Ці варта Беларусі шукаць новых стратэгічных партнёраў на замену Расеі?


Якія наступствы для Беларусі можа мець транзіт улады ў Расеі? Ці пагроза страты суверэнітэту мінула? Можа, гэта добры час, каб пашукаць менш небяспечнага стратэгічнага партнёра? Але якія перашкоды ёсць на гэтым шляху?

Якія змены прынясе транзіт улады?

Палітолаг Павел Усаў мяркуе, што нейкіх радыкальных зменаў у палітычнай сістэме ці замежнай палітыцы ў Расеі не адбудзецца:

«Тое, што адбываецца ў Расеі, – гэта выпрацоўванне нейкіх механізмаў захавання ўлады ў межах кіроўнай групы ФСБ-КГБ, якая прыйшла да ўлады з Пуціным у 2000 годзе. Пакуль не адбудзецца рэальнай дэмакратызацыі ў Расеі, для Беларусі будзе сур’ёзная пагроза з усходу і заўсёды будзе захоўвацца пагроза страты незалежнасці».

На станоўчыя для Беларусі моманты, якія ёсць у гэтай сітуацыі, звяртае ўвагу філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Мы можам не звяртаць увагі на тое, што робяць у Расеі, а самым вызначаць свой лёс, пакуль яны займаюцца сваймі справамі».

Як спадабацца ЗША?

На некаторыя вынікі візіту Майкла Пампэа ў Беларусь звяртае ўвагу эканамічны аглядальнік парталу «Белрынок» Таццяна Манёнак. Яна адзначае, што цяпер, калі Беларусь рыхтуецца ўступіць у Сусветную гандлёвую арганізацыю, вялікае значэнне мае статус эканомікі краіны, які раней вызначаўся як «пераходная эканоміка». Вынікам пацяплення стасункаў можа быць змена статусу на «рынкавую».

«Ужо вядома, што профільныя арганізацыі Злучаных Штатаў Амерыкі пачалі перагляд гэтага статусу і, магчыма, Беларусь атрымае статус краіны з рынкавай эканомікаю, што вельмі важна для краіны, якая ўступае ў такую сусветную арганізацыю», – кажа Таццяна Манёнак.

Але экспертка ў міжнародным праве Аляксандра Багуслаўская падкрэслівае: гаворка хутчэй не пра ўсталяванне добрых стасункаў, а пра іх нармалізацыю, бо ЗША вельмі непакоіць сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі.

«Гэта для Кітаю ў Беларусі зусім неістотныя правы чалавека, дэмакратыя ды звязаныя з гэтым пытанні. Але ЗША ўсцяж звяртаюць на гэта ўвагу, – сцвярджае Аляксандра Багуслаўская. – І нават сам Пампэа падчас візіту гаварыў, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пакуль недастаткова [добрая. – Заўвага belsat.eu], каб ЗША знялі санкцыі з Беларусі».

Ці магчымая супраца з Еўразвязам?

Дырэктар інстытуту палітычных даследаванняў «Палітычная сфера» Андрэй Казакевіч думае, што Еўразвяз больш памяркоўны ў пытаннях парушэння правоў чалавека ў Беларусі, бо ўхваляе змены, якія адбыліся за апошні час:

«Сітуацыя з правамі чалавека не ёсць на гэты момант вялікаю перашкодаю, бо збольшага еўрапейскія структуры задаволеныя тым прагрэсам у гэтай галіне, які адбыўся за апошнія 3-5 гадоў».

Але дырэктар Цэнтру стратэгічных і вонкавапалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі звяртае ўвагу на адсутнасць інстытуцыйнага фундаменту гэткіх стасункаў, што можа стацца перашкодай у супрацы з Еўразвязам.

«Мы сёння не можам падпісаць тых сектаральных дакументаў, якія прадугледжаныя нават ініцыятывай «Усходняе партнёрства», – тлумачыць Арсеній Сівіцкі. – І ў першую чаргу гэта звязана з пазіцыяй Літвы, якая блакуе падпісанне гэтых дакументаў з-за будаўніцтва Беларускай атамнай станцыі ў Астраўцы».

ВІДЭА
Лукашэнка шукае новага спонсара. Ці паверыць яму Захад?
2020.03.07 09:05

Ці можа Кітай заняць месца Расеі?

Кітаязнаўца Вольга Кулай характарызуе беларуска-кітайскія стасункі наступным чынам. Кітай для Беларусі – крыніца фінансавання, а развіццё дачыненняў з ім – інструмент дыверсіфікацыі. Сам жа Кітай зацікаўлены ў прысутнасці ў рэгіёне. Акрамя таго, паглыбленне стасункаў – дадатковы аргумент у перамовах з Расеяй:

«Беларускі бок пачаў выкарыстоўваць гэты беларуска-кітайскі наратыў у кантэксце перамоў з Расеяй», – кажа адмыслоўца.

Тым не менш, Вольга Кулай падкрэслівае: гісторыя расейска-беларускіх дачыненняў значна багацейшая за гісторыю стасункаў кітайска-беларускіх, таму і беларускі бок, і кітайскі разумеюць, што найбліжэйшым часам Кітай не здолее заняць месца Расеі.

ВІДЭА
Кітай ратуе Лукашэнку
2019.12.24 06:10

Каго ж выбраць?

Арсеній Сівіцкі характарызуе сённяшнюю сітуацыю як тупік: кожны са стратэгічных партнёраў Беларусі патрабуе саступак. Розніца ў тым, што саступкі Расеі могуць прывесці да страты суверэнітэту, у адрозненне ад саступак іншым краінам. Але ён звяртае ўвагу, што ёсць і другі бок медаля:

«Гэты тупік – гэта таксама і магчымасці, каб пераканфігураваць нашую знешнюю палітыку і ў тым ліку стасункі з Расейскаю Федэрацыяй».

Праграма «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Калаж з фота: president.gov.by

Стужка навінаў