Ціханоўская не плануе браць удзелу ў наступных выбарах у Беларусі і ўхваляе санкцыі


Святлана Ціханоўская на сустрэчы з кіраўніцтвам Эстоніі.
Фота: тэлеграм-канал @tsikhanouskaya

Экс-кандыдатка на прэзідэнцтва Святлана Ціханоўская заявіла, што не плануе браць удзелу ў наступных выбарах у Беларусі і запрапанавала пашырыць санкцыйныя захады супраць беларускіх структураў улады, паведамляе «Interfax».

«Раней гвалт супраць нязгодных быў фізічны. Цяпер у турмах застаюцца не толькі палітычныя вязні, але і людзі, якім не выстаўленыя абвінавачанні. Можа быць, іх не катуюць, але яны пакутуюць у турмах штодзень», – заявіла яна на прэс-канферэнцыі ў Талліне.

Святлана Ціханоўская перакананая, што ў санкцыйны спіс трэба ўвесці не толькі найвышэйшыя чыны, а таксама суддзяў, работнікаў сілавых структураў, якія збівалі людзей: «Перад тым, як збіваць, яны мусяць зразумець, што іхныя дзеці нічога не здолеюць зрабіць у Еўропе».

На ейную думку, санкцыі эфектыўна ўздзейнічаюць на ўладу, а міністр замежных справаў Эстоніі Урмас Рэйнсалу, які браў удзел у канферэнцыі онлайн, выказаў меркаванне, што «санкцыі працуюць: яны паказалі крохкасць рэжыму Лукашэнкі». Міністр лічыць, што Захаду варта падтрымліваць выразную палітычную пазіцыю, пры якой адзінае выйсце – новыя празрыстыя выбары.

Ціханоўская таксама дадала: «На гэты момант я не буду браць удзелу ў наступных выбарах».

На сустрэчы з прэм’ерміністрам і кіраўніком МЗС Эстоні Ціханоўская абмеркавала 4-ы пакет санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму, пра які будуць гаварыць на наступным тыдні ў Брусэлі, а таксама закранула правядзенне пасяджэння Савета бяспекі ААН на тэму Беларусі і падтрымку Эстоніяй адукацыйных і медыйных праектаў, ініцыятыў, звязаных з Беларуссю, агульнай складанасцю на 1 мільён еўра.

Таксама ў Таллінне Святлане Ціханоўскай уручылі першую дзяржузнагароду – крыж за заслугі перад Эстоніяй. Медаль уручыў кіраўнік МЗС балтыйскай рэспублікі Урмас Рейнсалу. Міністр адзначыў уклад Ціханоўскай у барацьбу за свабоду Беларусі.

МГМ, Belsat

Стужка навінаў