Ці знайшоў бяздомнік дачку? Рэпартаж-эксперымент «Белсату»


Віктар – бяздомнік, яму 54 гады. Ён жыве ў былым Доме дзіцячай творчасці, памяшканне якога служыць сталоўкаю для жабракоў, дапамагае ў кухні. Мужчына марыць сустрэцца са сваёй дачкою, цяпер ужо дарослай, якую ён бачыў апошні раз дзяўчынкаю. Ці падорыць лёс яму такі шанец?

Усе сваякі ад Віктара адвярнуліся. За плячыма ў яго два няўдалыя шлюбы. Сястра з мужам, у якіх ён шукаў прытулку дзесяць гадоў таму, калі сышоў ад другой жонкі, адправілі яго ў дом начнога побыту. Летам Віктар жыў у лесе.

Мужчына выпадкова сустрэўся са здымачнаю групаю «Белсату», якая шукала герояў для рэпартажу-эксперыменту сярод бяздомнікаў. Планавалі героя памыць, пераапрануць і ўладкаваць на працу. Але план праваліўся. Кожны бадзяга, які сустракаўся, шукаў манету, а не працу. Ніхто з іх не жадаў змяніць свайго жыцця, але толькі не Віктар.

Віктар пастанавіў не ўпусціць шанцу на перамену і пагадзіўся на эксперымент, каб споўніць сваю мару ды сустрэцца з дачкою.

Перад важнаю сустрэчаю герой рэпартажу едзе ў вёску, у дом, дзе прайшло ягонае дзяцінства. Перад уваходам на ганак усцяж вісіць падкова, якую прыбіў калісьці Віктар. Ці прынясе яна ўдачу мужчыну? Ці прыйдзе дачка Віктара на сустрэчу з бацькам, якога амаль не памятае? Ці не спалохаецца Віктар? Глядзіце ў новым рэпартажы «Белсату» аўтараў Ганны Галёты ды Арцёма Бардоўскага «Сустрэча?» (відэа вышэй).

 

Стужка навінаў