Ціханоўскай дазволілі праводзіць агітацыю ў Гомельскай вобласці толькі ў вызначаны час


Штаб кандыдаткі на прэзідэнцтва кажа, што ёй дазволілі праводзіць пікеты толькі раніцаю або пад ноч, паведамляе «Радыё Свабода».

Давераная асоба Святланы Ціханоўскай Юры Ўласаў кажа, што райвыканкамы Гомельскай вобласці яму сказалі, што праводзіць агітацыйныя пікеты можна або з 8 да 12 гадзінаў раніцы. Гэткая сітуацыя склалася ў Гомлі, Добрушы і Жлобіне.

«Нават у выходны дзень! Хто прыйдзе на пікет у будзённы ці выходны дзень а 8-й раніцы? У выканкамах тлумачаць, што іншы, пазнейшы час ужо заняты даверанай асобай іншага кандыдата, Аляксандра Лукашэнкі. Гэта генеральны дырэктар ААТ «Спартак« Алег Жыдкоў», – цытуе Уласава «Свабода».

Адзіны зарэгістраваны пікет у Ціханоўскай у Гомельскай вобласці адбудзецца ў Буда-Кашалёве а 21-ай гадзіне. Цягнуцца ён будзе аж да 22:00.

Фота: Belsat.eu

Здзек над агітацыяй

Уладзімір Лабковіч, каардынатар кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», кажа, што такія пастановы абсалютна не адпавядаюць выбарчаму заканадаўству.

Аб’ектыў
Агітацыя з абмежаваннямі
2020.07.09 23:00

«Мала таго, што яны не дазволілі праводзіць пікеты ў людных месцах, дык яшчэ і абмяжоўваюць агітацыю часам».

Праваабаронца нагадвае, што агітацыйныя мерапрыемствы павінны адбывацца ў тыя часы, якія вызначаныя заканадаўствам: з 8 да 22 гадзінаў. А такія забароны – формы здзеку над агітацыяй і кандыдатамі.

«Разлік уладаў на аб’ектыўныя абставіны: нехта працуе, нехта не мае з кім пакінуць дзіця. Улады імкнуцца зменшыць колькасць людзей на пікетах вось такімі незаконнымі спосабамі».

КТ belsat.eu

Стужка навінаў