Ці запросяць Лукашэнку ў Польшчу?




Н
ебывалы паводле ўзроўню візіт дэлегацыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Польшча на чале з Міхаілам Мясніковічам, кіраўніком Савету Рэспублікі, пачынаецца сёння. Запланаваныя сустрэчы на самым высокім узроўні: з польскімі прэзідэнтам і прэмʼерам. І ўсё гэта на фоне саюзнага ціску з боку Масквы. Аб праблемах і выкліках суседскіх дачыненняў – інтэрв’ю з журналістам «Dziennik Gazeta Prawna» Міхалам Патоцкім.

Хто ініцыятар гэтага даволі вялікага візіту беларускай дэлегацыі ў Польшчу?

Насамрэч можна сказаць, хто пастанавіў падняць узровень гэтага візіту. З самага пачатку прапаноўвалі, каб Мясніковіч сустрэўся са старшынём нашага Сенату, то бок Сенат у нас як Рада Рэспублікі. Але насамрэч польскі бок прапанаваў крыху павысіць узровень гэтага візіту. Аказваецца, Мясніковіч сустрэнецца з усімі значнымі палітыкамі.

Такога ўжо даўно не было.

Вельмі даўно такога не было. Прэзідэнт, прэмʼер-міністр, старшыня Сейму, старшыня Сенату, гэта значыць насамрэч з усімі. З першаю чацвёркаю польскіх палітыкаў. Такога мы не бачылі вельмі даўно.

Гістарычны візіт. І з чым гэта звязана? Чаго мы можам чакаць? Такі моцны жэст да беларусаў.

Гэта праўда. Я б звязваў гэта з дачыненнямі Беларусі і Расеі.

Гэты ціск, які мы назіраем ужо некалькі тыдняў з боку Расеі на Беларусь. Польскі бок бачыць гэта. Мы таксама непакоімся за будучыню Беларусі.

І калі ёсць магчымасць, каб неяк даведацца ад найбліжэйшых прэзідэнтаў, ад Лукашэнкі, прадстаўнікоў беларускай палітыкі, то трэба такую спробу зрабіць.

Інтерв’ю
Мясніковіч распавёў пра беларуска-польскія стасункі напярэдадні візіту ў Варшаву
2019.02.11 12:58

То бок ворага трэба трымаць блізка. Мы не можам Беларусь называць ворагам Польшчы, але каб разумець, што адбываецца бліжэй. На гэта накіраваныя перамовы, але, вядома, мы не можам абмінуць і таго, што ў нашых двухбаковых дачыненнях вельмі шмат праблемаў. Гэта праблемы польскай меншасці, з польскім ксяндзамі, якіх высылаюць, шэраг іншых пытанняў. Ці польскі бок будзе нешта рабіць, каб развязваць гэтае пытанне?

Напэўна, так. Пагатоў мы з 2016 года спрабавалі крыху перазагрузіць дачыненні паміж Беларуссю і Польшчаю. Гэта не зусім удалося насамрэч.

Было вельмі шмат розных візітаў – і польскіх палітыкаў у Беларусь, і беларускіх у Польшчу. Але нейкіх вялікіх поспехаў няма.

Напэўна, мы ўжо не разлічваем на нейкія велізарныя поспехі, але тыя балючыя праблемы, якія ёсць у нашых стасунках, пра іх таксама мы будзем гаварыць з Міхаілам Мясніковічам.

Якія гэта галоўныя праблемы? Давайце іх назавем. І што рэальна можна было б змяніць?

Па-першае, дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі. Як мы ведаем, ёсць два кіраўніцтвы гэтага саюзу. Адно прызнаецца Польшчаю, другое прызнаецца беларускім урадам. Тут мы ўжо не разлічваем на тое, што неяк удасца абʼяднаць гэтае кіраўніцтва, але хаця б каб не ціснулі на тых палякаў, якія спрабуюць незалежна ад беларускіх уладаў нешта рабіць. Мы таксама бачылі, што былі імпрэзы, якім улады Беларусі перашкаджалі апошнім часам. Хаця б каб гэтага не было. Па-першае, сапраўды праблемы з польскімі ксяндзамі, якія працуюць у Беларусі, і іх спрабуюць па адным з Беларусі справадзіць. Гэта таксама праблема, якую наш урад бачыць, і нам не хацелася б, каб гэта паўтаралася. Насамрэч гэта дзве праблемы, якія ў нас ёсць.

Калі мы гаворым пра эканамічную супрацу, то таксама прапаноўвалася ў 2016 годзе, што мы будзем інвеставаць у беларускія прадпрыемствы, што, магчыма, некаторыя прадпрыемствы ўвойдуць на польскую біржу. Але тут нічога не ўдалося. Па-мойму, гэта ўжо таксама такая мара, якая не споўніцца.

Hавiны
Саюз палякаў Беларусі: улада дыскрымінуе і парушае правы польскай меншасці
2019.01.29 12:48

То бок разлічваць на тое, што эканамічныя стасункі будуць развівацца, пакуль не выпадае, але бакі будуць спрабаваць неяк развязваць дыпламатычныя праблемы. Тут вельмі важна падкрэсліць, што Міхаіл Мясніковіч паедзе на Беласточчыну сустракацца з беларускаю меншасцю. То бок робіць такі сіметрычны крок вось тут. Што гэта азначае?

Гэта зусім нармальная зʼява, калі прыязджаюць палітыкі…

Але не заўсёды яны гэта рабілі.

Гэта праўда, але, напэўна, для беларускай меншасці гэта значны крок, бо сапраўды не ўсе беларускія палітыкі, якія прыязджалі ў Польшчу, сустракаліся з прадстаўнікамі свайго ж народу. У нас тут жывуць сотні тысяч беларусаў, асабліва на Беласточчыне. Напэўна, гэта таксама такі сімвалічны крок. І важны.

Ці Мясніковіч – адпаведная асоба, з якою палякі могуць весці перамовы? Мы памятаем, што амаль роўна два гады таму Мясніковіч на сустрэчы з польскім міністрам крытыкаваў карту паляка. Гэта таксама вельмі балючае пытанне для ўладаў Беларусі. І нават беларускім чыноўнікам забаронена атрымоўваць карты паляка. Ці сапраўды Мясніковіч зможа быць той асобай, якая будзе спрабаваць нешта пераламаць?

Мы выдатна разумеем, што парламент у Беларусі не асабліва важны орган дзяржаўнай улады. Па-другое, Савет Рэспублікі тым больш.

З гэтага пункту гледзішча, вядома, Мясніковіч не вельмі значная фігура ў беларускай палітыцы. Але калі мы возьмем нефармальны ўплыў Мясніковіча, ён больш за дваццаць гадоў належаў да самых блізкіх Лукашэнку палітыкаў.

І ўсцяж трымаецца.

І насамрэч мы добра памятаем, што Мясніковіч быў прэмʼер-міністрам, старшынём адміністрацыі Лукашэнкі з самага пачатку.

Я думаю, што нефармальны ўплыў Мясніковіча нашмат важнейшы, чымся ягонае фармальнае месца ў гэтай іерархіі ўладаў Беларусі.

А калі казаць пра карту паляка, Мясніковіч не адзіны беларускі палітык, які крытыкаваў яе. Мы разумеем, што гэта пазіцыя ўладаў Беларусі, і, напэўна, таксама пра гэта будзем размаўляць падчас гэтага візіту.

ВІДЭА
«Вельмі цёплы чалавек». Польшча цягне Лукашэнку на Захад
2016.12.10 14:11

Мы таксама сочым за тым, што адбываецца ў беларускай амбасадзе ў Варшаве. Ужо вядома, што будзе новы амбасадар. Можа, ёсць нейкія звесткі, хто гэта можа быць і хто бы быў належнай асобаю?

Гэта права Беларусі прызначаць тых амбасадараў, якіх яна лічаць патрэбнымі. Я не ведаю, хто будзе новым амбасадарам Беларусі ў Варшаве. Можна, вядома, спадзявацца, што гэта будзе чалавек, які здолее дапамагчы дамаўляцца там, дзе можам дамаўляцца, і там, дзе гэта ёсць важным з пункту гледзішча нацыянальных інтарэсаў Польшчы ды Беларусі.

І такія моманты яшчэ ёсць. Ці мы можам уявіць такую сітуацыю, пры якой Аляксандр Лукашэнка мог бы прыехаць з нейкім візітам у Польшчу?

Пра гэта сапраўды кажуць у кулуарах. Кажуць, што, магчыма, такі візіт можа адбыцца. І гэта сапраўды быў бы значны крок.

Ніколі яшчэ афіцыйнага візіту беларускага кіраўніка не было. Гэта было звязана і з палітычнымі працэсамі ў Беларусі: спачатку пабудова дыктатуры, потым аўтарытарныя практыкі ўладаў Беларусі, санкцыі, якія Польшча прапаноўвала ў Еўразвязе.

Калі б Лукашэнка прыехаў у Польшчу з візітам, гэта сапраўды быў бы сімвалічны канец прасанкцыйнай палітыкі Польшчы ў дачыненні Беларусі і ўладаў Беларусі. Але я не думаю, што на сёння гэта стоадсоткавы факт, што Лукашэнка прыедзе ў Польшчу. Напэўна, яшчэ доўга давядзецца нашым і вашым уладам гэтага чакаць.

Якая гэта магла б быць падзея, на якой мог бы папрысутнічаць Лукашэнка?

Я думаю, што 1 верасня 2019 года будзем адзначаць круглую дату – гадавіну пачатку Другое сусветнае вайны. Вядома, рыхтаванне да гэтай урачыстасці ўжо ідзе не першы месяц.

Гэта, вядома, быў бы неафіцыйны візіт Лукашэнкі ў Польшчу, калі б адбыўся. Я не кажу, што гэтак будзе. Але, магчыма, можам разлічваць, што будзе зробленая нейкая спроба запрасіць яго ў Польшчу.

Калі вы спытаеце, ці магчыма гэта, я скажу, што магчыма. Але ці будзе так – паглядзім.

То бок хутчэй за ўсё могуць запрасіць Аляксандра Лукашэнку, а прыедзе Міхаіл Мясніковіч?

Паглядзім, гэта таксама магчыма. Або прэмʼер-міністр.

Пакуль мы назіраем, што Расея вельмі моцна ўзялася за інтэграцыю ў межах Саюзнай дзяржавы, Польшча самая працягвае руку Беларусі і хоча яе наблізіць да сябе. Ці мы можам чакаць нейкіх такіх рухаў з боку Еўразвязу?

Вядома, так, але трэба разумець, што тут няма нейкіх сумневаў. Мы выдатна разумеем, што фармальна Беларусь – вайсковы саюзнік Расеі. Адзіны вайсковы саюзнік Расеі ў Еўропе.

Ніхто не чакае, што Беларусь праз дзень памяняе свае вектары вонкавай палітыкі ды будзе інтэгравацца з Захадам і NATO. На гэта ніхто не разлічвае.

Але калі ёсць гэткі рэзкі ціск з боку Расеі, мы таксама добра разумеем: чым больш Беларусь будзе неяк бараніцца перад гэтым ціскам, тым лепш і з нашага пункту гледзішча. З гледзішча нашай нацыянальнай бяспекі.

Таксама гэта лепей з пункту гледзішча нашай незалежнасці, якую яшчэ мае Беларусь.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык:

Стужка навінаў