Ці ёсць сэрцы ў прэзідэнтаў?

На прэс-канферэнцыі, што адбылася ў апошні дзень зімы 2018 году ў «Містецьком арсенале» у Кіеве, прэзідэнт Украіны шчыра прызнаўся:

– Я не Гасподзь Бог. Я не ведаю, хто забіў Паўла Шарамета, але ў мяне таксама баліць сэрца, як і ў вас…

У гэтым выказванні Пятра Парашэнкі дзве інфармацыйныя нагоды для журналістаў, якія маюць патрэбу ў неадкладнай перадачы інфармацыі ў рэдакцыі. А дакладней, тры, а не дзве.

Першая – прэзідэнт Украіны не ведае, хто забіў Паўла Шарамета. Можна здагадвацца, чаму не ведае, і ці ведае што-небудзь пра гэта следства, і ці следства інфармуе пра сваё веданне (ці няведанне, што таксама верагодна) кіраўніка ўкраінскай дзяржавы. Але сказаў шчыра. Не ведае.

Другая – у прэзідэнтаў ёсць сэрца. А вось мы, грэшнай справаю, думалі, што яны – каменныя. Яшчэ, скажам, Парашэнка – ён можа неяк апраўдваць сябе тым, што ідзе вайна і, калі ён аддае загад адправіць чарговую групу вайскоўцаў у зону антытэрарыстычнай арганізацыі, глынае заспакаяльныя кроплі і рыхтуецца паставіць свой подпіс пад аналагічным дакументам у чарговы раз. Але ў Лукашэнкі дзе яно, калі ён падпісвае адмову ў памілаванні асуджанага да смяротнага пакарання? Ён апраўдвае сябе тым, што такая воля народа? Але ён не горш за мяне ведае, шляхам якіх маніпуляцыяў атрымалі рашэнне на тым рэферэндуме. Тады – дзе апраўданне?

А! Я зразумеў! Трэці тэзіс Пятра Парашэнкі абвяшчае:

– Я не Гасподзь Бог.

Вось яно як проста. Ён не Бог. Яны – не Бог. Значыць, яны не могуць быць ні усёведаючымі, ні ўсяміласцівымі. А ўсёмагутнасці ў іх роўна ў тых межах, у якіх яны паспяваюць яе сабе ўрваць перад тым, як народ апрытомнее.

І калі яны – не ўсе, вядома, але некаторыя – сур’ёзна перакананыя, што атрымалі права распараджацца жыццём і смерцю людзей, і што адказу за гэта трымаць яны не будуць ніколі.

Разуменне таго, што адказ трымаць прыйдзецца, ёсць моцны абмежавальнік для тых, хто ўжо лічыць: калі Бога няма, то асабіста мне ўсё дазволена. Не ўсё дазволена. І адказваць усё адно прыйдзецца. Некаторым – пры жыцці. Некаторым – потым, калі іх сын пачне выкідаць іхны прах з магілы – памятаеце, быў такі фільм у Тэнгіза Абуладзэ, «Пакаянне»? Ах, не памятаеце… Культурны цэнз для кандыдатаў на вышэйшую службовую пасаду ў дзяржаве, на жаль, не ўведзены. І культуры для іх – не існуе.

Як і Бога для іх няма.

Для іх ёсць толькі яны самі. І тое – да пары…

Божа, даруй ім, бо Ты ёсць. І Ты дакладна ведаеш, што яны – не Ты.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў