«Света! Света!» Ціханоўская, Цапкала і Калеснікава ў Бабруйску. СТРЫМ


Аб’яднаны штаб наведвае трэці горад за дзень.

Святлана Ціханоўская, кандыдатка на прэзідэнцтва, разам з паплечніцамі Веранікай Цапкалай і Марыяй Калеснікавай прыехалі ў Бабруйск, дзе ладзяць агітацыйны пікет. Гэта трэці горад за дзень, які яны наведваюць 25 ліпеня. Раней пікеты ладзіліся ў Воршы і Магілёве.

Пачатак пікету ў Бабруйску быў прызначаны на 21:00 на стадыёне на вуліцы Урыцкага.

Фота: Belsat.eu

Фота: Belsat.eu

Ад самага пачатку быў запоўнены амаль увесь стадыён. Прыйшлі каля 2000 чалавек. Ва ўсіх шмат нацыянальнай сімволікі.

Фота: Belsat.eu

Калі на пікеце з’явіліся Святлана Ціханоўская, Вераніка Цапкала і Марыя Калеснікава, натоўп пачаў скандаваць «Света! Света!» Як і на мінулых пікетах кандыдатку на прэзідэнцтва і прадстаўніц аб’яднанага штабу суправаджае ахова.

Фота: Belsat.eu
Вераніка Цапкала, Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава.
Фота: Belsat.eu

«Мне так шкада, што мы так нізка знаходзімся і я не магу пабачыць усіх. Сябры на галёрцы, вы мяне чуеце?» – запытала Святлана.

Натоўп у адказ пачаў скандаваць «Малайчына, малайчына!»

Святлана Ціханоўская. Бабруйск, 25 ліпеня.
Фота: Belsat.eu

Святлана распачала ўжо традыцыйную сваю прамову пра мужа-блогера, Сяргея Ціханоўскага, пра тое, як ён пабачыў праблемы беларускага народу, пра тое, які ціск на яго аказваўся. Святлана распавядае, як улады спужаліся папулярнасці блогера і самой Святланы і нагадвае, як Сяргея ў выніку правакацыі ў Горадні затрымалі.

«Мяне да гэтага падштурхнула каханне. Мой муж быў за кратамі, і я падала дакументы дзеля яго. Я разумела, што людзі ставілі подпіс за мяне, бачачы шырокую спіну Сяргея за мной«.

Людзі крычаць: «Маладзец, мы з табой!»

Пікет Святланы Ціханоўскай у Бабруйску, 25 ліпеня.
Фота: Belsat.eu

«Вы заслугоўваеце лепшага жыцця. Сяргей сядзіць зараз за ўсіх вас», – кажа Святлана Ціханоўская.

«Свабоду! Свабоду!» – крычыць натоўп.

«Свабоду ўсім палітвязням», – кажа Святлана Ціханоўская.

Пікет Святланы Ціханоўскай у Бабруйску, 25 ліпеня.
Фота: Belsat.eu

«Улады выкінулі вашыя галасы ў сметніцу. Вас для ўладаў няма», – сказала Ціханоўская, нагадаўшы, як скасавалі подпісы Валера Цапкалы ў ЦВК.

Далей выступае прадстаўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава. Яна пачала сваю прамову па-беларуску.

«Вы неверагодныя! Дзякуй за тое, што прыйшлі. Бабруйск з намі, Ізраіль з намі!» – кажа Марыя Калеснікава. Далей яна працягнула звяртацца да натоўпу па-расейску.

Перш за ўсё яна падзякавала фабрыцы «Славянка», якая шыла маскі. Узгадала пра тое, як Лукашэнка назваў Бабруйск брудным як свінарнік.

«Як толькі нас не абзывалі за 26 гадоў, мы больш не будзем гэта трываць!»

Фота: Belsat.eu

«Не бойцеся АМАПу і аўтазакаў. Аўтазак – гэта проста машына. Мы баімся машын?»

Людзі крычаць: «Не!»

«Амапаўцы – гэта проста людзі. Мы баімся людзей?»

«Не!» – крычыць натоўп.

Марыя Калеснікава.
Фота: Belsat.eu
Вядучы пікету папрасіў людзей уключыць ліхтарыкі на тэлефонах.
Фота: Belsat.eu
Фота: Belsat.eu

«Мы хочам, каб нашыя пенсіянеры жылі як на Захадзе ці нават лепш. Каб яны маглі з’ездзіць у падарожжа», – кажа Вераніка Цапкала, прадстаўніца штабу Валера Цапкалы.

Фота: Belsat.eu

Вераніка Цапкала кажа, што трэба зрабіць, каб адбыліся сумленныя выбары: не хадзіць на датэрміновае галасаванне, апранаць белыя бранзалеты (каб паказаць прыхільнасць да каманды Ціханоўскай) і ўдзельнічаць у кампаніі «Сумленныя людзі» па электроннаму падліку галасоў.

Фота: Belsat.eu

Пікет аб’яднаных штабоў скончаны. Людзі спяваюць «Тры чарапахі» і паціху разыходзяцца.

Стужка навінаў