Ці заўважылі на Захадзе контрсанкцыі Лукашэнкі?


Вакол нашай краіны веюць вятры геапалітычнай барацьбы, а Польшча, Літва, Украіна ЗША ды, магчыма, яшчэ нейкія дзяржавы спяць і мараць змяніць уладу ў Беларусі. Гэтак можна сцісла падсумаваць аўторкавае паседжанне вертыкалі ў справах замежнай палітыкі і наагул тое, як улады разумеюць сітуацыю ў краіне. Лукашэнка зноў з кімсьці ваюе, зноў уводзіць рашучыя санкцыі, якіх ніхто не заўважае… Але пры гэтым усё яшчэ моцна трымаецца за ўладу. Пра спробу наступу афіцыйнага Менску на замежным кірунку – у матэрыяле з праграмы «ПраСвет».

Усё як звычайна. Бяззменны кіраўнік распавядае пра ворагаў па ўсе бакі дзяржаўнае мяжы. Бліжэйшыя суседзі – Польшча і Літва – ужо не першы дзясятак гадоў намагаюцца зрынуць законную ўладу ў Менску.

«Супраць нас зноўку ўводзяць санкцыі. Таму прашу далажыць, якія крокі зробленыя ў адказ і якія нашыя планы ў дачыненні Польшчы і Прыбалтыкі», – абураецца Аляксандр Лукашэнка.

Крокі і планы, відаць, даволі сціплыя. Генпракуратура патрабуе ў Польшчы выдачы аўтараў тэлеграм-каналу «Нехта», а міністр замежных справаў пасля паседжання заявіў аб зніжэнні ўзроўню сяброўства Беларусі ўва «Усходнім партнёрстве». Ініцыятыва, што мае паглыбляць інтэграцыю Аб’яднанай Еўропы з шасцю постсавецкімі краінамі, прызнаная шкоднай, і Менск застаецца ў ёй выключна на гэтак званым экспертным узроўні. Гэта ці не адзіны, слушны з гледзішча вертыкалі, крок.

Каментуе палітолаг Вольга Харламава:

«Макей – добры спецыяліст. Можна колькі заўгодна абмяркоўваць ягоныя чалавечыя і маральныя якасці, але спецыяліст ён неверагодны – з чуйкай. Гэтая заява толькі крышачку апярэдзіла заяву «Усходняга партнёрства».

Hавiны
Нават 20 тысячаў жаўнераў ЗША можна будзе перакінуць у Польшчу
2020.11.16 08:06

Бо ў адказ на словы Макея Служба замежных дзеянняў Еўразвязу заявіла, што дыялог паміж Бруселем і Менскам быў ужо дэ-факта зніжаны да размоваў экспертаў. Але лічыцца тое, хто гучней хлопне дзвярыма. Плюс галоўнаму і адзінаму хаўрусніку, што сядзіць у Крамлі, было прадэманстраванае сімвалічнае завяршэнне славутай беларускай палітычнай шматвектарнасці. На гэтым удалыя крокі беларускай дыпламатыі канчаюцца. Бо тых жа заяваў пра санкцыі нашыя суседзі сур’ёзна не ўспрымаюць.

Марус Лаўрынавічус, Віленскі інстытут палітычнага аналізу:

«Усе па баках азіраюцца: дзе тыя санкцыі Лукашэнкі? Штосьці нічога не бачна. Гэты рэжым рэзка трымаецца на нагах. Ну, смешна. Такая форма самасцвярджэння, маўляў – вось, я штосьці магу. Ды не можа гэты рэжым ужо нічога».

У адказ на крытыку з украінскага боку таксама гучаць рашучыя… абразы з вуснаў Лукашэнкі:

«Груба скажу: чыя б карова мычала, Зяленскага б – маўчала!»

Гучаць даволі абсурдныя пагрозы пра закрыццё межаў для ўкраінскіх тавараў – з аглядкай на Крэмль. Маўляў, пакуль мы межы адкрытымі трымаем – у Расею санкцыйныя тавары праходзяць. То бок Менск прызнаецца галоўнаму хаўрусніку, што спрыяе фактычна кантрабандзе. Назіральнікі махаюць рукою.

Вольга Харламава, палітолаг:

«Гэта будуць гучныя заявы. Гэта не будуць нейкія рэальныя ці эканамічныя рашэнні. Тое ж тычыцца і Літвы. Для Літвы адносіны былі перадусім эканамічныя. Нават будаўніцтва АЭС сапсавала адносіны, але ніяк не ўплывала на дамоўленасці – на выкарыстанне таго ж самага Клайпедскага порту».

Hавiны
Ці Еўразвяз заблакуе электрычнасць з БелАЭС?
2020.11.14 09:32

А цяпер нават заяваў пра перанос беларускіх грузаў з Клайпеды ў Калінінград ужо не чуваць. Але калі ў вонкавай палітыцы рэжым Лукашэнкі на гэты момант мала што з сябе ўяўляе, унутраныя праблемы ўсё ж удаецца стрымліваць. Цаной росту дзяржаўнага тэрору і новых ахвяраў – мяркуюць эксперты.

Каментуе Вадзім Валавы, старэйшы адмысловец Цэнтру геапалітычных даследаванняў, Вільня:

«Ён стабілізаваў сваю сітуацыю і ўмацаваў яе. Таму нельга сказаць, што ягоная сітуацыя пагаршаецца. Яна стабілізавалася і, магчыма, нават паляпшаецца».

Калі паслухаць самога Лукашэнку, то сапраўды – самы цяжкі перыяд скончаны:

«Бліцкрыг. Бліцкрыг не ўдаецца. Прапанавалі пералічыць галасы, калі мы сказалі: давайце пералічваць – ужо неактуальна. Іх дзеянні, наступныя патрабаванні – добраахвотная здача краіны. І іх дзеянні – жорсткая радыкалізацыя».

Некаторыя назіральнікі кажуць, што Лукашэнка перабывае ў інфармацыйным вакууме і не ведае, што адбываецца ў краіне. Або проста хлусіць – невядома, што горай. Тым не менш, апошнімі тыднямі з прычыны жорсткіх дзеянняў сілавікоў пратэсты не выглядаюць гэтак масава, як раней, хаця іх інтэнсіўнасць пакуль не зменшылася. Але калі ўлады змогуць сапраўды задушыць пратэсты, ці зможа Менск з часам правярнуць чарговую адлігу ды ізноў вярнуцца да размоваў з Захадам?

Валерыя Касцюгова, галоўная рэдактарка інтэрнэт-выдання «Наше мнение»:

«Без нейкіх вельмі відавочных крокаў Менску для разрадкі сітуацыі – вярнуцца ўжо нельга. А такімі крокамі могуць быць толькі вызваленне палітвязняў і прыпыненне гвалту ў Менску і Беларусі».

Сёння ўлады на такое пайсці відавочна не гатовыя. Адзіны інструмент ува ўнутрыпалітычных справах – гвалт і дзяржаўны тэрор. Пакуль працуе, але і гэтага відавочна недастаткова. На пагрозы, што ляцяць ува ўсе бакі, акрамя Усходу, – таксама ніхто не звяртае ўвагі. Тут у Лукашэнкі застаўся толькі адзін козыр у рукаве.

Валерыя Касцюгова:

«Фактычна адзіныя пагрозы, што можна рэалізаваць, – гэта тыя, што накіраваныя на ўзмацненне рэпрэсіяў супраць беларускага народу. І так, гэта сапраўды адчувальныя рэчы».

Што можа адказаць Захад на сітуацыю, калі народ фактычна трымаюць у закладніках? Пакуль нічога. Як бы ні гучала, але на шчасце ў нашай краіне далёка не той узровень гвалту, у адказ на які б можна было чакаць нейкага міжнароднага ўмяшання. Еўропа прапануе дапамогу, гэтак званы план Маршала для Беларусі. Але іншым – дэмакратычна абраным уладам.

Усевалад Шлыкаў для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: KACPER PEMPEL / Reuters / Forum

 

Стужка навінаў