна заклікала Швецыю пераарыентаваць праграмы фінансавай дапамогі, каб яны паступалі не рэжыму Лукашэнкі, а грамадзянскай супольнасці. Гаворка ідзе пра € 24 млн, якія плануецца накіраваць на дапамогу страйкоўцам, журналістам, актывістам, праваабаронцам і ўсім ініцыятывах, якія змагаюцца за свабоду Беларусі.

Святлана Ціханоўская ў Швецыі.
Фота: t.me/tsikhanouskaya

На сустрэчы са шведскімі парламентарыямі Ціханоўская абмеркавала падтрымку сярэднетэрміновай праграмы стабілізацыі перад новымі выбарамі ў Беларусі. Гэтая праграма – да € 150 мільёнаў – уключае ў сябе дапамогу малому бізнесу, рабочым, студэнтам і ўсім, хто трапіў пад рэпрэсіі.

Шведскія дэпутаты абяцалі падтрыманне ў пытанні адмены ці пераносу Чэмпіянату свету па хакеі з Беларусі і ціску на кампаніі, якія працягваюць супрацу з прадпрыемствамі рэжыму, рэпрэсуюць страйкоўцаў.

Ціханоўская паведаміла, што перадала ў Брусель Спіс Тарайкоўскага і заклікала ЕЗ увесці санкцыі, у тым ліку, эканамічныя, супраць прадпрыемстваў, звязаных з Лукашэнкам. 19 лістапада ЕЗ будзе разглядаць гэтае пытанне. Святлана зрабіла акцэнт, што дапамогу грамадзянскай супольнасці Беларусі, як і санкцыі, – гэта вельмі тэрміновыя пытанні.

«Кожны дзень прамаруджання – гэта дзясяткі збітых, параненых і, магчыма, забітых. Мы разлічваем на адзінагалосную пазіцыю ўсіх краін, для якіх важныя правы чалавека і дэмакратыя», – сказала яна.

На сустрэчы з прэм’ер-міністрам Швецыі Стэфанам Лёвэнам былі абмеркаваныя падзеі на «Беларуськаліі» і «Горадня-Азоце».

Святлана расказала пра сітуацыю ў Новай Баравой з перакрыццем вады і ацяплення. Яна назвала гэта дзяржаўным тэрорам і заклікала Швецыю адрэагаваць на злачынствы супраць чалавечнасці і ўводзіць новыя санкцыі. Бакі таксама абмеркавалі забойства Рамана Бандарэнкі, знішчэнне мемарыяла ў яго гонар і магчымую ролю паслоў дыпмісіяў, якія застаюцца ў Беларусі, – як яны могуць дапамагчы і папярэдзіць падобныя дзеянні рэжыму.

Газеты Швецыі.
Фота: nashaniva.by

Адзначым, што спартовыя газеты Швецыі сёння выйшлі з матэрыяламі на галоўных старонках пра забойства Бандарэнкі і магчымую датычнасць да гэтага кіраўніка Федэрацыі хакею Беларусі Дзмітрыя Баскава.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў