Ці ёсць мяжа?

Калі заўтра мы прачнёмся ў еўрапейскай «Паўночнай Карэі», у мяне пытанне: хто паверыць у рэальнасць таго, што адбылося і адбываецца навокал? І ці трэба задумвацца, ці лепей сысці ад пытання?

У мяне пытанне да людзей, якія цяпер рэпрэзентуюць уладу: вы сапраўды верыце ў тое, што вашыя суграмадзяне-іншадумцы – злыдні? Вы шчыра верыце ў тое, што нас трэба загнаць пад плінтус? Вы верыце ў тое, што мы хочам разбурыць гэтую краіну? Бо калі вы шчыра ў гэта верыце, то заўтра вы пачняце пляскаць у далоні на паказальных судах. Сёння вы адмоўчваецеся. А прыйдзецца выходзіць на трыбуны і пляскаць у далоні. Больш за тое, вам прыйдзецца казаць гнеўныя прамовы, кляйміць ворагаў. Вам прыйдзецца далей гуляцца ў нянавісць да нас, нават паверыць у шчырасць гэтай нянавісці. Вы сапраўды цяпер нас ненавідзіце? І ў выніку вам жа прыйдзецца падпісваць расстрэльныя пратаколы! Мы ж усё гэта праходзілі.

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Няхай гісторыя і лічыцца ўмоўнай навукай, але ж яна нам заўсёды паказвала нашыя шляхі ў будучыні. Бо людзі з часоў Хрыста не змяніліся. Улады з часоў Рымскай імперыі не эвалюцыянавалі.

Заўтра прыйдуць за вамі. Гэта не пагроза. Не мы прыйдзем. Нас ужо не будзе. Прыйдуць тыя, што побач з вамі, – такія, як і вы, але больш нахабныя, больш жорсткія, больш беспрынцыпныя. Калі вы пасадзіце за краты ўсіх «нячэсных» журналістаў, калі зломяць ногі ўсім пратэставым актывістам, калі ўсе «няправільныя» блогеры будуць вывучаць турэмны жаргон, вы павінны зразумець, што Сістэме не будзе каго жэрці. І ёй прыйдзецца жэрці сябе самую. Бо жорны немагчыма будзе спыніць. Як жа добра, дакладна спета: «Круцяцца жорны!»

Фота: Аліса Ганчар / Belsat.eu

Дый Бог з вамі! Займайцеся і надалей рацыяналізацыяй і адмаўленнем! У якой краіне заўтра прачнуцца вашыя дзеткі? Не нашыя. Нашыя ўжо запісаныя вамі ў непаўнавартыя і няправільныя. А вось вашыя дзеткі, калі ў іх прачнуцца сумленне і пачуццё годнасці – на той момант яшчэ будуць існаваць такія паняцці, як годнасць і сумленне?

І калі б Бог існаваў, то ён даўно не звяртаў бы ўвагі на Беларусь. Тут ужо забыліся звяртаць увагу на людзей, не тое што на Бога. На Беларусі Бог памёр! Дзякуй вам! Больш няма ніякіх межаў…

Алесь Дзянісаў belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў