Заўтра, 19 красавіка, Аляксандр Лукашэнка мусіць звярнуцца з традыцыйным пасланнем да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Звычайна падчас такіх зваротаў кіраўнік дзяржавы падводзіць вынікі папярэдняга года ды абвяшчае задачы на будучыню. Belsat.eu разбіраўся, якія задачы Лукашэнка ставіў падчас мінулых пасланняў і ці былі яны выкананыя.
Адразу папярэдзім: мы не імкнуліся праналізаваць усё, што казаў Лукашэнка падчас гэтых прамоваў. Большасць заданняў і абяцанняў даваліся ў самых агульных выразах, таму спраўдзіць іх выканання фактычна немагчыма – або гаворка ідзе пра ацэначныя катэгорыі, або адпаведнай статыстыкі ў адкрытых крыніцах проста не існуе. Таму мы вырашылі засяродзіцца на тых канкрэтных абяцаннях, якія спраўдзіць вельмі лёгка.
Заданне органам улады
Рост спажывецкіх цэнаў цягам года не мусіць перавысіць прагнозныя 12%. «Лепш, калі ён (рост цэнаў – заўв. belsat.eu) будзе каля 10%», – удакладніў задачу Лукашэнка.
Ці вырашана задача?
Не. Рост цэнаў на ўзроўні 10-12% быў недасягальнай мэтай для беларускіх уладаў цягам наступных двух гадоў. Інфляцыя ў 2013 годзе склала 16,5%, у 2014 годзе – 16,2% і толькі па выніках 2015-м дасягнула паказніка ў 12%.
Заданне органам улады
Вырашаць праблему пенсійнай сістэмы ў трох напрамках:
Пра павышэнне пенсійнага ўзросту гаворкі не ішло. Лукашэнка ў тыя часы сцвярджаў, што людзі не хочуць павышэння пенсійнага ўзросту, а ён нібыта не можа ісці насуперак волі народу. «Вы бачыце, што працоўных рук становіцца менш, пенсіянераў досыць шмат. Ведаеце гэтыя суадносіны. Нідзе ў свеце пакуль не знойдзена аптымальнага спосабу рашэння падобнай праблемы. І нам тут не трэба бегчы наперадзе паравоза», – казаў Лукашэнка.
Ці вырашана задача?
Не. 11 красавіка 2016 года Лукашэнка падпіша ўказ №137, які прадугледжвае паэтапнае штогадовае павышэнне пенсійнага ўзросту. У выніку з 2022 года жанчыны будуць выходзіць на пенсію з 58 гадоў, мужчыны – з 63-х. Калі ў 2014-м Лукашэнка казаў, што ў плане вырашэнне праблемаў пенсійнай сістэмы «не трэба бегчы наперадзе паравозу», то ў 2016-м падчас паслання народу і Нацыянальнага сходу заклікаў прызнаць, што «мы пляцёмся ў хвасце падзеяў».
Заданне органам улады
«У наступным годзе мы ўводзім мараторый на рост колькасці і ставак падаткаў», – казаў Лукашэнка.
Ці вырашана задача?
Не. Напрыклад, з 2017 года стаўка адзінага падатку для іпэшнікаў і фізічных асобаў у Менску вырасла на 12%, з 2018 года – яшчэ на 7,4%. Падатак на дададзеную вартасць на паслугі сувязі вырасце з 20 да 25%.
У лістападзе 2017 года Лукашэнка падпіша дэкрэт №7, які прадугледжвае мараторый на павышэнне падаткаў да 2020 года, але ўжо ў пачатку 2019 года стаўкі падаткаў зноў праіндэксавалі на 5,3%. Праўда, улады тлумачаць, што павышэнне звязанае выключна з інфляцыйнымі працэсамі, таму мараторыю гэта нібыта не супярэчыць.
Заданне органам улады
Знайсці працу для кожнага звольненнага працаўніка. «На кожнае скарочанае месца павінна быць створана новае, больш прадукцыйнае!.. Я казаў гэта проста: калі раптам на МАЗе, БелАЗ, МТЗ або іншых прадпрыемствах адбываецца аптымізацыя і вызваляецца энная колькасць працаўнікоў, то гэтых людзей кіраўнікі павінны ўзяць за руку, перавесці праз дарогу і працаўладкаваць (разам з мясцовымі органамі ўлады) на новым працоўным месцы, а не выкідаць на вуліцу! Я гэта кажу не ў першы раз, але спагнанне за гэта ў гэтым годзе будзе жорсткім!», – абяцаў Лукашэнка.
Ці вырашана задача?
Не. Паводле Белстату, у 2016 годзе ў арганізацыях Беларусі было звольнена 720,6 тысяч чалавек, а працаўладкавана толькі 613,3 тысяч. То бок на 100 звольненых прыпадала 85,1 прынятых на працу. Вырашыць задачу не атрымалася і ў наступныя гады. У 2017 годзе звольнілі 694 306 чалавек, а прынялі на працу – 656 193 (розніца – 38 113). У 2018 годзе звольнілі 715 436 чалавек, а працаўладкавалі 673 447 (перавышэнне звольненых над прынятымі – 41 989).
Заданне органам улады
Дасягнуць сярэдняга заробку па Беларусі ў памеры не менш за 1000 рублёў да канца 2017 года. «Некаторыя адказныя асобы ў размовах, як я ўжо згадваў, паміж сабой называюць гэтую лічбу непад’ёмнай. Хачу перасцерагчы некаторых ад упадніцкіх заяваў», – казаў Лукашэнка.
Ці вырашана задача?
Не. Намінальны сярэдні заробак па Беларусі ў снежні 2017 года склаў 995,3 рубля. Прычым відавочна, што чыноўнікі спяшаліся палепшыць статыстыку ўсімі магчымымі сродкамі. На момант красавіцкага паслання Лукашэнкі сярэдні заробак складаў 777 рублёў і да лістапада 2017 года ён павысіўя толькі на 59,9 рублёў. То бок даходы раслі ў сярэднім на 8,5 рублёў у месяц. А за снежань тэмпы росту выраслі ў 18,5 разоў, адразу павялічыўшыся на 158,4 рубля. З пачаткам 2018 года сярэдні заробак беларусаў стаў падаць: у студзені 981,6 рубля, у лютым – 977,6. Скарыць узровень у 1000 рублёў атрымаецца толькі ў кастрычніку 2018 года (999,7 рублёў), у снежні сярэдні заробак дасягне 1115,3 рублёў. Аднак у пачатку 2019 года заробкі зноў пойдуць уніз. Тысячы рублёў няма дагэтуль: за люты 2019 года сярэдні заробак па краіне склаў 977,6 рублёў.
Задача органам улады
Утрымаць інфляцыю на ўзроўні 5-6% у год. «Хочаце – рынкавымі спосабамі, хочаце – іншымі, але павінен быць вынік і праблема павінна вырашацца», – казаў Лукашэнка.
Ці вырашана задача?
Так. Нарэшце, словы Лукашэнкі не разышліся са справамі: па выніках 2018 года інфляцыя склала 5,6%. За апошнія 20 гадоў толькі аднойчы ў Беларусі інфляцыя была ніжэйшая за гэты паказнік – у 2017 годзе яна склала 4,6%.
ІІ belsat.eu